Вторник, 20 февраля 2018

Забытые имена. Трагическая судьба доктора Коробко

495

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі ў тыле ворага за жыццё і здароўе
людзей змагаліся сотні ўрачоў і медыцынскіх работнікаў. Гэтыя людзі, рызыкуючы сабой, штодня праяўлялі не меншы гераізм, чым байцы на перадавой, і сваімі намаганнямі набліжалі перамогу. Аднак прафесійныя і чалавечыя якасці многіх з іх засталіся незаўважанымі тагачасным рэжымам…
Уладзімір Ігнатавіч Каробка — дзіўны чалавек, урач ад Бога, самаадданы хірург, які за сваё жыццё вылечыў тысячы цяжкіх хворых, загойваў, здавалася, несумяшчальныя з жыццём раны, таксама аказаўся бяссільным супраць «душэўных» чалавечых хвароб – зайздрасці, подласці і здрады…

Ён нарадзіўся ў 1912-м   годзе ў в. Вялікія Якавічы (тады Пружанскага павета Гродзенскай губерні Расійскай імперыі) у сям’і царскага жандара. Калі пачалася Першая сусветная вайна, бацьку перавялі служыць у Рыгу, услед за ім пераехалі і родныя. З цяжкасцю перажыўшы нямецкую акупацыю і змену трох розных латвійскіх урадаў, вярнуліся дадому толькі восенню 1921 года, праз сем гадоў. Да гэтага часу на Пружаншчыне ўжо ўсталявалася польская ўлада, якая пачала праследаваць бацьку Валодзі  за «шчырую службу рускаму цару». Каб не  трапіць у рукі польскай паліцыі, Ігнат Каробка вымушаны быў эміграваць у ЗША. Ён хацеў забраць з сабой і жонку з сынам, аднак тыя адмовіліся і засталіся жыць у вёсцы, у хаце матулінага брата Восіпа Юльянавіча.

Першыя ўніверсітэты

У Якавічах адкрылі польскую школу, і Валодзя пайшоў у першы клас. Балазе, навучанне было бясплатным, цяжкасць для  беларускіх дзяцей заключалася толькі ў тым, што ўрокі вяліся на польскай мове, за выключэннем прадмета «рэлігіязнаўства». Па заканчэнні чатырох класаў пачатковай школы Валодзя быў пераведзены ў платную школу ў Пружанах, якую скончыў на «выдатна» ў 1931 годзе. І адразу паступіў у пружанскую гімназію імя  Адама Міцкевіча, дзе з першага курса маладыя людзі пачыналі вывучаць замежную мову: англійскую, французскую або нямецкую. Валодзя выбраў нямецкую, якая ў хуткім часе яму вельмі спатрэбілася. Усе гэтыя гады грошы на навучанне дасылаў бацька з Амерыкі.

У 1934 годзе ён атрымлівае ўзорны «атэстат сталасці» і едзе ў  Вільню паступаць у медыцынскі ўніверсітэт. Аднак восенню прызываецца ў польскую армію і  як былы гімназіст адразу накіроўваецца ў афіцэрскае вучылішча. Праслужыў адзін год і ў жніўні 1935-га вярнуўся дадому ў званні паручніка, у афіцэрскай форме. Не марнуючы часу, у верасні, настойліва ідучы за марай, паступае ў Віленскі медуніверсітэт, дзе большасць прадметаў выкладаюць на польскай, а самыя галоўныя дысцыпліны на нямецкай мове.У ліпені 1936-га года ў форме студэнта Валодзя шчаслівы прыязджае дадому, дзе яго чакае навіна: мама за грошы, высланыя бацькам з Амерыкі, купіла ўчастак у Пружанах і пабудавала дом (ён стаіць да гэтага часу па вуліцы Макаранкі, каля хлебазавода).
Першая сустрэча з Саветамі

У 1939-м у выніку паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь, па ўмовах кастрычніцкага савецка-літоўскага дагавора Вільня перадаецца Літве і шлях туды для студэнтаў з “акупаваных Саветамі” тэрыторый закрываецца, нават для тых, хто адвучыўся чатыры курсы, у тым ліку, і для Валодзі Каробкі.Ён звярнуўся ў Пружанскі гарсавет з просьбай выдаць накіраванне хоць у які-небудзь медыцынскі ўніверсітэт, каб скончыць вучобу. На што старшыня райкама партыі  таварыш Снегаў адказаў: «Не ведаем, куды Вас накіраваць.  Дапамагчы не зможам». Дапамаглі ў Брэсце: накіравалі у Львоўскі медінстытут, пасля заканчэння якога Каробка атрымаў дыплом з адзнакай па спецыяльнасці «ўрач-хірург». Аднак прафесура не паспела пажадаць выдатнаму дыпломніку шчаслівага працоўнага шляху: выпускны баль, прызначаны на 22 чэрвеня 1941 года, так і не адбыўся.

Праца ў акупаваных 

ПружанахПерадавыя часткі гітлераўскай арміі акупіравалі Львоў, і студэнты вырашылі раз’ехацца па дамах. Валодзя дабраўся да Пружан толькі праз тры тыдні. Рухаўся ў асноўным па прасёлкавых дарогах, спыняўся ў вёсках, дзе літасцівыя ўкраінскія жыхары забяспечвалі начлегам і харчаваннем.Апынуўшыся дома, адразу звярнуўся да нямецкага каменданта з просьбай даць магчымасць уладкавацца на працу. Той даў накіраванне ў гарадскую бальніцу, дзе тады працаваў  ужо будучы знакаміты ў Пружанах хірург Васіль Гарустовіч. Праз некаторы час Уладзіміра Каробку, урача шырокага профілю, які да таго ж выдатна валодаў нямецкай мовай і атрымліваў добрыя водгукі ад супрацоўнікаў, прызначылі галоўным урачом бальніцы, а памочніцай яго стала медсястра Марыя Веўжыняк. Працаваць было вельмі цяжка і небяспечна. Уладзімір Ігнатавіч знаходзіўся нібы паміж двух агнёў: урачэбная дапамога патрабавалася не толькі немцам, але і тым, хто з імі змагаўся. Але доктар ішоў на вялікую рызыку  і, згодна з клятвай Гіпакрата, лячыў усіх: і простых мясцовых жыхароў, і немцаў, і цяжкапараненых партызан, якіх удавалася пад чужымі імёнамі пакласці ў бальніцу. Акрамя таго, праз сувязных  ён адпраўляў у партызанскі атрад  лекі, бінты, шпрыцы, якія ўдавалася нейкім хітрым спосабам  выпісваць з Германіі. Неяк выпісаў нават гарлавы імплант, каб выратаваць партызана Верхаўца, які ў адным з баёў быў цяжка паранены ў шыю. Каробка зрабіў ноччу складаную аперацыю па ўстаноўцы пратэза. 

Пасляваенныя выпрабаванні

У нядзелю 16 ліпеня 1944 года войскі Чырвонай арміі ўвайшлі ў Пружаны і ў свабодных дамах па вуліцы, якая на той час называлася Школьнай (сёння Камсамольская), арганізавалі шпіталь. Сюды прывозілі параненых. Урач Каробка працаваў і днём, і ноччу, літаральна разрываючыся паміж бальніцай і шпіталем.А ў кастрычніку адбылася самая страшная ў яго жыцці падзея. Неяк ноччу ў дзверы хаты пастукалі. На парозе стаялі тры супрацоўнікі НКУС. Урача забралі без усялякіх тлумачэнняў і пасадзілі ў пружанскую турму, а праз некалькі дзён адвезлі ў Брэст. На яго пытанне: “За што?” — следчыя адказалі коратка: “За немцаў”. Наладжаная пазней вочная  стаўка паказала, што данос на яго напісаў сусед, якому Валодзя зрабіў вельмі шмат дабра, збіраўся нават падрамантаваць хату, але не паспеў.І вось  хірурга дэпартавалі ў лагер, у пасёлак Сухабязводнае Горкаўскай вобласці. Праз два месяцы, якраз 31 снежня, напярэдадні новага 1945-га года, «за антысавецкую агітацыю» арыштавалі  і маці – Ганну Юльянаўну, адпра-вілі  ў лагер у Архангельскую вобласць. У гэты час сусед вывез з хаты Каробкаў практычна ўсё: і запа-сы збожжа, і бульбу, і вопратку.

Развітанне з Радзімай

Адразу пасля перамогі па просьбе родных, што засталіся ў Пружанах, медсястра Марыя Веўжыняк, якая працавала разам з Каробкам і ведала, колькі партызан ён вылечыў, звязалася з тымі з іх, чые адрасы захоўвала. Былыя партызаны на чале з Верхаўцом (ён да таго часу ўжо наладзіў  сувязі з Мінскім гарсаветам)  падключыліся да работы па вызваленні з лагераў Валодзі і яго маці. Паўтара года па ўсіх магчымых адміністрацыйных каналах яны накі-роўвалі лісты ў іх абарону. Праз год, у красавіку 1946-га, Каробка быў вызвалены, а ў маі вярнулася і Ганна Юльянаўна.  Адразу па вяртанні дадому Валодзя аформіў дакументы і рэпатрыіраваўся ў Польшчу. Колькі яго ні ўгаворваў Васіль Гарустовіч, не захацеў заставацца: жыццё ў  горадзе страціла для яго ўсялякі сэнс. 

Уладзімір Ігнатавіч уладкаваўся ў бальніцу горада Лешна (Заходняя Польшча), дзе і працаваў да канца свайго жыцця, заваяваў павагу палякаў як лепшы ў акрузе хірург. Мама заставалася жыць у сваім доме да глыбокай старасці, пагадзілася пераехаць да сына толькі ў 1973 годзе, там неўзабаве і памерла. У 1977 годзе побач з ёй на ляшнянскіх могілках пахавалі і сына Валодзю, які памёр ад інсульту ў шпіталі ў Познані, не пакінуўшы пасля сябе нашчадкаў. Яго польскі дом прададзены і разабраны. А пружанскі стаіць да гэтага часу і, памяняўшы за гэтыя гады не аднаго гаспадара, нагадвае людзям старэйшага пакалення пра ўрача-чараўніка, які, як яны верылі, мог вылечыць ад любых хвароб.

Алена Зялевіч.
Фота з сямейнага архіва пляменніцы ўрача Галіны Завіжэнец.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *