Вторник, 18 сентября 2018

Внимание! Универсальные рекомендации для тех, кто попал в ДТП!

404

Надзвычайных сітуацый на дарогах раёна здараецца нямала, і ні адна з іх не падобная на іншую. Як раяць вопытныя вадзіцелі, варта заўсёды захоўваць асцярожнасць і выконваць простыя правілы «аварыйнай бяспекі». Мы сабралі найбольш універсальныя рэкамендацыі і знайшлі адказы на самыя папулярныя пытанні нашых чытачоў.

Самае галоўнае.

Ад падрабязнай фіксацыі ўсіх акалічнасцей аварыі залежыць многае. У будучым на падставе першапачаткова складзеных дакументаў — пратакола агляду месца здарэння, даведкі аб ДТЗ, пратакола аб тэхнічным стане транспартных сродкаў, схемы і тлумачэння ўдзельнікаў аварыі, паказанняў сведак і г.д. — органы ДАІ ўстанаўліваюць сувязь паміж дзеяннямі кіроўцаў і наступствамі здарэння. Як расказваюць відавочцы падобных здарэнняў, часта іншыя ўдзельнікі дарожнага руху просяць вызваліць праезную частку ад пабітых аўто, асабліва калі ствараецца пробка. Ні ў якім разе нельга рэагаваць на такія просьбы або патрабаванні. Пры гэтым нельга нават збіраць раскіданыя асколкі, радыус разлёту якіх, напрыклад, дапаможа высветліць хуткасць, з якой рухаліся аўто. Калі ж нават супраць вашага жадання іншыя пачынаюць вызваляць дарогу для праезду, то пазначце першасную «карціну» на паперы і знайдзіце сведкаў, якія пацвердзяць такія нататкі.

Сачыце за тым, што заносяць у пратакол супрацоўнікі ДАІ, не рэагуйце на іх заўвагі наконт таго, што «такія дробязі нікога не зацікавяць». Калі яны цікавяць вас, то потым могуць быць запатрабаваны і суддзёй падчас судовага працэсу.

На што звяртаць увагу:

— месца сутыкнення аўтамабіляў і іх узаемнае размяшчэнне пасля аварыі;

— разметку дарогі, наяўнасць святлафораў і дарожных знакаў у месцы аварыі, іх стан і прыкметнасць;

— час сутак і бачнасць, надвор’е і стан дарогі;

— сляды тармажэння, прадметы, якія ляжалі на дарозе, тэхнічны стан аўтамабіляў.

Варта не проста пазначыць усе гэтыя акалічнасці, а «прывязаць» іх да нязменных элементаў: ліній разметкі, абочыны, дамоў або слупоў.

Уважліва прачытайце пратакол перад яго падпісаннем, а ў віноўніка аварыі пацікаўцеся пра дадзеныя яго страхавой кампаніі і нумар поліса.

Ні ў якім выпадку не пакідайце месца аварыі, асабліва калі ў ёй ёсць пацярпелыя. Па Правілах такое дапускаецца толькі ў тым выпадку, калі неабходна тэрмінова даставіць пацярпелага ў бальніцу. Нядаўна жыхар горада, кіруючы грузавіком, збіў веласіпедыстку. Ён даставіў пацярпелую дадому і палічыў, што ўсё зрабіў правільна. Але праз некаторы час жанчыне стала дрэнна, і яна звярнулася па медыцынскую дапамогу. Зразумела, што супрацоўнікам ДАІ яна не змагла назваць ні марку аўтамабіля, ні прозвішча вадзіцеля, які кіраваў аўто. У выніку пасля таго, як інспектары ўстанавілі ўсе гэтыя падрабязнасці, у дачыненні да вадзіцеля была ўзбуджана крымінальная справа. І цяпер яго калі не пасадзяць у турму, то правоў пазбавяць абавязкова.

Ёсць і іншыя нюансы.

І аб іх таксама трэба помніць, нягледзячы на шокавы стан, у якім знаходзіцеся пасля аварыі. Праз некаторы час, у больш спакойнай сітуацыі, будзеце шкадаваць, што забыліся пра нешта важнае. Напрыклад:

— даволі часта праз газету даюцца аб’явы аб пошуку сведкаў аварыі. Яны патрэбны ў любым выпадку, нават тады, калі віноўнік паабяцаў усё кампенсаваць і просіць адмовіцца ад узбуджэння крымінальнай справы. Не выключана, што пазней ён «забудзецца» пра свае словы, і тады давядзецца шукаць сведкаў;

— ніколі не сядайце за руль у стане алкагольнага ап’янення, прычым не толькі з-за таго, што могуць пазбавіць правоў або канфіскаваць аўтамабіль. Справа ў тым, што ў любой аварыйнай сітуацыі вінаватым, безумоўна, будзе прызнаны той, хто выпіў. Гэтак адбылося з жыхаром раёна, які ў нецвярозым стане кіраваў трактарам. Пры абгоне яго транспартнага сродку жыхарка г.Брэста няправільна выбрала дыстанцыю і зачапіла прычэп. Аднак віноўнікам ДТЗ усё роўна быў прызнаны трактарыст;

— пры фіксаванні атрыманых машынай пашкоджанняў варта апісаць усе дэфекты як мага падрабязней. Напрыклад, можна проста запісаць «пашкоджана крыло», а можна пералічыць дэталёва ўсе вялікія і дробныя пашкоджанні, нават указаць, да чаго яны прывялі. Чым больш напішаце, тым большыя будуць шанцы атрымаць поўную матэрыяльную кампенсацыю за аварыю. Па першым запісе вы атрымаеце кампенсаванне толькі за рамонт крыла, а па больш падрабязным — за ўсё;

— не ўступайце ў сварку з прадстаўнікамі ДАІ на месцы аварыі. Усё, з чым не згодны, можаце занесці ў пратакол пры яго падпісанні. Калі лічыце, што інспектары дзейнічаюць неправамерна, то пазначце ў дакуменце і такую заўвагу. А пазней гэтыя дзеянні можна абскардзіць у вышэйстаячай установе або ў пракуратуры;

— нельга адмаўляцца ад правядзення абследавання на выяўленне алкаголю ў крыві. Такая адмова не спрыяе прызнанню невінаватым. Пасля правядзення экспертызы на алкаголь даішнікі прапануюць удзельнікам аварыі ўласнаручна напісаць тлумачэнні. Стаўцеся да гэтай паперы вельмі сур’ёзна, думайце над кожным словам, кожнай фармулёўкай: абвергнуць гэта пазней будзе складана. 

Калі трапіў у аварыю за мяжой.

Калі адправіліся ў паездку па іншых краінах на сваім аўтамабілі, то паклапаціцеся аб афармленні мясцовага поліса абавязковага страхавання або міжнароднай Зялёнай карткі (Green card), каб пазбегнуць не толькі штрафаў, а нават візавых праблем.

Аформіць такія дакументы можна як у офісах беларускіх кампаній, упаўнаважаных аказваць дадзеную паслугу («Белдзярж-страх», ЗАСТ «ТАСК», ЗАСТ «Прамтрансінвест», ЗАСТ «Белнафтастрах», СТАА «Белкаапстрах», «Белэксімгарант»), так і ў прымежных кіёсках страхавых фірм.  

Паводле статыстыкі Беларускага бюро па транспартным страхаванні, летась часцей за ўсё нашы суайчыннікі траплялі ў аварыі на тэрыторыі Польшчы (388 выпадкаў), у Расіі зарэгістравана 322 такіх ДТЗ, у Германіі — 215.

Даведка «РБ»

Падчас высвятлення ўсіх абставін дарожна-транспартнага здарэння супрацоўнікі інспекцыі кіруюцца так званымі «асноўнымі» і «другаснымі» патрабаваннямі. Напрыклад, калі абодва ўдзельнікі аварыі парушылі Правілы дарожнага руху, у выніку чаго і адбылося сутыкненне, вінаватым будзе прызнаны той, хто зрабіў больш сур’ёзнае правапарушэнне. У якасці прыкладу можна прывесці аварыю, што адбылася сёлета ў адной з вёсак раёна. Мужчына на аўтамабілі выязджаў з двара, але не пераканаўся, што на праезнай частцы няма іншага транспарту. У той момант па вуліцы з вялікай хуткасцю ехаў матацыкліст, які, зразумела, не паспеў затармазіць. Пацвярджэннем таму, што яго двухколавы транспарт перавышаў дазволеную хуткасць у 60 кіламетраў у гадзіну, з’яўляецца наступны факт: у выніку сутыкнення бампер машыны адляцеў на 20 метраў. Здагадайцеся, хто быў прызнаны віноўнікам? Відавочна, той, хто з другаснай дарогі выязджаў на галоўную, а значыць, вадзіцель аўтамабіля.

Падрыхтаваў Алег Сідарэнка.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *