Пятница, 21 сентября 2018

Прошли учения МЧС: счет шел на секунды…

408

Нягледзячы на прымаемыя меры супрацьпажарнай бяспекі, ніхто
не застрахаваны ад узнікнення надзвычайных сітуацый. Асабліва складана змагацца з пажарамі, што здараюцца на вытворчасці. Каб забяспечыць аператыўныя і якасныя дзеянні выратавальнікаў у такіх выпадках, як зазначае начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.А.Ганчароў, і праводзяцца рэгулярныя вучэнні на базе розных прамысловых і адміністрацыйных будынкаў раёна.

Нядаўна падобныя тактыка-спецыяльныя мерапрыемствы адбыліся на ТАА «Нятканы свет». Справа ў тым, што пажар на прадпрыемстве лёгкай прамысловасці лічыцца вельмі складаным з-за вялікіх аб’ёмаў лёгкіх на загаранне матэрыялаў. Таму невыпадкова, што спецыяльна для вучэнняў і быў выбраны склад сыравіны. Пажарным падраздзяленням неабходна было прадэманстраваць сваю гатоўнасць у барацьбе з агнём, уменні выкарыстоўваць прафесійнае аснашчэнне і абсталяванне. Кантроль за іх дзеяннямі ажыццяўлялі прадстаўнікі абласнога кіраўніцтва МНС.

Штучна створаную сітуацыю спецыяльна ўскладнілі: па ўмовах вучэння не толькі загарэўся цэх, але і адбылося частковае разбурэнне будаўнічых канструкцый, пад якія трапілі ўмоўныя работнікі прадпрыемства. Да таго ж дзейнічаць выратавальнікам давялося ў атмасферы абмежаванай бачнасці з-за моцнага задымлення. У спецыяльным аснашчэнні пажарныя літаральна па метру абследавалі тэрыторыю здарэння. Першага «пацярпелага» яны знайшлі хутка, бо манекен размясцілі непадалёку ад увахода. На свежым паветры «пацярпеламу» аказалі першую медыцынскую дапамогу. А вось другога «шукалі» даўжэй, бо ён трапіў пад разбураныя канструкцыі. Для яго ратавання выкарыстоўвалася спецыяльнае абсталяванне, з дапамогай якога былі прыўзняты шматтонныя абломкі. Закончыліся вучэнні паспяхова і, як гаворыцца напрыканцы любога здарэння, «пажар лакалізаваны, пацярпелых больш няма».

Пасля практычных заняткаў традыцыйна былі праведзены тэарэтычныя, на якіх разглядаліся дапушчаныя пралікі і адпрацоўвалася методыка іх выкаранення ў будучым.

Алег СІДАРЭНКА,              

 Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота)

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *