Четверг, 24 мая 2018

Поддержим благотворительную акцию «Вторые руки»! Добро — в добрый путь!

457

Штогод, асабліва пры надыходзе халадоў, кожная гаспадыня праводзіць рэвізію старых, непатрэбных рэчаў. Толькі не кажыце, што ў вас іх няма! Калі добра абследаваць верхнія паліцы шафаў ці гарышча, напэўна, знойдуцца рэчы з катэгорыі «ці мала што»: куртка для лесу, джынсы для агарода, капялюшык для велапрагулкі… Што з імі рабіць? Зноў схаваць або вызваліць месца для новых пакупак? Мы хочам падказаць вам адзін някепскі варыянт. Зрабіце добрую справу: аддайце гэтыя рэчы тым, хто ў іх мае патрэбу!

Што можна зрабіць з непатрэбнымі рэчамі?

  • Прынесці рэчы ў Пружанскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай абароны насельніцтва, які рэгулярна праводзіць акцыю «Другія рукі» (гл. ніжэй).
  • Аддаць валанцёрам «Чырвонага Крыжа», якія ў рамках рэспубліканскай дабрачыннай кампаніі праводзяць аналагічную акцыю “Клопат”. Рэчы збіраюцца па адрасе: г. Пружаны, вул. Лазо, 6 (будынак Пружанскага сельсавета). Тэлефоны для даведак: 2-12-09 і 8 (029) 208-78-25.
  • Прынесці ў храм. Практычна пры кожнай пружанскай царкве існуе пункт збору рэчаў для насельнікаў манастыроў і малазабяспечаных людзей. У прыватнасці, у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы пад кіраўніцтвам іерэя Георгія Арабея, які цесна супрацоўнічае з тэрытарыяльным цэнтрам, збор рэчаў праводзіцца рэгулярна.

Акцыя «Другія рукі» рэгулярна ладзіцца ў многіх гарадах Беларусі. Пра асаблівасці яе правядзення ў Пружанскім раёне нам расказала загадчыца аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (далей — ТЦСАН) Алена Валер’еўна Сямёнава.

— Сапраўды, ужо каторы год, нароўні з іншымі сацыяльнымі службамі раёна, тэрытарыяльны цэнтр прымае ад насельніцтва розныя рэчы для аказання дабрачыннай дапамогі людзям, якія жывуць у нястачы. Падчас акцыі мы збіраем любое (новае або паношанае) дарослае і дзіцячае адзенне: касцюмы, штаны, спадніцы, сукенкі, джэмперы, курткі, паліто і многае іншае. Таксама прымаем рабочую бытавую тэхніку і электрапрыборы, мэблю, веласіпеды, дзіцячыя каляскі, посуд, кнігі і іншыя неабходныя ў побыце рэчы. Па аб’ектыўных прычынах мы не можам прыняць ніжняй бялізны, панчошна-шкарпэтачных вырабаў, галаўных убораў, пальчатак, абутку і мяккіх цацак.

— Але перш чым аддаць рэч, яе трэба прывесці ў парадак…

 

— Вядома, трэба паважаць тых, каму збіраецеся дапамагчы. Усе рэчы павінны быць прыдатныя для выкарыстання: адрамантаваныя, памытыя і пры неабходнасці папрасаваныя. Не трэба забываць, што перадаюцца яны такім жа людзям, як і мы, толькі абставіны іх жыцця склаліся асаблівым чынам. Пагадзіцеся, нескладана ж праверыць гузікі, кнопкі і замкі, зашыць дзірачкі ці здаць верхнюю вопратку ў хімчыстку.

— А хто валодае правам на атрыманне гуманітарнай дапамогі, і якімі дакументамі рэгулюецца ўвесь працэс збору-выдачы?

— Уся працэдура адкрытая: рэчы прымаюцца ад насельніцтва і перадаюцца маламаёмным па актах прыёму-перадачы. Мы вядзём улік такіх грамадзян, таму запэўніваем, што сабраная дапамога не пераходзіць у рукі недабрасумленных людзей.

На дапамогу цэнтра могуць разлічваць малазабяспечаныя (даход якiх не перавышае памер бюджэту пражытачнага мінімуму – БПМ) і сацыяльна неабароненыя грамадзяне, такія як:

— інваліды 1 і 2 групы, адзінокія непрацуючыя інваліды 3 групы, якія атрымліваюць сацыяльную пенсію;

—адзінокія і адзінока пражываючыя пенсіянеры і сямейныя пары пенсіённага ўзросту (у тым ліку грамадзяне, якія стаяць на абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі);

—шматдзетныя і няпоўныя сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей;

—сем’і, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, адзін з бацькоў якіх з’яўляецца інвалідам 1 або 2 групы;

—сем’і, якія маюць у сваім складзе непрацуючых інвалідаў 1, 2 групы, дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў;

—апякунскія і прыёмныя сем’і (асобы, афіцыйна прызначаныя тым ці іншым дзяржаўным органам);

—дзеці-сіроты і асобы, якія засталіся без апекі бацькоў ва ўзросце да 23 гадоў;

—працаздольныя грамадзяне, якія ажыццяўляюць догляд за дзецьмі-інвалідамі ва ўзросце да 18 гадоў, інвалідамі 1 групы або асобай, якая дасягнула 80-гадовага ўзросту і мае патрэбу ў чужой дапамозе;

—беспрацоўныя грамадзяне, якія стаяць на ўліку ў дзяржаўнай службе занятасці не менш за тры месяцы і выконваюць абавязкі беспрацоўнага;

—сем’і студэнтаў, якія навучаюцца на дзённым аддзяленні і маюць дзяцей непаўналетняга ўзросту;

—праблемныя сем’і і грамадзяне, якія трапілі ў крызісную сітуацыю (пажар, паводка, крадзеж, хвароба і інш.);

—грамадзяне, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і не маюць даходаў на працягу аднаго месяца з дня вызвалення.

— Выходзіць, астатнія, хто мае даход вышэйшы за БПМ, на дабрачынную дапамогу разлічваць не могуць?

— У парадку выключэння, пры выяўленні вострай патрэбы чалавека, спецыяльная камісія па прыёмцы і размеркаванні рэчаў мае права прыняць рашэнне аб аказанні яму гуманітарнай дапамогі.

— Якія дакументы ў любым выпадку неабходна прад‘явіць для яе атрымання?

— У ТЦСАН падаецца заява разам з дакументам, што засведчвае асобу, а таксама дакумент устаноўленага ўзору аб праве на льготы. Працаздольныя грамадзяне прыкладаюць таксама звесткі аб даходах кожнага працаздольнага члена сям’і за месяц, які папярэднічае месяцу звароту.

Акрамя таго, на працягу трох рабочых дзён з дня падачы заявы работнікі тэрытарыяльнага цэнтра запытваюць у дзяржаўных органаў i iншых арганiзацый даведкі аб месцы жыхарства і складзе сям’і, а таксама аб памеры атрыманай пенсіі за месяц, папярэднi звароту (для непрацаздольных грамадзян). Пры жаданні грамадзяне маюць права самі сабраць неабходныя дакументы.

— А як часта малазабяспечаныя людзі могуць звяртацца да вас па дапамогу?

— Такія грамадзяне маюць права атрымліваць гуманітарную дапамогу па меры неабходнасці, але пры адной умове — наяўнасці рэчаў у “гуманітарным банку”! Таму звяртаемся да неабыякавых людзей: падтрымайце нашы намаганні! Прыносьце непатрэбныя вам рэчы, каб дадаць кропельку дабрыні ў гэты свет.

Мы вас чакаем па адрасе:

г. Пружаны, вул. Кастрычніцкая, 104 а.

Час працы: 8.00 – 17.00,

перапынак: 13.00 – 14.00.

Выхадны: субота, нядзеля

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *