Понедельник, 28 сентября 2020

Яшчэ адно свята ў Ружанах, або Як Сапегі сустракалі гасцей

1 449

25 жніўня на тэрыторыі Ружанскага палацавага комплексу роду Сапегаў было людна. Да размаху “Ружанскай брамы”, зразумела, не імкнуліся. Але мерапрыемства, наладжанае ў рамках ініцыятывы “Павышэнне турыстычнага патэнцыялу пасёлка Ружаны” праекта “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН), безумоўна, стала яшчэ адной адметнай падзеяй у жыцці ружанцаў і ўсіх, хто завітаў сюды ў гэты вечар.

Нагадаем, што сума Нагадаем, што сума  гранта складае  25 060 еўра. За час рэалізацыі ініцыятывы на пад’ездах да пасёлка былі ўсталяваны інфармацыйныя шчыты аб турыстычнай прывабнасці Ружан, асноўныя славутасці пасёлка аснашчаны шыльдамі з QR-кодамі. Новыя каваныя лавачкі ўдала спалучаюць зручнасць і стыль. Каля возера Паперня абсталявана зона адпачынку. На асноўных аб’ектах турыстычнай інфраструктуры створана безбар’ернае асяроддзе для інвалідаў па зроку. 
Свята “Сапегі сустракаюць гасцей” пачалося з тэатралізаванага прадстаўлення. С Сам Леў Сапега разам з жонкай  Даротай і яе дачкой Барбарай запрасіў прысутных на тэрыторыю палацавага комплексу. Відовішчнасць падзеі надалі выступленні юных артыстаў народнай студыі моды “Папараць-кветка” ЦТДМ г.Пружаны.  Калі жыхары нашага раёна прывыклі да выступленняў выхаванцаў Веры Міхайлаўны Лапукі, то каардынатараў праекта прыгажосць касцюмаў і грацыя юных мадэляў уразілі па-сапраўднаму.

Атмасферу былых эпох падтрымалі члены мінскага рыцарскага клуба “Гівойт”.  Гукі валынак, скрыпкі і барабана, якія луналі між старажытных сцен вымушалі паверыць, што на двары — ХVІ стагоддзе.Прадстаўнікі “Гівойта” наогул задалі тон усяму мерапрыемству. Рыцары вучылі ўсіх цікаўных страляць з лука, трымаць меч, а музыкі сабралі малых і  старых у карагод, і на пляцоўцы пачаўся майстар-клас па старажытных танцах. Тых, хто стаміўся, чакала палатка з ежай. На  свяце вырашылі абысціся без спіртнога, задаволіць смагу можна было кісялём ці мядовым збітнем. Стравы, якія былі прапанаваны, таксама адпавядалі атмасферы мерапрыемства. Спецыяльна для «князёў Сапегаў» і іх гасцей работнікі ФПР КПП кафэ “Ружанка” аднавілі старадаўнія беларускія рэцэпты. У гэты вечар частавалі прысутных гамулай (запечаныя з мёдам яблыкі), смажанкай са свініны і рабіны, кашай-семянухай (грэчка, засмажаная цыбуляй  і грыбамі), салодкай рысавай куццёй з макам, мёдам і разынкамі, запечанай у гарбузе… Не абышлося і без добра знаёмых нам сёння бабкі і «пальцам пханай» каўбасы, а дзятва з задавальненнем умінала варэнікі з разнастайным начыннем. 
На памяць аб наведванні Ружан можна было набыць сувеніры ў музейнай лаўцы ці ў рамеснікаў, якім таксама знайшлося месца на палацавай плошчы. Захаваць момант на памяць можна было  з дапамогай імгненнага фота, але больш цярплівыя маглі атрымаць свой партрэт, намаляваны народным майстрам Марыяй Кулецкай. Яна таксама праводзіла і майстар клас. Павучыцца карпатліваму майстэрству выцінанкі можна было ў ружанскага мастака Юрыя Малышэўскага. 

Калі на двары ўладарыў “Гівойт”, то ў музейных залах панавалі пружанскія калектывы. Танцоры народнага ансамбля “Спадчына” пад кіраўніцтвам Валянціны Іскаліевай вучылі жадаючых танцаваць менуэт і паланэз. Святлана Машкала пад акампанемент струннага квартэта “Archi” спявала рамансы. Для тых, хто не знаёмы з гісторыяй роду Сапегаў і Ружаншчыны наогул, навуковыя супрацоўнікі музея Яўген Крышчанка і Іна Нячай без перапынку паведамлялі цікавыя звесткі.Завяршылася свята «Сялянскай вечарынай», якую падрыхтаваў вакальны гурт “Смаляначка” з Навасёлкаўскага СДК, і шыкоўным паланэзам на двары.

Кацярына ПАШКЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Один комментарий

  • Zmicer

    Добра, што хоць нешта робіцца, але чаму банер на рускай мове? Што будзеце казаць турыстам?

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *