Вторник, 18 сентября 2018

Секреты семейной жизни от «бриллиантовых» юбиляров: доверяйте и уважайте.

412

Нічога дзіўнага няма ў тым, калі сустракаеш у жыцці каханне: мы ўсе яго плады. Але захаваць гэтае падоранае Богам пачуццё і пранесці праз гадоў так шэсцьдзясят — не кожнаму пад сілу. А вось мужу і жонцы Фасевічам з г.п. Шарашэва гэта ўдалося. Нядаўна сярод дзяцей, унукаў, праўнукаў і сяброў  яны адзначылі сваё «брыльянтавае» вяселле.

Паўла Іванавіча і Ангеліну Станіславаўну ў нашым раёне ведаюць многія, іх любяць і паважаюць не толькі пажылыя жыхары пасёлка, але і моладзь. Да нядаўняга часу ні адно мерапрыемства, ні адзін тэматычны вечар ці канцэрт у Шарашэве не абыходзіўся без удзелу гэтай сям’і.  Каго б вы думалі?  Кінамеханікаў! Больш за паўстагоддзя гэтыя людзі добрасумленна служылі вялікаму мастацтву — кіно, дапамагаючы гледачам акунуцца ў выдуманы свет іскрамётнай кінакамедыі, неймавернай фантастыкі і казачнага кахання. Пры гэтым рэальная гісторыя іх жыцця можа легчы ў аснову найцікавейшага сцэнарыя пра каханне, дабрыню і вернасць…

Першая серыя

У дзіцячай біяграфіі Ангеліны Станіславаўны складаных і заблытаных віткоў больш, чым у кінастужцы, наматанай на бабіну. І ўсе яны прасякнуты слязьмі і смуткам. Дзяўчынка Аля, якая нарадзілася 80 гадоў таму ў сям’і прафесійных  леснікоў-тэхнікаў з Белавежскай пушчы, з пяці гадоў засталася круглай сіратой. Першым сышоў тата. Прызваны ў польскае войска, ён загінуў у верасні 1939 года, абараняючы г. Львоў, акружаны атрадамі Чырвонай Арміі. Мама, партызанская сувязная, загінула ў 1942 годзе, яшчэ паспеўшы перад смерцю пакласці ў Альцын боцік запіску для партызан… Пяцігадовая дзяўчынка страціла ўсё. Не маючы даху над галавой, без дакументаў і ежы, яна стала бадзяцца па дварах, з вёскі ў вёску, але «лішні рот» нікому не быў патрэбны. Беспрытульную дзяўчынку накіравалі ў дзіцячы дом, і небарака мучылася там да таго часу, пакуль яе не забрала да сябе ў в. Белы Лясок матчына сяброўка. І любіла гэтая жанчына Алечку, і песціла…

— Але я ўсё ніяк не магла забыць сваю маму, якая загінула ў мяне на вачах. І словам гэтым святым — мама — назвала сваю выратавальніцу толькі праз некалькі гадоў, – не стрымліваючы слёз, успамінае пра сваё гаротнае дзяцінства Ангеліна Станіславаўна…

Пасля заканчэння васьмі класаў школы Аля паехала ў Мінск вучыцца ў Рэспубліканскай школе кінамеха-нікаў. Праўда, спачатку яе, маленькую і далікатную дзяўчыну, не жадалі прымаць: сумняваліся, ці ўтрымае разам са штатывам камеру. Але потым дырэктар, які засядаў у прыёмнай камісіі, вынес станоўчы вердыкт. Прынялі, і ні разу не пашкадавалі: з Ангеліны Улезла  атрымаўся цудоўны спецыяліст. Але пра кіно крыху пазней…

Другая серыя

Паўлу Іванавічу, мужу Ангеліны Станіславаўны, у дзяцінстве пашанцавала значна больш, чым яго палавінцы: біяграфія мужчыны прамая і гладкая, як кінаплёнка. Нарадзіўся ў 1935 годзе ў шматдзетнай сям’і шарашэўскага селяніна, які належаў вялікаму і дружнаму роду Фасевічаў: дзядзькі і цёткі, браты і сёстры заўсёды былі гатовыя прыйсці на дапамогу роднаму хлопчыку. Сам ён, майстар на ўсе рукі, стараўся выконваць усю тэхнічную працу.

Па заканчэнні васьмі класаў адразу пайшоў працаваць у мэблевы цэх. А аднойчы яго папрасілі напісаць анонс для кіно. Уразіўшыся прыгожай афішай, запрасілі Паўла працаваць мастаком-афарміцелем у мясцовым клубе, а заадно – памочнікам кінамеханіка. Ужо пазней, пасля заканчэння брэсцкіх спецыялізаваных курсаў, працаваў і старэйшым кінамеханікам.

У 1953 годзе да яго даслалі кваліфікаванага спецыяліста — Ангеліну Улезла.

— Маленькая нясмелая чарнавокая прыгажуня мне адразу спадабалася, — успамінае Павел Іванавіч, —але прызнавацца ў сваіх пачуццях я не спяшаўся: добрых майстравітых хлопцаў было шмат вакол, не хацелася навязвацца. А якім першакласным спецыялістам яна сябе паказала: памайстэрску спраўлялася з камерай і штатывам! Ды як спрытна запраўляла плёнку! Гэта быў лепшы памочнік за ўсе гады маёй працы.

І ўсе гэтыя гады Павел Іванавіч захапляецца жонкай і глядзіць на яе з непрыхаваным цяплом і пяшчотай.

— А як ён мне спадабаўся! Высокі, статны, і погляд асаблівы такі, інтэлігентны. Прыстойны, разумны хлопец. З ім можна было пагаварыць пра ўсё, — прызнаецца “брыльянтавая” юбілярка.

Трэцяя серыя

Так удваіх, разумеючы адзін аднаго з паўслова, яны і развівалі кінапракат у пасёлку. Праўда, праз год гэта плённае супрацоўніцтва на некаторы час было прыпынена:  у 1954 годзе Павел Іванавіч з’ехаў служыць у г. Севераморск (Мурманская вобласць).  Дарэчы, там таксама працаваў кінамеханікам. Перад ад’ездам перадаў Ангеліне пасаду старэйшага кінамеханіка і сказаў самыя важныя ў жыцці словы… Кожны дзень закаханыя пісалі адзін аднаму цёплыя, прасякнутыя пяшчотай лісты.

Пажаніліся пасля арміі 22 верасня 1957 года, а пазней ноччу ўпотай абвянчаліся: абодва родам з набожных сем’яў, таму не маглі сабе дазволіць жыць без Божага блаславення.

Пра тое, як трэба абыходзіцца са сваёй другой палавінкай, ім падказвала сэрца. Акрамя таго, добрыя прыклады падавалі шчаслівыя сваякі і сябры.

— Калі ў сям’і ёсць любоў і павага, то можна вытрымаць любыя  цяжкасці, выстаяць перад любой бядой. Мы заўсёды былі адданыя сваёй сям’і, давяралі адзін аднаму і ніколі не раўнавалі. Імкнуліся не ўскладняць і без таго бурнае, як у кіно, жыццё, — дзеляцца сакрэтамі “брыльянтавыя маладыя”.

Чацвёртая серыя

У жыцці нашых герояў усё было распісана па гадзінах і падпарадкавана Яго вялікасці Кіно… Увесь час дзяжурылі на тэлефоне, увесь час глядзелі на гадзіннік: адзін фільм трэба было своечасова сустрэць з Брэста, другі на пошту здаць, каб адправіць у Пружаны, а кожную стужку яшчэ трэба праверыць на адпаведнасць катэгорыі і папярэдне, хоць бы хвілін дзесяць, прагледзець.

— У прыдачу да ўсёй гэтай тэхнічнай мітусні мы сачылі за планам, і калі ён належным чынам не выконваўся, то заказвалі ў Брэсце папулярныя на той момант фільмы, напрыклад, «Тарзан» ці «Анжаліка — маркіза анёлаў». Кожны дзень па два сеансы ладзілі, а па нядзелях быў і трэці — дзіцячы. А народу было колькі! Спачатку мы круцілі кінафільмы ў будынку сінагогі, які яшчэ акупантамі быў абсталяваны пад кіназалу, а ў 1965 годзе перайшлі ў новы клуб. Але нават там на некаторыя фільмы — савецкія кінакамедыі або індыйскія меладрамы — даводзілася дастаўляць крэслы. Зала на трыста месцаў не магла змясціць усіх жадаючых. А па серадах, у наш афіцыйны выхадны, нас з тэматычнымі фільмамі запрашалі ў Дом культуры, дзе праводзіліся ідэалагічныя вечары. Адпачываць не было калі. Так і ў нядзелю: калі ўсе адпачывалі, мы шчыра працавалі, — з хваляваннем, але не перабіваючы адзін аднаго, распавядаюць Павел і Ангеліна Фасевічы. — Вось толькі на вяселле нам выдзелілі тры дні адпачынку…

Пятая серыя

І вось ужо шэсцьдзясят гадоў, як у будні і ў святы, у радасці і ў бядзе яны разам. У чым жа сакрэт такой моцнай сям’і?

— Часам людзі дзівяцца, як мы пражылі разам так доўга, а я нічога асаблівага ў гэтым не бачу. Мы самыя звычайныя людзі, якія ўсё ў жыцці рабілі разам. Калі адзін быў заняты ў кіно, то іншы завіхаўся дома. На жаль, сёння я мужу практычна не дапамагаю: здароўе моцна пахіснулася, — сумуе Ангеліна Станіславаўна, гледзячы на мужа, які падкідвае дроў у печ. — Ён жа ў мяне такі майстар па выпечцы!

Аказваецца, гаспадыня гатавала ў асноўным мясныя стравы, салаты, розныя саленні і кансервацыі, а гаспадар пёк пірагі і булачкі, пераняўшы кулінарнае майстэрства ў сваёй маці. У цэлым, сям’я Фасевічаў заўсёды славілася ветлівасцю і гасціннасцю. Аднойчы прымалі нават аднаго важнага міністра, які прыязджаў у Белавежскую пушчу.

— За хвілін дваццаць да прыезду патэлефанаваў дырэктар Пружанскай раённай кінасеткі і паведаміў: “Чакайце: міністр едзе”. А ў нас суп грыбны варыцца, дамашняя каўбаска сквірчыць на патэльні. Важны госць з задавальненнем паеў, запіў гарбатай з сунічным варэннем і напрыканцы сказаў, што нічога смачнейшага не каштаваў. Простая ежа, але прыгатаваная з любоўю.

Шостая серыя

Любілі маміны разнасолы і татавы пірагі і сын з дачкой, якія перанялі ад сваіх бацькоў усё самае лепшае.

— Дзеці нашы раслі вельмі паслухмянымі. Паважліва ставіліся і да нас, і да іншых людзей. Мы ніколі асабліва і не павышалі на іх голас. Не сказаць, што не было  за што, проста мы заўсёды стараліся знайсці да дзяцей падыход і вучылі толькі прыкладам: гэта самы дзейсны спосаб выхавання.

Асаблівы гонар “маладых” — разумныя і таленавітыя ўнукі і праўнукі. Жывуць у Мінску, але заўсёды з задавальненнем прыязджаюць да бабулі і дзядулі, дзе атрымліваюць велізарны зарад душэўнага цяпла і шчырай любові.

— Вельмі важна навучыць дзяцей любіць не толькі сваіх палавінак, але і іх бацькоў. Вось мае свёкар са свекрывёй, якіх я з лёгкасцю назвала «мамай» і «татам», нас падтрымлівалі, дапамагалі гадаваць дзяцей. Таму і мы з Паўлам адразу прынялі новых членаў нашай вялікай сям’і і ніколі не ўмешваемся ў іх адносіны. Не вучым жыць, — раскрывае сакрэты шчаслівага жыцця Ангеліна Станіславаўна.

Чарговая серыя

Аднак сумесны шлях Паўла і Ангеліны Фасевічаў не назавеш бясхмарным. Калі сын быў на мяжы жыцця і смерці пасля  няўдала зробленай аперацыі, сівізна заўчасна агарнула галаву бацькі, а маці перанесла цяжкі інсульт.

— Мы гатовыя былі прадаць дом, зняць з сябе апошнюю кашулю, каб толькі наняць лепшых урачоў і дапамагчы сыну. Яны нам усё паўтаралі: “Рыхтуйцеся да горшага”. Але мы верылі ў лепшае, — аптымістычна заяўляюць юбіляры.

І сёння яны імкнуцца дзяліць папалам усе свае радасці і журботы. За шэсцьдзясят гадоў настолькі сталі блізкія, што імгненна разумеюць адзін аднаго, адгадваюць усе думкі і жаданні.

— Дзеці падарылі на “брыльянтавае” вяселле вялікі тэлевізар. Вось сядзем сёння ўдваіх і, успамінаючы мінулае, паглядзім які-небудзь фільм, – дзеліцца планамі на вечар гаспадар.

— Чаму б і не?! — не раздумваючы, прымае рамантычную прапанову гаспадыня.

Алена Зялевіч,

фота Сяргея Талашкевіча і з сямейнага архіва Фасевічаў.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *