Четверг, 20 сентября 2018

В Кринице прошел районный этап проекта «Властелин села». На область едет семья Гайдук с ОАО «Ружаны-Агро»

980

Эх, жыў бы яшчэ мой дзядуля, жыла б мая бабуля, яны расказалі б вам… Не, не казку, а самую сапраўдную быль: як жылі і працавалі, як спявалі і сябравалі былыя вясковыя жыхары, тыя, колішнія «ўладары сяла»…
Але сёння ў вёсцы жыццё ладзіцца па-іншаму, часам амаль па-гарадскому. І калі збіраюцца маладыя сем‘і паспаборнічаць ды талентамі памерацца, то наладжваюць з гэтай нагоды яркае шоу…

Шумнае яркае мерапрыемства, якое адбывалася ў мінулую суботу ў вёсцы Крыніца, пахо-дзіла больш на казку: тут на пляцоўцы пад адкрытым небам, пад гарачым сонцам ды перад гледачамі, якія  зручна расселіся на дабротных лаўках з пушчанскага дуба, разгарнуліся раённыя спаборніцтвы ў рамках рэспубліканскага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла”.Дзесяць маладых сем’яў з розных куткоў Пружаншчыны – сямейныя пары Шаўлюкоў і Гайдукоў  (ААТ «Ружаны-Агра»), Буйноўскіх і Гарустовічаў (ААТ «Жураўлінае»), Дахно (ААТ “Шані-аграпрадукт”), Дульчэўскіх (ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс”), Ігнацьевых (ААТ «Айчына»), Хаянаў (філіял РУП “Брэст-энерга” «Аграэнэрга Зеляневічы»), Масікаў (ААТ «Ліноўскае») і Лаптановічаў (ААТ «Эксперыментальная база «Белавусаўшчына») – у пяці конкурсах высвятлялі паміж сабой, хто з іх самы вясёлы, актыўны, дружны і гаспадарлівы. 

Варта расказаць, што аценьвала работу строгае журы, у склад якога ўваходзілі арганізатары конкурсу: прадстаўнікі раённага аб‘яднання прафсаюзаў і райкама прафсаюза работнікаў аграпрымысловага комплексу, раённай арганізацыі «БРСМ», а таксама аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама.

Смачна есці!
Звычайна народныя казкі заканчваюцца гуляннем, але ў нашым выпадку ўсё было наадварот: абрусы-самаборы разгарнуліся ў самым пачатку.
Сталы літаральна гнуліся ад розных прысмакаў. Пад пальмамі з алівак прываб-лівала запечаная цар-рыба, непадалёк ад яе расцягнуліся фаршыраваны шчупак і курачка Раба з яблыкамі, вакол квітнелі ружы з бліноў, буракоў і памідораў. Пахацелі бабкі, мачанкі, кумпякі і каўбасы, вабілі пухнатыя пончыкі, піражкі і караваі, плылі бульбяныя караблі пад ветразямі з сала, ракой ліліся ягадныя морсы і квасы…
Нядзіўна, што журы вырашыла ў гэтым туры падзяліць толькі першыя і другія месцы паміж усімі ўдзельнікамі. Такім чынам, за сталамі прайграўшых не было.

Касі, каса
Цяжка было вызначыць пераможцаў і на “сенажаці”. Наогул, гэты конкурс, у якім мужчынам патрэбна было выкасіць палоску травы, а жанчынам хуценька скласці атаву ў стажкі, паказаў, што “ўсё сваё трэба насіць з сабой”, нават касу. І тады не давядзецца наракаць на «тупы інструмент».
Не абышлося без спрэчак і сярод балельшчыкаў. Адны падганялі канкурсантаў гучнымі крыкамі і апладысментамі, а іншыя, сапраўдныя гаспадары, патрабавалі ад касцоў «шырокага захвату і нізкай пожні». Але дзе там! Было відавочна, што некаторыя з мужчын у сваёй гаспадарцы ўжо даўно перайшлі на газонакасілку і прадэманстравалі гледачам хутчэй бег з касой, а не сапраўднае майстэрства пакосу.

Дрывасек
У гэтым конкурсе для дужых, дзе разам з мужчынамі за гонар сям’і змагаліся і далікатныя гаспадыні, некаторых удзельнікаў таксама падводзіў інструмент. Але члены журы праявілі бясспрэчную аб’ектыўнасць.
Хутчэй за усіх распілавалі вялізныя бярвенні двуручнай пілой, пасеклі і склалі дровы Мікалай і Аксана Дульчэўскія, якім не было роўных у спрыце. Крыху саступілі ім дзве ружанскія сям’і – Гайдукоў і Шаўлюкоў. Дарэчы, менавіта Аляксандр Аляксеевіч Шаўлюк атрымаў ад балельшчыкаў тытул “лепшага дрывасека”, бо амаль імгненна, у некалькі замахаў, раскалоў бярвенні прама на зямлі, пагрэбаваўшы калодай.
Увогуле прыемна было назіраць, як сапраўдныя мужчыны імкнуліся дапамагчы нават жанчынам-саперніцам падняць і пакласці бярвенні на “казлы”.

Вясёлая сямейка
У гэтым гаспадарча-спартыўным конкурсе мужчыне патрэбна было прынесці ведзярко вады, жанчыне — налупіць бульбы, памыць яе і потым разам з мужам, узяўшыся за вядро, прыбегчы на фініш.Калі верыць секундамеру, то самымі спрытнымі кухарамі зноў аказаліся “лесарубы” Дульчэўскія. Улічваючы, што яны, у адрозненне ад сапернікаў, не паспелі нават і крыху адпачыць, бо апошнімі прыступілі да пілавання дроў, усё роўна беглі хутка і смяяліся больш за усіх. Бачна, што прывыклі ўсё рабіць разам і з запалам.

Візітная карткаЗаключны, музычна-паэтычны этап, паказаў, што ў Пружанскім раёне жывуць не толькі прыгожыя, гасцінныя і энергічныя, але яшчэ і вельмі таленавітыя людзі з унікальнымі творчымі здольнасцямі. Даць адзнаку ім аказалася складана нават для кампетэнтнага журы. Было вырашана прысудзіць адразу шэсць першых месцаў.
І зноў лікавалі Дульчэўскія, якія вясёлай песняй “Усмешка” рассмяшылі і сваіх, і чужых балельшчыкаў.
Ружанцы – сем’і Шаўлюкоў і Гайдукоў – кранулі да глыбіні душы сваімі цудоўнымі вершаванымі аўтарскімі прэзентацыямі. Як самыя таленавітыя спевакі адзначыліся Хаямы і Масікі.
Яркім і прыгожым было і выступленне шматдзетнай сям’і Лаптановічаў, усе члены якой былі апрануты ў цудоўныя вышытыя сарочкі. Адзначым, што тата з кашуляй не раставаўся на працягу ўсяго дня, чым надаваў асаблівы каларыт усяму святу.
Аднак у выніку па колькасці набраных балаў  Лаптановічы і Дульчэўскія падзялілі паміж сабой толькі трэцяе месца, на другім аказалася сям’я Шаўлюкоў, а абсалютнымі пераможцамі праекта сталі Андрэй і Вольга Гайдукі з ААТ «Ружаны-Агра». Ужо ў суботу, 2 верасня, яны прымуць удзел у абласным этапе конкурсу, які пройдзе падчас абласных “Дажынак” у Давыд-Гарадку. Пажадаем ім поспехаў і ўдачы!

Замест пасляслоўя
Конкурс прайшоў весела, бо ўвесь час на сцэне ішоў канцэрт… Як і належыць, арганізатары выказвалі асаблівую ўдзячнасць музыкантам і артыстам. Аднак заўважу, што ў некаторых гледачоў узніклі пытанні да музычных фанаграм з катэгорыі “18 мне уже”, ужыванне якіх на такіх сямейных святах недарэчна. А асабіста мне здаецца, калі мы сапраўды імкнемся праз такія конкурсы адрадзіць беларускую вёску, то і прытрымлівацца павінны нацыянальнай канцепцыі з прыцягненнем узорнай музычнай спадчыны “Песняроў”, “Сяброў” і іншых выдатных беларускіх выканаўцаў, а не папсовай псеўдамузыкі.

Алена Зялевіч. Фота аўтара.

2 комментариев

  • валерий

    как свезатся с авторам фота

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *