Пятница, 25 сентября 2020

Председатель районной организации «Белорусский союз женщин» Ирина Гришкевич: «Не забывайте про себя»

832

Да сустрэчы з гэтай жанчынай слова “саюз” асацыявалася ў мяне з чым заўгодна: вялікай краінай, якая займала адну шостую частку сушы, серыяй касмічных караблёў, якія баразнілі прасторы Сусвету, мноствам асацыяцый пісьменнікаў і мастакоў… Але толькі не з лепшымі якасцямі жаночай натуры, прыгажосцю, дабрынёй і пяшчотай. Аднак Ірына Аляксандраўна Грышкевіч, якая ўзначальвае сёння раённую арганізацыю ГА «Беларускі саюз жанчын», цалкам разбурыла мае стэрэатыпы і даказала, што можна тварыць вялікае ў гэтым свеце, «узброіўшыся» толькі жаноцкасцю.

– Ірына Аляксандраўна, давайце адразу раскрыем карты: на якіх «амазонках» трымаецца раённая арганізацыя? Раскажыце, калі ласка, пра яе выдатных прадстаўніц.
– Гэта жанчыны, якія не пагадзіліся знаходзіцца ў цені мужчын і заявілі пра сябе як прафесіяналы і спецыялісты з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
У кіраўніцтва арганізацыі ўваходзяць дырэктар раённага вузла паштовай сувязі Галіна Бондар, старшыня Мокраўскага сельвыканкама Святлана Ханавец, начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Наталля Цібароўская, дырэктар СШ № 1 Святлана Станкевіч, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Кудрэйка, загадчыца аддзялення тэрытарыяльнага цэнтра Алена Бартасевіч, былы дырэктар цэнтральнай раённай бібліятэкі Наталля Супруновіч і многія іншыя жыхаркі раёна, якія ведаюць, чым жывуць людзі, што за праблемы іх сёння хвалююць, як гэтыя праблемы можна вырашаць.
Практычна ў кожным сельвыканкаме раёна, а таксама ў тэрытарыяльным цэнтры і раённым вузле паштовай сувязі створаны «пярвічкі» нашай арганізацыі. На сённяшні дзень зарэгістравана і працуе дванаццаць ячэек, самай актыўнай з якіх я смела магу назваць Шарашэўскую. Узначальвае яе ініцыятыўная і творчая асоба — Раіса Аляксандраўна Бульчук.
Пры гэтым, заўважу, у нашай арганізацыі можа працаваць абсалютна любая жанчына, нягледзячы на пасаду, адукацыю, узрост. Карыстаючыся выпадкам, хачу звярнуцца да шаноўных чытачак: калі ў вас ёсць цікавыя ідэі і вы гатовы іх ажыццяўляць, далучайцеся да нас. Аб’яднаўшы намаганні жанчын — членаў прафсаюзных, маладзёжных і ветэранскіх арганізацый, — мы зможам унесці свой уклад у справу міласэрнасці, выхаванне маральнасці ў нашым грамадстве.
– Сёлета раённаму аддзяленню «БСЖ» спаўняецца 10 гадоў. Раскажыце аб вашых дасягненнях за гэты перыяд.
– У 2007 годзе было прынята рашэнне райвыканкама аб рэгістрацыі нашай арганізацыі. Аднак і раней актыўныя жанчыны раёна аб’ядноўваліся і разам вырашалі пэўныя праблемы. У цэнтры нашай увагі была і застаецца сям’я і яе інтарэсы. У цяперашні час у скарбонцы нашага саюза дзясяткі сацыяльна значных праектаў, накіраваных на падтрымку жанчын, рашэнне сямейных праблем, умацаванне інстытута сям’і, ахову мацярынства і дзяцінства.
Па-першае, мы праводзім розныя мерапрыемствы ў рамках рэспубліканскіх конкурсаў, аглядаў, святаў, акцый, такіх як “Матчына цяпло”, “Лепшая шматдзетная сям‘я”, “Міжнародны дзень сям‘і”, “Дзень пажылых людзей” і “Жанчына года”. Таксама ўдзельнічаем у сацыяльна значных рухах і дабрачынных акцыях.
Адзін з накірункаў дзейнасці нашай арганізацыі – падрыхтоўка маладых людзей да сямейнага жыцця, выхаванне свядомага бацькоўства. Вялікі ўклад у гэтую працу ўносяць пярвічныя арганізацыі сельсаветаў у садзейнічанні з установамі адукацыі, аховы здароўя, культуры, ветэранскімі арганізацыямі.
Актывісткі «БСЖ» наведваюць дзіцячы сацыяльны прытулак, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання, а таксама аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў і людзей пажылога ўзросту. Не застаюцца па-за ўвагай прыёмныя і апякунскія сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. Для сем’яў, якія сутыкнуліся з сур’ёзнымі праблемамі, праводзім кансультацыі юрыстаў, педагогаў, спецыялістаў сацыяльных службаў.
Акрамя таго, стараемся дапамагаць жанчынам, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі і не ведаюць, як абараніць сябе. Разам з імі пераадольваем прававую недасведчанасць. Галоўнае, робім гэта ад усёй душы, выкарыстоўваем усе магчымасці для таго, каб сапраўды дапамагчы канкрэтнаму чалавеку.
– Якія задачы вы, дзелавыя жанчыны, сёння ставіце перад сабой?
– Мы, жанчыны, павінны трымацца разам, хоць бы таму, што так прасцей выжыць у гэтым складаным свеце. Сёння ў жаночым асяроддзі існуе мноства праблем. Гэта і бясплоднасць, жаночы і дзіцячы алкагалізм, і складанасці пры ўладкаванні на працу, калі пытанне вырашаецца не на карысць жанчын. Нам трэба адстойваць свае правы, даказваць свой высокі адукацыйны і прафесійны патэнцыял.
Пільнай увагі жаночай арганізацыі патрабуюць праблемы, звязаныя з самаўхіленнем асобных бацькоў ад выхавання сваіх дзяцей, нестабільнасцю шлюбаў, нізкай культурай унутрысямейных адносін. Пярвічным арганізацыям на месцах трэба надаць рабоце па вырашэнні гэтых праблем адраснасць, канкрэтную накіраванасць. Неабыякавыя адносіны грамадскасці да праблемных сем’яў заўсёды мелі эфектыўнасць.
У гэтай сувязі сумесна з раённымі суполкамі Таварыства Чырвонага Крыжа і «Беларускага фонду міру» працягнем развіццё дабрачыннай дзейнасці.
– Але любая дабрачыннасць немагчыма без годнай фінансавай падтрымкі…
– Менавіта таму плануем уводзіць для членаў нашага саюза сістэму мінімальных узносаў. Вядома, гэта кропля ў моры, але, як той казаў, нітка да ніткі – голаму кашуля. Будзем зацікаўліваць прадпрымальнікаў. На жаль, на сённяшні дзень сярод нас іх няма, але мы абавязкова знойдзем патэнцыйных мецэнатаў для аказання істотнай матэрыяльнай дапамогі жанчынам і сем’ям, якія жывуць у нястачы.
– Пытанне крыху не па тэме, але ўсё ж хацелася б даведацца пра асабіста Вашу любімую пару года?
– Я вельмі люблю лета. У гэтую пару я нарадзілася, і менавіта летам усё вакол буйна квітнее і дыхае жыццём.
– А што для Вас сапраўднае жаночае шчасце?
– У мяне вельмі добрая сям’я, адданыя сябры, калегі, і жыць я стараюся адным толькі пазітывам. Але, напэўна, як у любой жанчыны, шчасце асацыіруецца ў мяне з сапраўдным каханнем. Шчасце — гэта і калі ўсе твае родныя і блізкія жывыя і здаровыя, калі ў грамадстве пануе мір і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.
А яшчэ па асабістым вопыце ведаю, што адчуванне шчасця прыходзіць, калі штосьці камусьці ў гэтым свеце аддаеш, а не прымаеш, калі стараешся хоць чым-небудзь дапамагчы.
– Цікава, якая жанчына – гістарычная асоба або сучасны дзеяч – з’яўляецца для Вас кумірам?
– Узорам для пераймання на ўсе часы для мяне застаецца мама, якая адбылася ў жыцці і як клапатлівая жанчына-маці, і як цудоўная жанчына-жонка, і як ініцыятыўная жанчына-прафесіянал — Святлана Аляксандраўна Якімавец.
Яна ў мяне педагог, у свой час працавала дырэктарам Шаняўской сярэдняй школы, старшынёй Шаняўскога сельвыканкама, атрымала званне “Чалавек года” ў галіне адукацыі па Брэсцкай вобласці. Яе імя ўнесена нават у энцыклапедыю “Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Жанчыны Беларусі”.
Але ў цэлым любая жанчына, якая імкнецца дома падтрымліваць утульнасць, якую хвалюе дабрабыт сям’і і маральны стан дзяцей і якая пры гэтым горда нясе званне “жанчыны”, вартая пераймання.
– Ірына Аляксандраўна, што б Вы пажадалі нашым чытачкам?
– Дарагія жанчыны, займаючыся выхаваннем дзяцей і атачаючы ўвагай сваіх дамачадцаў, калі ласка, не забывайце пра сябе, знаходзьце час для развіцця і самаўдасканалення. На тое мы і жанчыны, каб паспяваць па-сапраўднаму жыць. Любіце сябе, шануйце сябе, тады і ўсе будуць вас паважаць.
Гутарыла Алена Зялевіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *