Вторник, 29 сентября 2020

Галина Васильевна Петрашко: «Я каждый урок начинаю стихотворением»

1 443

Я прыйшла паразмаўляць з зусім не знаёмай (як здавалася) мне жанчынай, а яна сустрэла мяне з такім адчувальным цяплом, з такой шчырай усмешкай, з якой можа сустрэць толькі даўні і адданы сябар:
– Вы мяне не памятаеце, а я Вас добра памятаю з таго часу, калі вяла ўрокі ў Вашых пачатковых класах…Гэта было трыццаць пяць  гадоў таму. Дастатковы тэрмін, каб сцерці з маёй памяці тыя некалькі дзён, калі Галіна Васільеўна Пятрашка замяняла ў другім класе маю першую настаўніцу…  А яна памятае! Памятае кожнага свайго вучня, з якім давялося працаваць ля школьнай дошкі, кожнага выдатніка і кожнага  разгільдзяя. У чым прычына такой выключнай любові да дзяцей? Дзе яе крыніца?

– Усё маё жыццё, – успамінае мая субяседніца, – перада мной стаяў вобраз маёй першай настаўніцы Паліны Несцераўны: такая прыгожая, у лёгкай паркалёвай сукенцы з чорненькім раменьчыкам, што падкрэсліваў яе тонкую талію. Акуратна падабраныя валасы. Вачэй не адарваць! Яна вельмі цёпла да нас ставілася, ніколі не павышала голас. Гэта быў прыклад на ўсё жыццё. Я так яе палюбіла, што пры расставанні горача плакала…  Па заканчэнні школы ў мяне не было ніякага сумневу, кім быць, – толькі настаўнікам…Па заканчэнні Варанілавіцкай сярэдняй школы (недалёка ад маленькай вёсачкі Таўцвiлы, дзе яна нарадзілася ў 1946 годзе), Галіна Пятрашка паступіла ў Пінскае педвучылішча, а потым – у Мінскі педінстытут імя М. Горкага. Пачала свой настаўніцкі шлях у вёсцы Далкі пад Ружанамі, дзе і выйшла замуж. А ў 1980-м, «алімпійскім», годзе сям’я пераехала ў Пружаны, і  Галіна Васільеўна перавялася ў Параслянскую сярэднюю школу (там, як аказалася,  мы з ёй і сустрэліся ў першы раз). Праз восем гадоў пачала выкладаць у пачатковых класах СШ №4, так і прапрацавала тут да пенсіі…  Аднак такім настаўнікам, як Галіна Васільеўна, спакой можа толькі сніцца. Ды і ці хацела яна адпачыць ад дзяцей? Сумняваюся.

– То ў Рудніках мяне папрасілі папрацаваць, то ў Загор’і, то ў СШ №5. Перыядычна вярталася і ў родную, чацвёртую, школу. Дзесьці некалькі месяцаў замяняла асноўнага настаўніка, а недзе затрымлівалася на пару гадоў. А як жа?! Трэба дапамагаць і настаўнікам, і дзеткам. А я іх вельмі люблю, і яны мне плацяць узаемнасцю. Ажно здзіўляюся: пажылы чалавек,  а яны да мяне цягнуцца.
Цяпер Галіна Васільеўна працуе з першаклашкамі ў СШ № 4. На маіх вачах абступілі яе дзеці: абдымалі, вялі ў клас. Адразу відаць, што любяць яе, давяраюць. Адзін хлопчык нават заявіў: “Галіна Васільеўна, Вы як усміхнецеся, то на маю бабулю падобныя”. Але ці толькі ад узросту, вопыту настаўніцы залежыць дзіцячая да яе любоў?

– Галіна Васільеўна, прызнайцеся, песціце сваіх падапечных?

– Не, не пешчу, але стараюся заахвоціць за добры вынік. Раней жа адзнакі ставілі з самага першага класа, а цяпер яшчэ няма іх. Вось як дзетак пахваліць? Я на далоньцы дзіцяці малюю дзясятачку і кажу: “Закрывай, прыціскай яе моцна, каб не ўцякла, і нясі дадому”.  Ім так прыемна. Для іх жа гэта стымул! Усе дзеткі мае добрыя. Часам у мяне калегі пытаюцца, ці ёсць у мяне хоць адно дрэннае дзіця? Адказваю: не. Трэба казаць вучням цёплыя словы, хваліць іх часцей і заўсёды выслухоўваць. Гэта толькі здаецца, што ў іх няма праблем… Сёння школьная праграма вельмі складаная: дарослыя палічылі, што сучасныя дзеці настолькі разумныя, што ім усё лёгка даецца. Але гэта не так. Яны жывуць у насычанай інфармацыйнай прасторы, дзе вельмі шмат момантаў, якія адцягваюць увагу: смартфоны, розныя гаджэты – усё гэта “рассыпае” канцэнтрацыю. Сёння кожны дзень новая тэма. Дзеці, асабліва тыя, хто па хваробе прапускае ўрокі, не паспяваюць засвоіць і замацаваць матэрыял. Таму кожны ўрок я пачынаю… з вершаў. Так, так! Менавіта з маленькіх вершыкаў пачынаецца наш дзень. Трэба паэтызаваць школьны працэс,  дадаваць лірыкі. У нас толькі пачынаецца ўрок, а ўсе ўжо чакаюць: які ж будзе верш? Такім чынам я арганізоўваю дзяцей. Гэта ж выдатная трэніроўка і для памяці, і для выхавання творчых асоб: «Ты такі ненаглядны – мой радзімы куточак зямлі! Ты такі ненаглядны – край, дзе крылы ўздымаюць буслы, дзе асколачкам неба васілёк у мірным полі цвіце і ля кожнай хацінкі прыгажуня  бяроза расце»…
Задумваюся: а што было  б, калі б кожны ўрок майго жыцця пачынаўся з паэзіі? Але шчаслівыя першакласнікі таўкуцца побач і, перакрыкваючы адзін аднаго, адрываюць мяне ад філасофскіх думак: “Яна і цукеркамі нас заўсёды частуе!” Пагаджуся з імі: салодкае – добры стымул нават для дарослых… Але не ў адных цукерках шчасце, проста да кожнага свайго вучня Галіна Васільеўна Пятрашка знайшла падыход, кожнага паважае як асобу і ў кожным бачыць велізарны патэнцыял:

– Я бачу ў іх людзей, якія імкнуцца разважаць, і ўпэўнена, што ўсё ў іх атрымаецца. Ведаеце, зусім не важна, якія адзнакі яны будуць атрымліваць у школе. Важна, каб назаўсёды засвоілі самы галоўны прадмет жыцця пад назвай «Добры чалавек».
Дзякуй Вам, шаноўная Галіна Васільеўна, за такую параду!

Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *