Вторник, 19 июня 2018

Главный агроном о секрете урожайности в ОАО «Агро-Колядичи»

463

Сёлетні год, нягледзячы на капрызы надвор’я, быў удалым для земляробаў ААТ «Агра-Калядзічы». Валавы збор збожжа склаў 11,9 тысяч тон пры ўраджайнасці 60,4 цэнтнеры з гектара. А ўраджайнасць азімага рапсу перавысіла 40 цэнтнераў з гектара.
Зусім невыпадкова гаспадарка заняла другое месца ў абласным спаборніцтве за дасягненне высокіх паказчыкаў па выніках уборкі ўраджаю збожжавых і зернебабовых культур, а дырэктар П.С.Якімавец атрымаў заслужаную ўзнагароду на фестывалі-кірмашы працаўнікоў вёскі «Дажынкі-2017», які праходзіў у Давыд-Гарадку. Трэцяе месца ў сваёй намінацыі заняў у вобласці і галоўны аграном сельгаставарыства Л.У.Чарняк.

У чым жа сакрэт поспеху земляробаў ААТ «Агра-Калядзічы» на думку галоўнага агранома?
Як лічыць Леанід Уладзіміравіч, асаблівых сакрэтаў тут няма. Самае галоўнае — гэта захаванне тэхналагічнага рэгламенту вырошчвання культуры.

Леанід Чарняк дзеліцца сакрэтамі свайго поспеху. Але нейкіх таямніц у ім няма: галоўнае — дакладна і адказна выконваць тэхналогію.

Зразумела, што ўсё пачынаецца з падрыхтоўкі і запраўкі глебы ўгнаеннямі. Вельмі важна пасеяць якаснае насенне і абараніць пасевы ад шкоднікаў, пустазелля і хвароб. І, як лічыць галоўны спецыяліст, абавязкова патрэбна сябраваць з навукай.
Не паспела завяршыцца ўборачная кампанія — і земляробы «Агра-Калядзіч» ужо жывуць клопатамі пра ўраджай наступнага года.

— Восенню мы павінны пасеяць азімыя збожжавыя на зерне на плошчы 1330 гектараў. — кажа спецыяліст. —Трыцікале зойме 850 гектараў, пшаніца — 450, жыта — 30 гектараў.
У сельгаспрадпрыемстве высяваюць правераныя сарты збожжавых: пшаніцы — «багатка», «элегія», «аўгусціна»; трыцікале — «багатка» і «дзінара»; жыта — «алькора». Дарэчы, сёлета ўраджайнасць пшаніцы перавысіла 70 цэнтнераў з гектара, а жыта — 65 цэнтнераў. Сорт жыта «алькора» адносна ўстойлівы да палягання, не баіцца засухі і маразоў.

У таварыстве пакуль на палетках задзейнічаны два пасяўныя агрэгаты. Але, улічваючы дажджлівае надвор’е, хутка да іх будзе далучаны трэці.

— Паліва, фосфарных і калійных угнаенняў маем столькі, колькі патрэбна, — гаворыць Леанід Уладзіміравіч.
У той дзень, калі мы наведвалі гаспадарку, на палетку, дзе сеялі трыцікале, прысутнічаў прадстаўнік фірмы «BAYER» па Брэсцкай і Гродзенскай абласцях, кандыдат сельскагаспадарчых навук Уладзімір Тарасенка. Паказальна, што з фірмай «BAYER» у ААТ «Агра-Калядзічы» склаліся добрыя партнёрскія адносіны.

Падчас правядзення восеньскіх палявых работ шмат увагі надаецца іх удзельнікам. Усе яны забяспечваюцца гарачым харчаваннем, прычым абеды дастаўляюцца непасрэдна ў поле.
Галоўны аграном Л.У.Чарняк перакананы, што азімыя збожжавыя ў гаспадарцы будуць пасеяны ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны.

На здымку: прадстаўнік фірмы «BAYER» У.С.Тарасенка (злева) і галоўны аграном Л.У.Чарняк; на сяўбе азімага трыцікале ва ўрочышчы «Марынкі» працуе вопытны механізатар М.В.Траццяк.
Мікола Архуцік.  Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *