Пятница, 15 декабря 2017

Па запасы і забавы — на кірмаш

2 231

Менавіта так было на кірмашы «Пружанская восень», які ў мінулую нядзелю ахапіў некалькі цэнтральных вуліц нашага раённага цэнтра. Жадаючых прапанаваць сваю прадукцыю было столькі, што некаторыя арганізоўвалі продаж у прылеглых да гарадской плошчы дварах. І гэта не толькі павялічыла асартымент, але і стрымала «коштавыя апетыты» прадаўцоў.

Падчас гутарак з гараджанамі і гасцямі Пружан мы даведаліся пра тое, што спадабалася на кірмашы і што выклікала заўвагі.

Грузавікі з яблыкамі, бульбай, цыбуляй, морквай і іншай агароднінай літаральна «акупіравалі» жадаючыя зрабіць запасы на зіму. Чэргі ля некаторых своеасаблівых прылаўкаў расцягнуліся на некалькі метраў.

Людзі адзначалі прымальныя цэны на тавар. Напрыклад, кошт яблыкаў, прапанаваны адразу некалькімі гаспадаркамі і фермерамі раёна, вагаўся ад 80 капеек да 1,2 рубля за кілаграм. Асабліва парадавалі аграрыі з ААТ «Айчына», якія не толькі прывезлі са свайго саду салодкія яблыкі, але і ўстанавілі на іх самы нізкі кошт. Моркву можна было набыць па 33 капейкі, капусту — па 20, бульбу — па 20-25 капеек. Не даражэй каштавалі цыбуля і буракі.
Найбольш разнастайны асартымент быў прадастаўлены гандлёвай палаткай райспажыўтаварыства, дзе прапаноўвалі ў дадатак да традыцыйнага набору нават кавуны і «заморскую» садавіну.

Наведвальнікам свята спадабалася і ўдалае размеркаванне гандлёвай і забаўляльнай частак кірмашу. Хто прыйшоў па пакупкі — мог спакойна прыцаніцца і набыць неабходнае. А для тых, хто хацеў толькі забаў, была адведзена тэрыторыя з крэсламі для гледачоў каля цэнтральнай сцэны. Тут можна было паглядзець цудоўны канцэрт, выпіць кавы з сябрамі і паесці смачнага шашлыку. Асабліва ацанілі пружанцы падворак «Багаты кашэль», арганізаваны мастацкімі калектывамі раёна. Для аматараў экстрыму побач размясцілася трэніровачная палатка МНС, дзе стваралася імітацыя пажару. Жадаючыя маглі ў пажарнай экіпіроўцы прайсці праз выпрабавальны палігон. Варта адзначыць, што на працягу некалькіх гадзін чарга каля выратавальнікаў не меншала.
Нашым рэспандэнтам спадабалася таксама, што ўдзел у сёлетнім кірмашы прынялі і раённы вузел электрасувязі, пошта, установы адукацыі і іншыя арганізацыі, якія дэманстравалі свае вытворчыя магчымасці. Лясгас, напрыклад, уладкаваў палатку, каля якой можна было зрабіць «сэлфі», а ў дадатак — набыць мёду розных гатункаў. А арганізаваныя паказальныя выступленні лепшых вальшчыкаў лесу сабралі мноства гледачоў. Спрытныя дзеянні каманд з Пружанскага, Лыскаўскага лясніцтваў і Пружанскага лесанарыхтоўчага ўчастка выклікалі шква апладысментаў. Захаплялі наведвальнікаў кірмашу і акцыі мясцовых перапрацоўчых прадпрыемстваў. Напрыклад, «Данон Пружаны» раздаваў усім гасцям малако «Простоквашино», але не проста так, а за расказаны на памяць верш. Каля палаткі ААТ «Пружанскі малочны камбінат» былі наладжаны шашачныя баталіі, пераможцы якіх атрымлівалі смачны прыз.
У той жа час наведвальнікі заўважалі, што, напрыклад, не ўсе прадаўцы паклапаціліся аб арганізацыі сэрвісу. Прапанавалі тару толькі вялікай ёмістасці, а для дробных пакупак неабходна было мець сваю. Тыя ж, хто падумаў пра зручнасці для пакупнікоў, абслугоўвалі іх значна хутчэй.

Спрытна вялася дастаўка набытай агародніны пажылым і адзінокім людзям. Хлопцы і дзяўчаты з надпісамі на адзенні «БРСМ» і «Добрае сэрца» былі літаральна «на разрыў»: іх клікалі і прадаўцы, і пакупнікі.Вось што яшчэ казалі аб кірмашы некаторыя пружанцы:
— Мы жывём у прыватным сектары і на ўласным агародзе вырошчваем нямала вітаміннай прадукцыі. Але запасы на зіму робім толькі на кірмашы. Сёлета ў нас не ўрадзіла капуста, плануем набыць і некалькі сетак цыбулі. І «галодная» зіма нам не пагражае.

— У мяне ёсць участак, дзе вырошчваю ўласную агародніну. Але, гледзячы на цэны і такі разнастайны асартымент, як на гэтым кірмашы, мяркую, што не варта садзіць «гектары» агародаў, бо ўсё можна купіць, прытым дастаткова танна. Здзіўляе толькі, як фермерам удаецца вырошчваць такі выдатны ўраджай, калі ў некаторых не ўрадзіла нават цыбуля…

Алег Сідарэнка, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *