Воскресенье, 23 сентября 2018

ОАО «Пружанское»: «На витамины налегай!»

544

ААТ «Пружанскае» — адзіная гаспадарка ў раёне, якая спецыялізуецца на вырошчванні агародніны. Апошнія гады пад агароднымі культурамі тут занята паўсотні гектараў. Сёлета вырошчваліся традыцыйныя морква, буракі і капуста.

— У бягучым годзе ў нас пад сталовымі буракамі было занята 25 гектараў зямель, пад морквай —15, пад капустай — 10 гектараў, — гаворыць галоўны аграном сельгаспрадпрыемства П.В.Федасюк.

Вырошчванне і асабліва ўборка агародніны — справа працаёмкая, якая патрабуе рабочых рук. Нават нягледзячы на тое, што гаспадарка некалькі гадоў таму набыла камбайн для механізаванай уборкі морквы і буракоў.

Што датычыцца сёлетняга ўраджаю агародніны, то ён у параўнанні з мінулым годам  атрымаўся больш важкім. Калі ў мінулым годзе капуста не ўдалася, то сёлета гэта культура радуе вока.

— Нам вельмі дапамаглі летнія дажджы, — зазначае Пётр Васільевіч. — У засушлівае надвор’е вельмі складана без паліву разлічваць на добры ўраджай агародніны.

Самае важнае для гаспадаркі — збыт вырашчанай прадукцыі. Частка яе закладваецца ў стабілізацыйны фонд і прадаецца на восеньскіх кірмашах у Пружанах і Брэсце. Трапляе вітамінная прадукцыя ў школы і дзіцячыя садкі горада. А вось перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці пакуль не вельмі зацікаўлены ў набыцці агародніны.

Але гэта таксама не бяда. Частка агародніны будзе захавана да вясны ў сховішчы з рэгуляваным мікракліматам. І хаця падобная тэхналогія каштуе нятанна, усё робіцца для таго, каб на стале жыхароў раёна хапала патрэбных вітамінаў і ў зімовы перыяд.

Апошнім часам у гаспадарцы займаюцца таксама вырошчваннем бульбы. Сёлета бульбяныя плантацыі займалі  2 гектары. Атрымана 52 тоны клубняў пры ўраджайнасці 260 цэнтнераў з гектара. Высаджваўся сорт «брыз». Бульбу гэтага сорту паспяхова куплялі на кірмашах у Брэсце.

Кожнаму з нас вядомы смак страў, прыгатаваных з агародніны. Самае галоўнае — своечасова яе назапасіць на зімовы перыяд. І тут на дапамогу заўсёды прыйдуць агароднінаводы з ААТ «Пружанскае».

На здымку: убіраць агародніну дапамагаюць работнікі філіяла Аранчыцкага збожжапрыёмнага прадпрыемства ААТ «Баранавіцкі камбінат хлебапрадуктаў»; уборка морквы паблізу вёскі Семянча-1.

Мікола АРХУЦІК,

Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *