Пятница, 22 июня 2018

В Давид-Городке наградили лучших тружеников села. Областные «Дожинки-2019» пройдут в Ружанах

738

Пасля натхнёнай бітвы за ўраджай, калі ўбраная з палёў збажына паспяхова перавезена ў засекі, шчырыя вясковыя працаўнікі могуць перавесці дыханне, адпачыць і падвесці вынікі зробленага. Гэта і адбылося на абласным фестывалі-кірмашы “Дажынкі-2017”, які ў мінулую суботу гасцінна прымаў Давыд-Гарадок, што на Століншчыне.

Адметна, што першы  абласны хлебаробчы фестываль-кірмаш, які прайшоў у Століне ў 1997 годзе,  праз дваццаць гадоў менавіта на гэтай зямлі зноў паклаў добрую традыцыю правядзення “Дажынак” ужо ў малых гарадах. Давыд-Гарадок стаў першым у гэтым спісе. Як паведаміў старшыня абласнога выканаўчага камітэта А.В.Ліс, у наступным годзе абласныя “Дажынкі” будуць праведзены ў Высокім, а ў 2019 годзе пройдуць у г.п.Ружаны. 

Варта аддаць належнае гаспадарам, якія да гэтага абласнога свята не толькі ўпрыгожылі свой горад, але і зрабілі ўсё магчымае, каб шматлікія госці перажылі надзвычай радасныя, яркія і незабыўныя ўражанні. 

Ветлівасць гаспадароў пружанская дэлегацыя на чале з кіраўніком раёна адчула адразу на мяжы  раёна: гасцінныя столінцы сустракалі пружанцаў з караваем новага ўраджаю, які са словамі прывітання ўручылі старшыні райвыканкама М.М.Крэйдзічу. Варта адзначыць, што сардэчнасць прыёму на столінскай зямлі адчувалася на працягу ўсяго свята: і на святочным кірмашы, і ў горадзе майстроў, дзе працавала  выстава народнай творчасці, і падчас шэсця. 

Адкрываючы “Дажынкі- 2017”, старшыня Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта А.В.Ліс ад душы павіншаваў усіх са святам ураджаю і адзначыў, што хлебаробы Брэстчыны дастойна справіліся з уборкай збожжа і ўнеслі свой уклад у рэспубліканскі каравай. 

—Дзякуючы вашай працы, цярпенню і майстэрству, — адзначыў Анатоль Васільевіч, звяртаючыся да прысутных, — вобласць у чарговы раз пацвердзіла статус развітага аграрнага рэгіёна і была ўдастоена высокай ацэнкі кіраўніка дзяржавы падчас яго нядаўняга візіту ў нашу вобласць. Нягледзячы на тое, што тэрміны ўборкі ў па-раўнанні з мінулым годам зрушыліся на 10 дзён і паралельна ўбіралі лён, рыхтавалі травяністыя кармы, сеялі рапс, праводзілі іншыя палявыя работы, уборку ўраджаю правялі як ніколі арганізавана – асноўныя плошчы збожжавых культур убралі за 20 дзён. 

Не без задавальнення губернатар адзначыў, што валавы збор збожжавых культур  склаў звыш 1,2 мільёны тон пры сярэдняй ураджайнасці 36,7 цэнтнера з гектара.  Не першы год у лідарах сярод раёнаў па намалоце больш 100 тысяч тон збожжа – Баранавіцкі  (157 тысяч тон), Пружанскі  (133 тысячы тон), Камянецкі (115 тысяч тон) раёны. Самая высокая ўраджайнасць у Брэсцкім раёне – 48 цэнтнераў з гектара. У Пружанскім і Камянецкім – па 43 цэнтнеры з гектара і гэта трэцяя пазіцыя ў вобласці пасля Баранавіцкага раёна, ураджайнасць у якім склала 44 цэнтнеры з гектара. 

Больш шчодрымі аказаліся палі з пшаніцай у Брэсцкім раёне, дзе ў сярэднім з аднаго гектара сабрана па 58 цэнтнераў, у Камянецкім і Пружанскім – амаль па 52 цэнтнеры.

 Рубеж у 50 цэнтнераў з гектара збожжавых і зернебабовых культур перавысілі 14 гаспадарак вобласці. Яшчэ сем гаспадарак дабіліся ўраджайнасці звыш 60 цэнтнераў з гектара. А лідарам па ўраджайнасці сярод гаспадарак вобласці стала ААТ “Агра-Кобрынскае”, дзе ў сярэднім з аднаго гектара сабралі па 70 цэнтнераў збожжа. «І гэта ўсё – праца людзей, якія вырасцілі і без страт сабралі ўраджай», — сказаў А.В.Ліс.  

Сёлета ў вобласці 316 экіпажаў намалацілі звыш  1 тысячы тон збожжа, у тым ліку, у Баранавіцкім раёне – 74 экіпажы, Камянецкім – 48, Пружанскім – 46. Звыш 2 тысяч тон збожжа намалацілі 13 экіпажаў. Словы ўдзячнасці за працу губернатар адрасаваў працаўнікам сяла і напомніў, што пачалася ўжо закладка падмурка ўраджаю наступнага года і што ўсе работы патрэбна правесці якасна і своечасова. На будучы год даведзена сур’ёзная задача – атрымаць не менш за 1,5 мільёна тон збожжа. 
Старшыня аблвыканкама ўручыў узнагароды пераможцам спаборніцтва на ўборцы ўраджаю. Вельмі прыемна, што сярод раёнаў, якія перамаглі ў вытворчасці збожжа, другое месца ў вобласці заняў Пружанскі. Зусім нязначна нас апярэдзіў Брэсцкі, на трэцім месцы – Камянецкі раён. Сярод сельгасарганізацый таксама другое месца ў вобласці заняла ААТ “Агра-Калядзічы”. Заслужаныя ўзнагароды старшыні райвыканкама М.М.Крэйдзічу і дырэктару ААТ «Агра-Калядзічы» П.С.Якімаўцу ўручыў А.В.Ліс.

Адметна, што сярод лепшых майстроў вытворчага навучання і навучэнцаў узнагароду, як пераможцы, атрымалі прадстаўнікі Пружанскага аграрна-тэхнічнага каледжа: майстар вытворчага навучання А.В. Ніканчук і навучэнец В.У. Янушкевіч.  Першы намеснік старшыні аблвыканкама М.В.Токар уручыў узнагароды тым працаўнікам, хто па выніках спаборніцтва за-няў другія і трэція месцы. Сярод  нашых землякоў такой пашаны быў удастоены галоўны аграном  ААТ “Агра-Калядзічы” Л.У. Чарняк.

Лепшых работнікаў за самаадданую працу ўзнагародзіла і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Сярод прадстаўнікоў пружанскай дэлегацыі Ганаровую грамату атрымала намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.Х.Лапыка, Па-дзяку міністра – галоўны інжынер ААТ “Ружаны-Агра” С.А. Роўгач. Лепшых работнікаў за самаадданую працу ўзнагародзіла і Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання. Сярод прадстаўнікоў пружанскай дэлегацыі Ганаровую грамату атрымала намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання А.Х.Лапыка, Падзяку міністра – галоўны інжынер ААТ “Ружаны-Агра” С.А. Роўгач. 

Як лепшыя кіраўнікі сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Брэсцкай вобласці па заслужаныя ўзнагароды на сцэну падымаліся дырэктар ААТ “Велікасельскае-Агра” В.Л.Севасцьянчык і дырэктар ААТ “Шані-аграпрадукт” А.В.Камінскі.  Таксама была адзначана праца дырэктара ААТ «Пружанскі малочны камбінат» У.М.Мікіціча. Па выніках абласнога агляду санітарнага стану і добраўпарадкавання населеных пунктаў  таксама былі ўзнагароджаны прадстаўнікі Пружаншчыны – старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч і старшыня Мокраўскага сельскага Савета дэпутатаў С.М.Ханавец. Узнагароды ім уручыў намеснік старшыні аблвыканкама В.Я.Сакоўскі. 
Адразу пасля ўрачыстага ўзнагароджання пераможцаў для ўдзельнікаў “Дажынак” быў дадзены цудоўны канцэрт. Працавалі гандлёвыя рады і дзіцячыя пляцоўкі, ладзіліся спартыўныя мерапрыемствы, былі арганізаваны нават спаборніцтвы на конных павозках. Словам, свята было арганізавана так удала, што задушэўна адпачыць мог любы чалавек, які завітаў сюды.У рамках фестывалю-кірмашу адбыўся і абласны этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”. І зноў жа, да нашай радасці  перамогу атрымала менавіта сям’я з Ружаншчыны – Андрэй і Вольга Гайдукі.
Галіна Каляда. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *