Вторник, 19 июня 2018

Подвиг каждого дня. В районной организации Белорусского общества инвалидов по зрению прошел вечер памяти Петра Филипповича Мычко

250

Ён умеў кахаць і быў любімым. Ён умеў тварыць і вучыў гэтаму іншых. Ён дарыў дабро, пакуль дыхаў, бо ведаў, што чарнавікі жыцця начыста не перапішаш…
На мінулым тыдні на базе раённай арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку прайшоў памятны вечар, прысвечаны ветэрану і інваліду вайны Пятру Піліпавічу Мычко.

З жыццём гэтага са-З жыццём гэтага са- праўды моцнага чалавека, які паказваў навакольным прыклад выключнай сілы волі, адданасці і самаахвярнага служэння людзям і справе, госці імпрэзы азнаёміліся, дзякуючы выдатнай прэзентацыі, падрыхтаванай работнікамі раённай бібліятэкі. Чорна-белыя здымкі з хатняга фотаальбома, кранальныя вершы і ўнікальныя кадры з дакументальнага фільма пра яго…

Пётр Піліпавіч нарадзіўся і вырас на Магілёўшчыне ў сялянскай шматдзетнай сям’і, у лёс якой жудасныя карэктывы ўнесла Вялікая Айчынная вайна. Двое з дзесяці дзяцей загінулі,  яшчэ двое вярнуліся з фронту інвалідамі. Адным з іх быў Пётр…

У сакавіку 1942 года дваццацігадовы лейтэнант, курсант Златавустаўскага  ваенна-інжынернага вучылішча, быў накіраваны на Калінінскі фронт у 2-ю інжынерна-мінную брыгаду на пасаду камандзіра ўзвода. З пачуццём доўгу і гарачым жаданнем адпомсціць ворагу за родных і блізкіх малады камандзір вёў свой узвод па цяжкіх дарогах вайны… Пакуль не сутыкнуўся ў адным з баёў тварам у твар са смерцю і выйшаў з няроўнага паядынку пераможцам. 

Сапраўды, пасля працяглага лячэння смерць адступіла, але  Пётр Мычко страціў абедзве рукі  і амаль аслеп. Ён быў прызнаны інвалідам І групы і камісаваны. Аднак гэтае выпрабаванне, зрэшты, як і ўсе наступныя, якія падкідвала яму  жыццё, ён вытрымаў з мужнасцю. Кожны дзень Пётр Піліпавіч здзяйсняў вялікі подзвіг, за які  не раздаюць  узнагарод. Кожны дзень ён сам зашпільваў гузікі на адзенні. Кожны дзень ішоў наперад, практычна не бачачы перад сабою дарогі. Кожны дзень проста зноў вучыўся жыць нармальным жыццём.У 1949-м годзе ён скончыў Мар’інагорскі сельскагаспадарчы тэхнікум па спецыяльнасці «аграном» і адпрацаваў некаторы час у сельскай гаспадарцы. А затым паступіў у Мінскую юрыдычную школу, пасля заканчэння якой чвэрць стагоддзя працаваў натарыусам у Ружанскай і Пружанскай натарыяльных канторах. За кароткі тэрмін стаў узорным спецыялістам і верным калегам.Яго баявыя ўзнагароды, шматлікія падзякі і граматы, а таксама нагрудны знак “Ганаровы работнік юстыцыі Беларусі” сведчаць аб добрасумленных адносінах Пятра Мычко да любой справы, за якую б гэты чалавек ні браўся. 

Але галоўную ўзнагароду – радасць простага чалавечага быцця, прасякнутага шчасцем і каханнем, – уручыла яму спадарожніца жыцця Вольга Дарафееўна. Разам яны гадавалі трох сваіх дзяцей. І як адзначыла на гэтым вечары старэйшая дачка Тамара,  дамачадцы нават часам забывалі, што ў мужа і таты няма рук: настолькі добра ён прызвычаіўся рабіць усё, што робіць любы здаровы чалавек. Дарэчы, пісаў  прыгожым каліграфічным почыркам, друкаваў на пішучай машынцы. А яшчэ  кожны дзень дарыў родным неверагоднае цяпло, ласку і клопат.

У гэты памятны вечар шмат цёплых слоў у адрас Пятра Мычко прагучала таксама з вуснаў сяброў і таварышаў па службе, шмат песень выканаў  хор ветэранаў «Чырвоны гваздзік»,  удзельнікам якога ён быў.  А старшыня праўлення раённай суполкі БелТІЗ Ігар Міхайлавіч Хамета паказаў гледачам дакументальны фільм «Любоўю абаронім»   пра жыццё Пятра Піліпавіча. І расказаў, што той, калі працаваў у свой час сакратаром пярвічнай арганізацыі таварыства,  падаваў усім прыклад, як трэба жыць і радавацца пражытаму дню, нягледзячы ні на што.

– Ён верыў у сябе, у свае магчымасці, верыў у людскую дабрыню, якая можа зрабіць па-сапраўднаму багатым і шчаслівым. Ніколі не замыкаўся на сваёй бядзе і іншым не дазваляў, нібы нябачнымі рукамі цягнуў усіх уверх, – адзначыла напрыканцы мерапрыемства даўні сябар сям’і Мычко, сакратар раённага савета ветэранаў Марыя Рыгораўна Чарвяк. – Гэта толькі кажуць, нібы моцныя не плачуць. Няпраўда. Проста яны ўмеюць хаваць ад лю-дзей свае пачырванелыя ад слёз вочы…

Алена Зялевіч.
Фота з архіва сям’і Мычко.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *