Воскресенье, 27 сентября 2020

Литература с ароматом кофе. В центральной районной библиотеке прошли библиосумерки

1 026

Хто прыдумаў, што вечар – не самы зручны час для кавы?! Кожны, хто прыйшоў у мінулую пятніцу ў раённую бібліятэку на святкаванне Міжнароднага дня бібліятэк, усвядоміў, што лепшага часу, чым змярканне, для гэтага чароўнага напою і не знайсці. Так, маленькая жменька акруглых карычневых зярнятак здольна тварыць сапраўдныя цуды…

У пятнічны вечар бібліятэкары, нібы прафесійныя барыста, заварылі для наведвальнікаў каву нейкага асаблівага, чароўнага гатунку. Адзін кубачак яе напоўніў кожнага энергіяй і прымусіў атрымаць асалоду ад моманту, захапіўшы гульнёй адценняў…
Водар кавы разносіўся па ўсім будынку, ахутваў старонкі кніг, якія ляжалі паўсюль: цэлыя серыі Стэндаля, Талстога, Гётэ, Дзюма і многіх іншых славутых аўтараў былі прыгатаваны для вандроўкі па свеце – «буккросінгу» (у перакладзе з англійскай мовы – «перамяшчэнне кнігі»). Кожны жадаючы мог узяць дадому любую з прапанаваных кніг без запісу ў фармуляры, прачытаць, а затым пакінуць у грамадскім месцы – парку, кафэ, цягніку, станцыі метро – для таго, каб іншы выпадковы чалавек мог гэтую кнігу знайсці і прачытаць. А той, у сваю чаргу, павінен паўтарыць працэс… Але не ведаю, ці ўзяў хто з гасцей хоць адну з кніг для падарожжа: мае думкі былі заняты каваю.
На кожным з паверхаў бібліятэкі гучала свая сімфонія густаў любімага напою. На першым кава зайграла ноткамі шакаладу, арэхаў і… літаратуры. У пазнавальнай віктарыне «Кава-брэйк» і на прэзентацыі кніжнай выставы пісьменнікаў-“каваманаў” госці імпрэзы даведаліся, што гісторыя кавы ўяўляе сабой захапляльны дэтэктыў з элементамі містыкі і нават любоўнага рамана. А знаёмству з кавай людзі абавязаны… ненаедным козам дапытлівага эфіопскага пастуха, які заўважыў незвычайную жвавасць жывёл пасля паядання ягад з непрыкметнага кусціка. Праўда ці выдумка гэтая гісторыя, што адбылася за васемсот гадоў да нашай эры, – ніхто не ведае. Як бы там ні было, іншай версіі аб «вынаходжанні» кавы пакуль няма…
Вядома адно: неўзабаве кава пачала рабіць такі ўплыў на людзей, што з ёй пачалі нават змагацца. У адукаванай Еўропе піць каву то дазвалялі, то забаранялі. Толькі ў другой палове XVII стагоддзя “кававыя” эмоцыі сцішыліся, у XIX вынайшлі першую кавамашыну, а ў XX у прамысловых маштабах распачалі вырабляць танную растваральную каву. Сёння разнастайнасць кававай прадукцыі здольна закружыць галаву любому, таксама як і калісьці знакамітаму пісьменніку Анарэ дэ Бальзаку, які піў шмат кавы, як філосафу Вальтэру, які выпіваў на дзень ажно па пяцьдзясят кубачкаў. Ды што тут казаць, калі вялікі кампазітар Іаган Себасцьян Бах, удыхнуўшы ноччу водар арабікі, напісаў цудоўную «Кававую кантату», а лекар Авіцэна, перабіраючы ў руках зярняты рабусты, вырашыў прысвяціць ім цэлы навуковы трактат…
Цудоўны напой натхніў многіх людзей на стварэнне лепшых твораў, у кнігах раз-пораз сустракаюцца згадкі пра яго. «Вось я кавы гарачай вып’ю з ахвотай!» – усклікае герой Дастаеўскага Алёша Карамазаў. «Непараўнальным напоем» і «радасцю для спевакоў» называе каву ў сваёй паэтычнай спадчыне сябар Пушкіна Вільгельм Кюхельбекер…
Такім чынам, даведаўшыся пра лепшыя «кававыя» творы, госці падняліся на другі паверх.
Чароўны саксафон у руках Сяргея Більшэвіча стварыў нязмушаную атмасферу элітнага мастацкага клуба, дзе галоўнымі артыстамі сталі бібліятэкары. У вобразах літаратурных герояў, натхніўшыся выдатнымі музычнымі кампазіцыямі «Oh champs elysees», «Hello, dolly», «Blue moon» і іншымі джазавымі ноткамі, яны расказвалі ўрыўкі з вядомых літаратурных твораў і, трэба сказаць, вельмі дакладна траплялі ў тыпаж. Гледачы былі прыемна здзіўлены такой метамарфозай. І падсілкаваўшыся чарговым кубачкам кавы, самі сталі падыходзіць да «адкрытага» мікрафона, каб прачытаць вершы сваіх любімых паэтаў. Іосіф Бродскі, Яўген Еўтушэнка, Эдуард Асадаў, Мірзо Турсун-Задэ, Віктар Ракаў, Яўгенія Янішчыц, Лілія Мялежка, Еўдакія Лось, Максім Лужанін…
Пакуль адны атрымлівалі асалоду ад паэтычнай хвіліны, іншыя пазіравалі пружанскай мастачцы Марыі Кулецкай, з-пад алоўка якой выходзілі прыгожыя партрэты, быццам ахутаныя кававай смугой.
А на трэцім паверсе гасцей чакала творчая сустрэча з аўтарам-выканаўцам Уладзімірам Грышкевічам, дзяцінства якога прайшло ў Пружанах.
Завяршылі імпрэзу прэзентацыя відэаролікаў аб кніжных навінках і… новая порцыя духмянага напою.
Алена Зялевіч. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *