Пятница, 22 июня 2018

В Пружанах торжественно открыли неврологическое отделение. В новом здании и новое оборудование!

1 132

У мінулую суботу адбылося ўрачыстае адкрыццё неўралагічнага аддзялення Пружанскай раённай бальніцы, будаўніцтва якога вялося пяць апошніх гадоў. Значнасць падзеі падкрэслівала прысутнасць высокіх гасцей на чале са старшынёй Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта А.В.Лісам.

— Настолькі важны аб’ект пастаянна трымаўся на кантролі і па магчымасці сродкі выдзяляліся на яго першачаргова,— сказаў на цырымоніі адкрыцця Анатоль Васільевіч.— Падобныя інвестыцыі ў ахову здароўя неабходны як для падтрымання ўзроўню жыцця нашага народа на належным узроўні, так і для прыцягнення замежных турыстаў, якія ахвотна карыстаюцца беларускімі медыцынскімі паслугамі.

—У бягучым годзе гэта не першы ўзведзены будынак аховы здароўя ў вобласці, падобныя аб’екты адкрыліся ў Пінску, Баранавічах, Камянцы, Брэсце, запланавана на будучае будоўля ў іншых гарадах і рэгіёнах. Хочацца, каб усё гэта толькі павялічвала надзею людзей на папраўку, — адзначыў старшыня аблвыканкама.

Са свайго боку А.В.Ліс выказаў падзяку ўсім, хто ўдзельнічаў у пабудове неўралагічнага аддзялення, увядзенні ў эксплуатацыю абсталявання, праводзіў добраўпарадкаванне прылягаючай тэрыторыі.

Новы будынак сапраўды ўражвае. Будаўнікі, як адзначыў дырэктар ААТ «Рамбуд» В.Л.Кунінец, праявілі ўсю сваю стараннасць, каб аддзяленне адпавядала ўсім стандартам. Яго ніякім чынам нельга параўнаць з тым, дзе раней размяшчалася неўралогія.

Усяго на ўзвядзенне было выдаткавана каля 3,8 мільёна рублёў. Абноўлена і абсталяванне на суму каля 500 тысяч рублёў: набыты лічбавыя апараты рэнтгенкабінета, фізіятэрапеўтычнага кабінета і пакоя ЛФК. Дзякуючы такому аснашчэнню, узровень медыцынскага абслугоўвання наведвальнікаў і пацыентаў значна павысіцца.

Пад апладысменты сімвалічны ключ ад новага неўралагічнага аддзялення В.Л.Кунінец перадаў галоўнаму ўрачу раённай бальніцы В.М.Дараневічу. Разам з ім чырвоную стужку перарэзалі губернатар вобласці А.В.Ліс і старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч.

Трэба адзначыць, што новы корпус цэнтральнай раённай бальніцы змяшчае адразу некалькі структурных падраздзяленняў аховы здароўя. Усе новыя магчымасці прадэманстраваў высокім гасцям галоўны ўрач В.М.Дараневіч.

Першы паверх будынка адведзены пад кабінеты рэнтгеналогіі і фізіятэрапіі, на другім паверсе размясціліся палаты тэрапеўтычнага аддзялення, трэці паверх — неўралогія з палатамі рэабілітацыі, якія арганізаваны па іншых, больш зручных, прынцыпах. Цяпер сярод іх ёсць і пакоі павышанай камфортнасці для аказання платных паслуг.

Уразіла таксама новая станцыя пералівання крыві, якая размясцілася ў асобным крыле будынка.
Падчас экскурсіі А.В.Ліса асабліва цікавіў узровень заработнай платы, умовы, створаныя для затрымання маладых спецыялістаў у раённай галіне аховы здароўя. Неабходную інфармацыю давёў В.М.Дараневіч, які пры гэтым падкрэсліў, што паступова калектыў галіны маладзее. Як вынік, лідарамі па колькасці народжаных дзяцей з’яўляюцца менавіта пружанскія медыкі. Ёсць і пэўны рост заработнай платы, хаця хацелася б, каб ён быў больш адчувальным.

Напрыканцы свайго візіту старшыня аблвыканкама звярнуўся да работнікаў бальніцы, якія прысутнічалі на ўрачыстасці адкрыцця, з пытаннем наконт далейшага забеспячэння абсталяваннем. Медыкі папрасілі аказаць дапамогу ў набыцці камп’ютарнага тамографа. Гэтую праблему Анатоль Васільевіч паабяцаў дапамагчы вырашыць.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *