Четверг, 18 января 2018

Песня жизни Елены Георгиевны Матвейчук: все выше и выше…

387

У маленстве яе называлі “дзяўчушкай-вяртушкай”, у маладосці — “дзяўчынай-песняй”. А сёння Алена Георгіеўна Мацвяйчук для многіх, каму пашчасціла сутыкнуцца з ёй у жыцці, – “жанчына-сонейка”. Побач з ёй становіцца радасна і спакойна, утульна і цёпла. Як жа ёй удаецца напаўняць энергіяй сябе і іншых людзей і заставацца непадуладнай гадам?

—Не ведаю як, — прызнаецца сама. — Проста ўвесь час танцавала і спявала… быццам па тонкіх нотках, якія нехта ўпісаў у маю асабістую партытуру жыцця.

Нотка «ДО»

Першую нотку «ўпісаў» тата, Георгій Пятровіч Карыцкі, які і перадаў дачцэ свае музычныя здольнасці. Афіцэр-пагранічнік, які прайшоў дзве сусветныя вайны, спяваў і танцаваў, як толькі быў зручны выпадак. Спяваў на каўказскім і руска-японскім франтах: на прывалах у хвіліны адпачынку падбадзёрваў сваіх байцоў. Спяваў у шпіталі ў 1944-м, дзе лячыўся пасля цяжкага ранення ў нагу, якое не перашкодзіла яму пазней, нават у пажылым узросце, прыгожа танцаваць і запрашаць на танец сваю дачку.

Нотка «РЭ»

Другую нотку «дапісала» мама — Зінаіда Піліпаўна Прытульчык. Яна выхоўвалася ў сям’і вернікаў і з дзяцінства спявала ў храме. У 16 гадоў была нават запрошана ў Дзяржаўную ўкраінскую вандроўную капэлу «Думка» (у перыяд бежанства жыла ва ўсходняй Украіне). Яе шыкоўны моцны голас прыходзілі паслухаць сяляне з усёй акругі.

Вярнуўшыся дадому і ўжо працуючы старшынёй Сухопальскага спажыўтаварыства, а потым і старшынёй сельсавета, мама паспявала займацца самадзейнасцю з мясцовай моладдзю.

Нотка «МІ»

Гэту нотку смела ўзяла сама дзяўчынка Лена, якая з’явілася на свет 70 гадоў таму, у 1947 годзе. Позняе і доўгачаканае ў сям’і дзіця, як толькі пачало хадзіць, адразу ўзялося танцаваць і чыста спяваць.

— Добрыя настаўнікі дома былі! Як цяпер памятаю: вясна, бэз, прымус на табурэтцы, мама варыць каву і пад меладычныя спевы дадае ванілін. Яна ўвесь час спявала, да таго ж, на ўсе рэпетыцыі брала мяне з сабой і дапамагала мне развіваць голас, прымушаючы браць ноты — усё вышэй і вышэй.

Дарэчы, у нас быў такі гарманіст у Сухопалі – Міша Селівонец, самавучка з абсалютным слыхам. Я з дзяцінства была ўлюбёная ў яго музыку. Як зайграе — ускокваю з крэсла і давай прытупваць! — шчыра ўсміхаецца спадарыня Мацвяйчук, а сама і не заўважае, як незнарок пачынае адбіваць хатнімі тэпцікамі дроб.

Нотка «ФА»

Загучала ў Сухопальскай школе, калі Леначка пайшла ў першы клас і стала ўдзельнічаць ва ўсіх канцэртах. Настаўніца Любоў Майсееўна Хоміч выявіла ў адоранай дзяўчынкі выдатны музычны слых, прыроджанае пачуццё рытму, добрую дыкцыю і ўжо ў 3-м класе прызначыла яе дырыжыраваць школьным хорам.

— Ці можаце сабе ўявіць, як трэцякласніца на сцэне кіруе старшакласнікамі? – сама сабе здзіўляееца мая суразмоўца. А я, захапляючыся яе энергіяй, усё разумею і так…

Нотка «СОЛЬ»

Зазвінела ў Быценскай школе-інтэрнаце (Івацэвіцкага раёна), дзе воляю лёсу Алена Георгіеўна апынулася пасля Сухопаля. Але, нягледзячы на ўзрост,  ёй даверылі шэфства над акцябратамі. Вучылася сама і вяла ў іх танцавальны гурток.

— Ды што танцы?! Як спявалі мы з дзецьмі! Была ў мяне такая Галачка – галасок анёльскі! Ох, і “запальвалі” мы з ёй на сцэне! Чулі такую папулярную азербайджанскую песню «Джуджалярым» (“Мои цыплятки”), напісаную ў 1949 годзе Гамбарам Гусэйнлі? Мне яна так падабалася!

Гэта песня падабалася ўсім. Але ці не дзякуючы Алене Георгіеўне, якая ў 1963 годзе напісала пераклад, яна ўпершыню прагучала па-руску? Толькі праз пятнаццаць гадоў была выпушчана пласцінка з прафесійным рускім перакладам Р.А. Радавільскай.

Нотка «ЛЯ»

Пасля школы Алена Георгіеўна скончыла харэаграфічныя курсы пры Мінскім Доме народнай творчасці і сваёй выпускной аўтарскай пастаноўкай цыганскай сюіты прывяла ў захапленне экзаменацыйную камісію…

Сама ж вярнулася ў в. Сухопаль. Тут уладкавалася бібліятэкарам і зноў — як жа без гэтага! — занялася танцамі з моладдзю. Яе выхаванцы займалі прызавыя месцы ў розных танцавальных раённых і абласных конкурсах. За такія заслугі энергічнага маладога спецыяліста ўвялі ў склад бюро райкама камсамола, а ў 1966 годзе абралі дэлегатам на XV з’езд УЛКСМ ў г. Масква. Пасля паездкі Алена Георгіеўна атрымала запрашэнне працаваць з танцавальным калектывам Пружанскага дома культуры.

Нотка «СІ»

У імкненні атрымаць вышэйшую адукацыю Алена неўзабаве адправілася ў Мінск паступаць у педінстытут на факультэт «Дашкольнае выхаванне»,  стажу педагагічнай працы ў дзяўчыны не было, яе залічылі толькі ў кандыдаты. Сітуацыю выратаваў Яе вялікасць выпадак. У прыёмнай камісіі засядаў фізік-аспірант, які адказваў за культурнае жыццё інстытута. Адсачыўшы па дакументах «музычны» шлях абітурыенткі, ён запрасіў яе да сябе на падрыхтоўчыя курсы — з умовай, што Алена ўзначаліць танцавальны калектыў фізіка-матэматычнага факультэта…

Алена Георгіеўна выкладала фізіку ў Сухопальскай і Слабадской школах, потым працавала ў Пружанскім саўгасе-тэхнікуме. Атрымаўшы ў класнае кіраўніцтва групу, сама пісала сцэнарыі для  канцэртаў і рыхтавала музычныя нумары. І так да самага выхаду на пенсію — выкладала і спявала.

Нотка «ДО»

Усе доўгія гады, працуючы з моладдзю, Алена Мацвяйчук марыла ўзяць самую высокую ноту: як і некалі мама, хацела спяваць у храме.

— Я заўсёды захаплялася царкоўнымі спевамі. Прыгажэйшых мелодый, чым тыя, што гучалі ў храме, не чула нідзе. Доўгі час, стоячы ў прытворы Свята-Аляксандра-Неўскага сабора, захаплялася майстэрствам пеўчых: як можна так прыгожа, хвалепадобна спяваць? А потым набралася смеласці сама… Духоўная музыка мяне зацягнула цалкам і назаўсёды.  На спевы мяне блаславіў былы настаяцель сабора айцец Іосіф Балюк, які перад сваім сыходам сказаў: «Я хачу, каб Вы на гэтым месцы прастаялі да 90-годдзя»…

Алена Зялевіч,

фота Сяргея Талашкевіча і з хатняга архіва А.Г. Мацвяйчук

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *