Суббота, 16 декабря 2017

Лысковский аптекарь: «Медик обязан помогать людям даже ночью!»

420

Лыскаўская аптэка, бадай, нічым не саступае гарадскім: ні пералікам лекавых прэпаратаў, якія тут ёсць у асартыменце, ні ўтульнасцю, створанай у памяшканні, ні атмасферай добразычлівасці, якую вось ужо каля трыццаці гадоў падтрымлівае Святлана Гавейна.

Шмат гадоў таму дзед параіў юнай Святлане, якая вось-вось павінна была атрымаць школьны атэстат: «Звяжы свой лёс з высакароднай справай — медыцынскай. Выбар, вядома, за табой, але мне вельмі хацелася б, каб мая ўнучка стала зубным урачом альбо аптэкарам». Дзяўчына спыніла свой выбар на апошнім.

У 1983 годзе, калі скончыла Магілёўскае медыцынскае вучылішча, Святлана Фёдараўна атрымала размеркаванне ў Лыскава. Як прызнаецца сёння, думала, што едзе на некалькі гадоў, але засталася на ўсё жыццё. З той пары прайшло столькі часу, што мясцовыя людзі ставяцца да Святланы Фёдараўны як да сваёй, карэннай. Зразумела, такія адносіны да сябе трэба было заслужыць. У С.Ф. Гавейна гэта атрымалася дзякуючы слушным парадам, бескарыслівай дапамозе і разуменню чужой бяды.

— Аптэкар — той жа медык, а значыць павінен дапамагаць людзям, — разважае Святлана Фёдараўна. — Людзі прыходзяць да мяне са сваімі балячкамі, таму іншы раз даводзіцца даваць медыцынскую кансультацыю як доктару, да якога ідуць на прыём. Бывае, па параду звяртаюцца нават ноччу.

Сама С.Ф.Гавейна прызнаецца, што за столькі гадоў добра вывучыла мясцовых людзей і іх хваробы, што і без слоў разумее, па якія лекі да яе завітаў той ці іншы чалавек.

Гадоў шэсць таму аптэка пераехала ў новае, адрамантаванае памяшканне, якое размешчана ў цэнтры аграгарадка — за некалькі метраў ад аб’язной дарогі вакол Белавежскай пушчы. І цяпер паслугамі вопытнай загадчыцы сельскай аптэкі нярэдка карыстаюцца нават тыя, хто прыязджае ў вёску.

Марына Вакульская,

фота Сяргея Талашкевіча

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *