Суббота, 31 октября 2020

Он спас человека и получил заслуженную награду

1 503

Мінулы цёплы сезон не прайшоў без трагічных выпадкаў на вадзе: у раёне загінулі тры чалавекі. Практычна ўсе яны былі ў стане моцнага алкагольнага ап’янення. І гэтая сумная статыстыка, як зазначае старшыня раённай арганізацыі таварыства выратавання на водах Ю.М.Амельянчук, магла б яшчэ папоўніцца. Па той жа прычыне. 

Вечарам другога жніўня на беразе гарадскога басейна адпачывала кампанія. Як водзіцца, пасля выпітага захацелася памерацца спрытам, «у каго рукі даўжэйшыя і дужэйшыя». Жыхар в.Стараволя вырашыў у якасці доказу сваёй сілы пераплыць вадаём. І калі вяртаўся назад, то сілы пакінулі яго: мужчына пачаў тануць. Ніхто з кампаніі не адважыўся ратаваць таварыша, і толькі невядомы гараджанін кінуўся на дапамогу пацярпеламу. Як потым стала вядома, Д.В.Шчарбук разам з сям’ёй гуляў уздоўж басейна і калі заўважыў надзвычайную сітуацыю, то, не задумваючыся, паплыў ратаваць чалавека. Той ужо знік з паверхні вадаёма, і Дзмітрыю давялося двойчы ныраць, каб знайсці тапельца на дне. Мужчына не падаваў прыкмет жыцця, і на беразе выратавальнік аказаў яму першую медыцынскую дапамогу, запусціў сэрца пацярпелага зноў. Аднак перажытае не прайшло без наступстваў, і выратаваны, перад тым, як пайсці на папраўку, правёў у рэанімацыі каля дзесяці дзён у коме.

Учынак гараджаніна не застаўся незаўважаным. Абласны савет таварыства выратавання на водах прыняў рашэнне ўзнагародзіць Дзмітрыя Віктаравіча граматай і грашовай прэміяй. Аб гэтым старшыня раённай арганізацыі Ю.М.Амельянчук паведаміў на ўрачыстым сходзе калектыву ўчастка «Добраўпарадкаванне» КУВП «Камунальнік», дзе працуе Д.В.Шчарбук, і ўручыў выратавальніку заслужаную ўзнагароду. Герой урачыстасці расказаў, што не мог павесці сябе інакш, хаця пазней, як прызнаўся, палохалі думкі пра тое, што мог не паспець або не справіцца. Кветкі і падарунак ад калектыву паднеслі Дзмітрыю і яго калегі. А намеснік дырэктара КУВП «Камунальнік» В.І.Казлоў паведаміў аб прынятым рашэнні кіраўніцтва прадпрыемства прэміраваць свайго работніка за такі годны ўчынак.

Алег Сідарэнка.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Один комментарий

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *