Четверг, 26 ноября 2020

Прививка от гриппа: делать или не делать?

2 154

Калі на вуліцы пахаладала і ў паліклініцы прыкметна пабольшала чарга на прыём да ўрачоў, асабліва да педыятраў, усе зноў загаварылі пра грып. А мы звярнуліся да загадчыка аддзела эпідэміялогіі цэнтра гігіены і эпідэміялогіі М.В.ЖУКОВІЧА.

— Грып з’яўляецца самым масавым інфекцыйным захворваннем,— зазначыў Максім Васільевіч,— Штогод ён выклікае эпідэміі, а перыядычна — нават пандэміі, якія ахопліваюць да 30% насельніцтва зямнога шара. Гэта вызначае галоўную актуальную сацыяльна-эканамічную і медыцынскую праблемы грыпу.

— Максім Васільевіч, што ўсё-такі трэба рабіць, каб не захварэць?

— Для папярэджання грыпу існуе некалькі метадаў. Іх дзеляць на спецыфічную (накіраваную на папярэджанне хваробы) і неспецыфічную (накіраваную на ўмацаванне ахоўных сіл арганізма) пра-філактыку. Неспецыфічная прафілактыка не гарантуе ахову ад заражэння вострай распіраторнай інфекцыяй (ВРІ) і грыпам. Таму больш падрабязна пагаворым аб спецыфічнай ахове, дакладней, вакцынапрафілактыцы (прышчэпках) і хіміяпрафілактыцы (прыёме спецыфічных лекавых прэпаратаў. Напрыклад, рэмантадзіну).
Парадокс заключаецца ў тым, што, нягледзячы на наяўнасць, даступнасць па кошту, добрую пераноснасць і эфектыўнасць супрацьгрыпозных вакцын, яны не робяцца ў поўнай меры. У сувязі з гэтым жыццё многіх людзей падвяргаецца смяротнай небяспецы.

— Каму абавязкова трэба вакцыніравацца?

— Увогуле, вакцынацыя супраць грыпу рэкамендуецца ўсім людзям. А асабліва дзецям і асобам старэй за 50 год. Менавіта ў гэтых узроставых груп існуе рызыка развіцця цяжкіх форм грыпу. Неабходна вакцынацыя жанчынам, якія рыхтуюцца стаць маці. Безумоўна, праводзіць яе патрэбна да цяжарнасці. Рызыка захворвання грыпам у цяжарных жанчын звязана з магчымасцю ўзнікнення ўнутрывантробных хвароб і недахопаў у развіцці плода.
Зрабіць прышчэпкі варта дарослым і дзецям з хранічнымі захворваннямі органаў сардэчна-сасудзістай, дыхальнай сістэм, хранічнымі хваробамі нырак. Рызыка развіцця цяжкіх форм грыпу ў такіх пацыентаў значна вышэй, чым у здаровых людзей. У катэгорыю асоб з абавязковай вакцынацыяй супраць грыпу ўваходзяць і хворыя цукровым дыябетам, дарослыя і дзеці з парушэннем функцыі імуннай сістэмы, а таксама асобы, якія з-за асаблівасцей сваёй прафесіі (выкладчыкі, выхавацелі, прадаўцы, урачы і г.д.) штодзень кантактуюць з вялікай колькасцю людзей.

— Лічыцца, што праводзіць вакцынацыю можна ў любы час года?

— Так. Але лепш пачынаць яе ўвосень, перад пачаткам грыпознага сезона. Пры гэтым трэба ўлічыць тэрмін у адзін-два тыдні, неабходны для выпрацоўкі імунітэту да вакцынных антыгенаў.
Найлепш прышчэпвацца ў кастрычніку-лістападзе, калі эпідэмія яшчэ не пачалася. Імунітэт выпрацоўваецца прыкладна два тыдні. Вакцынацыя ў час эпідэміі таксама эфектыўная. Аднак пры гэтым у перыяд да развіцця імунітэту (7-15 дзён пасля вакцынацыі) неабходна праводзіць прафілактыку іншымі сродкамі.

— Наколькі эфектыўна супрацьгрыпозная вакцынацыя?

— Яна не забяспечвае 100% аховы арганізму ад грыпу і яго ўскладненняў. Эфектыўнасць аднаразовай вакцынацыі ацэньваецца прыкладна ў 70-90%. Гэта значыць, 70-90% вакцынаваных людзей не захварэюць грыпам.
Трэба ведаць, што, акрамя віруса грыпу, ёсць шмат іншых вірусаў, выклікаючых ВРІЗ, ад якіх супрацьгрыпозная вакцынацыя не абавязана ахоўваць. Любы чалавек, нягледзячы на вакцынацыю ад грыпу, можа захварэць, напрыклад, адэнавіруснай інфекцыяй ці парагрыпам.
Зазначце, вакцыны мінулагодняга штамавага саставу ў бягучым сезоне малаэфектыўны (20-40% замест 70-90%). Таму перад вакцынацыяй абавязкова звярніце ўвагу на тое, для якога эпідэмічнага сезона прызначана вакцына. Такая інфармацыя звычайна размяшчаецца на знешняй упакоўцы вакцыны ці ў інструкцыі да яе.

— Многія баяцца небяспечных ускладненняў пасля вакцынацыі.

— Сапраўды, гэты міф застаецца сур’ёзнай перашкодай для больш шырокай вакцынацыі супраць грыпу. Аднак шматлікія даследаванні пацвярджаюць, што сучасная супрацьгрыпозная вакцына добра пераносіцца. Прыкладна 95% вакцынаваных не скардзяцца ўвогуле альбо адзначаюць толькі нязначны дыскамфорт пасля вакцынацыі.
Аднак пабочныя эфекты ўсё-такі могуць мець месца. У іх ліку слабасць, павышэнне тэмпературы цела, агульнае недамаганне, болі ў мышцах і суставах. Такія рэакцыі з’яўляюцца з клінічнага пункту гледжання неістотнымі і назіраюцца не больш як адзін-два дні. У рэдкіх выпадках магчымы алергічныя высыпанні на скуры, цяжкасць дыхання. Менавіта таму перад вакцынацыяй патрабуецца абавязковы агляд урача і вызначэнне супрацьпаказанняў.

— Максім Васільевіч, а ці не перагрузіць штогадовая вакцынацыя наш імунітэт? Ці не зменшыць яна агульную супраціўляльнасць арганізма да інфекцый?

— Клінічны вопыт дазваляе рабіць вывад, што вакцынацыя не зніжае ўзровень імуннай аховы. Наадварот, ёсць дадзеныя, што яна нават некалькі зніжае захворванне іншымі вострымі распіраторнымі інфекцыямі.
Кожны год вакцыны часткова мяняюць свой склад. Таму для арганізма вакцына з абноўленым штамавым складам з’яўляецца новай. Дадзеныя медыцынскага назірання за тымі, хто рабіў прышчэпкі на працягу чатырох гадоў запар, пацвярджаюць, што пры паўторнай вакцынацыі рост колькасці пабочных рэакцый не назіраецца.

Інтэрв’ю ўзяла Ганна ХАДАРОВІЧ.
P.S. Усе пытанні, якія тычацца прафілактыкі грыпу, можна задаць на «гарачую лінію» цэнтра гігіены і эпідэміялогіі па тэл. 9-35-31, 9-03-53 у рабочыя дні з 8.00 да 15.30 гадзін.
Па пытаннях правядзення прафілактычных прышчэпак трэба звяртацца па тэл. 7-37-70 (прышчэпачны кабінет цэнтральнай раённай бальніцы) па рабочых днях з 8.00 да 16.00 гадзін.

Для даведкі
За 2009 год па дапамогу ў медыцынскія ўстановы раёна звярнулася 17 012 чалавек, што перавысіла колькасць захварэўшых у 2008 г. (12500 чалавек) у 1,36 раза. Рост захворвання адзначаўся сярод асоб працаздольнага ўзросту (43% ад агульнай колькасці тых, хто звярнуўся да ўрачоў на працягу эпідсезона 2009-10гг.).
*
Эканамічны ўрон ад аднаго выпадку захворвання грыпам у Рэспубліцы Беларусь складае ў сярэднім 44 долары ЗША.
Кошт лячэння ў стацыянары абыходзіцца дзяржаве ў сярэднім у 200 долараў.
За год эканамічны ўрон у рэспубліцы ад эпідэміі грыпу складае каля 11 мільёнаў долараў.

Один комментарий

  • Катя, у тебя неплохо работает фантазия в плане картинок-заставок для темы. 😀
    З.Ы. так что там с интервью с грузчиками-правдорубами? 🙂

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *