Вторник, 20 февраля 2018

145 человек обратились за компенсацией в «Белгосстрах» после разгула летних стихий

389

Нядаўна навукоўцы выступілі з чарговым папярэджаннем: колькасць прыродных катастроф з года ў год толькі павялічваецца, што з’яўляецца падставай для вельмі сумных прагнозаў наконт будучыні нашай цывілізацыі. Прызнацца, гэтыя высновы мяне, як, думаю, і многіх жыхароў нашай краіны, не вельмі палохаюць. Мы не знаходзімся ў зоне фарміравання тарнада, якія літаральна штогод «шліфуюць» паўночнаамерыканскі кантынент. Геаплатформа пад намі даволі старая, таму ніякія гораўтваральныя працэсы ў ёй не адбываюцца, а значыць, і землетрасенні для Беларусі — рэдкая з’ява. Няма побач буйных водных аб’ектаў, так што і моцная паводка рэспубліцы не пагражае. Атрымліваецца, што ў выпадку сусветнай прыроднай катастрофы беларусы перажывуць усіх?


На самай справе, усё, што адбываецца ў свеце, непасрэдна ўплывае і на Беларусь. Пацвярджэннем трывожных прагнозаў навукоўцаў можна лічыць бягучы год. Як паведамляе старшы інжынер групы арганізацыі функцыянавання дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны райаддзела па надзвычайных сітуацыях А.В. Чарнякевіч, па статыстыцы наступстваў розных прыродных стыхій сёлета былі пабіты ўсе рэкорды.

— У раённым бюджэце на ліквідацыю пашкоджанняў з-за моцнага ветру, падтапленняў у выніку праліўных дажджоў штогод закладваецца вызначаная сума, памер якой быў устаноўлены на аснове статыстычных разлікаў мінулых гадоў,— расказвае Андрэй Віктаравіч.— У дадатак напачатку кожнага года, і сёлетняга таксама, ствараецца своеасаблівы «непарушны запас» будаўнічых матэрыялаў, якія потым ідуць на рамонт разбураных дахаў і іншыя аднаўленчыя работы. І сёлета ўпершыню не хапіла ні грошай, ні рэсурсаў, з-за чаго наш раён быў вымушаны звяртацца па дапамогу ў вобласць.
Побач з гэтым больш сродкаў — амаль 13 тысяч рублёў —пайшло на выплату кампенсацый на аднаўленне застрахаваных аб’ектаў «Белдзяржстрахам». Асобным радком улічваюцца выплаты фізічным асобам, жыллё якіх пацярпела ў выніку стыхій: зарэгістравана 145 зваротаў грамадзян на агульную суму ўрону звыш 21 тысячы рублёў.

Прычынай такой сітуацыі аказаўся не рост цэн, а менавіта колькасць прыродных катастроф, што абрынуліся на Пружаншчыну толькі за летнія месяцы. На працягу ўсяго лета амаль кожны ты-дзень абвяшчаўся аранжавы ўзровень небяспекі. І практычна ўсялякі раз прагноз пацвярджаўся: навальніцы з моцнымі дажджамі і шквалістым ветрам сталі звычайнай з‘явай.
У параўнанні з мінулымі гадамі, калі на працягу «штармавога» сезона рэгістравалася не больш за 2-3 выпадкі пашкоджання стыхіяй дрэў, слупоў і дахаў, то ў бягучым годзе надвор’е паказала свой агідны характар. Нават у статыстыку здарэнняў былі ўнесены карэктывы з градацыяй катастроф на «складаныя» і «найскладанейшыя». Апошніх было зарэгістравана не менш за пяць! Зафіксавана толькі падтапленняў 32 выпадкі, акрамя таго, здараліся ўдары маланак у дамы і дрэвы, моцны вецер зрываў дахі ў прыватных домаўладаннях і вытворчых аб’ектах, лік якіх ідзе на дзясяткі.
Больш за ўсіх сёлета пацярпела ад прыродных стыхій вёска Белавусаўшчына і аднайменная гаспадарка. Асабліва «няшчаснымі» можна лічыць некалькі вытворчых аб’ектаў, дахі з якіх на працягу аднаго тыдня зрывала двойчы. Пацярпелі і жылыя дамы.
У трывожным спісе бягучага года Мокраўскае лясніцтва, дзе вецер выкарчаваў 30 гектараў лесу, вёскі Гарадняны, Вялікія Якавічы, Роўбіцк і некаторыя населеныя пункты на тэрыторыі ААТ «Жураўлінае». Падчас адной з навальніц моцна пацярпеў і сам райцэнтр, асабліва вуліцы Кастрычніцкая і Інтэрнацыянальная.
Калі аб’екты прамысловасці церпяць менавіта з-за таго, што вецер зрывае металачарапіцу або шыфер, то прыватнаму жыллю пагражаюць дрэвы, якія гаспадары высаджваюць непадалёк ад сваіх дамоў. У вёсцы Хвалава адразу некалькі паваленых дрэў літаральна знішчылі дах нежылога дома. У Мураве пад паваленай таполяй апынуўся аўтамабіль.

У ліквідацыі наступстваў заўсёды ўдзельнічаюць некалькі аварыйных службаў: як расказвае А.В.Чарнякевіч, пры абвяшчэнні аранжавага ўзроўню небяспекі трывожныя брыгады МНС, электрыкаў, газавікоў пераходзяць на ўзмоцнены рэжым дзяжурстваў. Як толькі прыходзіць паведамленне аб пашкоджаннях і разбурэннях, аварыйныя аўтамабілі адразу выязджаюць на месца для ліквідацыі наступстваў. І варта адзначыць, што работа праводзіцца вельмі аператыўна: рэдка калі яна зацягваецца на дзень, часцей адлік вя-дзецца на гадзіны. Потым працягваюць аднаўляць некрытычныя разбурэнні, але гэта работа іншага характару, якая не звязана з пагрозай жыццю і здароўю чалавека.
Узаемадзеянне паміж аварыйнымі службамі наладжана даволі сур’ёзна: адна адной яны дапамагаюць як тэхнікай, так і іншымі рэсурсамі.

Безумоўна, хацелася б спадзявацца, што такім «нестандартным» будзе толькі гэты год і што ў будучым надвор’е вырашыць больш не выпрабоўваць пружанцаў. Але падстаў для падобных прагнозаў нямнога. Таму, як раіць старшы інжынер РАНС, варта і самому паклапаціцца аб сваёй бяспецы. Напрыклад, пазбавіцца высокіх дрэў паблізу ад свайго дома, умацаваць яго дах.
Таксама пажадана сачыць за паведамленнямі службы МНС, якія могуць прыходзіць і ў выглядзе СМС-дасланняў. Падчас трывожнага папярэджання нельга пакідаць машыны пад дрэвамі. Калі пачынаецца моцны вецер, то лепш не выходзіць без важкай на тое прычыны з дому.Нагадаем, што аб усіх здарэннях неабходна адразу паведамляць па тэл.101. А пры ліквідацыі ўрону, як паказваюць прыклады разумных домаўласнікаў, прасцей за ўсё вырашаць пытанні тым, у каго жыллё было застрахавана.

Алег Сідарэнка.
Фота райаддзела па надзвычайных сітуацыях.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *