Воскресенье, 23 сентября 2018

Безопасность мужчин в женских руках. Интервью с инженером по охране труда и технике безопасности ОАО «Мурава» Ниной Гавра

388

Інжынер па ахове працы і тэхніцы бяспекі ААТ «Мурава» Ніна Іванаўна Гаўра — адна з нямногіх жанчын, якія займаюць падобныя пасады ў сельгаспрадпрыемствах раёна. Яна, як кажуць, «мясцовая»: нарадзілася ў вёсцы Мурава ў сям’і, дзе выхоўвалася трое дзяцей. Бацька працаваў у тагачасным калгасе імя Калініна будаўніком, а маці — свінаркай.

Закончыла Мураўскую СШ толькі з дзвюма «чацвёркамі» ў атэстаце (па пяцібальнай сістэме, зразумела).
Падчас вучобы праяўляліся схільнасці да дакладных навук: ёй вельмі падабаліся фізіка і матэматыка, задачы па геаметрыі. Таму пасля школы дзяўчына вырашыла паступаць у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі. Выбрала спецыяльнасць «аўтаматызацыя птушкаводства», але… не набрала неабходнай колькасці балаў і не прайшла па конкурсу.
Ніна не апусціла рукі пры першай няўдачы, вырашыла ў гэтым жа інстытуце набываць прафесію інжынера-механіка без адрыву ад вытворчасці. А сама пайшла працаваць у родную гаспадарку. Спачатку была лабаранткай на МТФ «Навасёлкі», а неўзабаве яе перавялі нарміроўшчыцай.
Як цяпер успамінае Ніна Іванаўна, вучыцца па такой мужчынскай спецыяльнасці было даволі няпроста. У групе было ўсяго толькі дзве дзяўчыны. А самым складаным прадметам аказалася для студэнткі начартальная геаметрыя. Але дзяўчына справілася са складанасцямі, атрымала вышэйшую адукацыю і набыла спецыяльнасць інжынера-механіка.
У 1981 годзе Ніна Іванаўна заняла ў калгасе пасаду інжынера па ахове працы і тэхніцы бяспекі. А яшчэ праз год выйшла замуж за Міхаіла Гаўру, хлопца з суседняй вёскі Ізбіцы, які ў той час працаваў аграномам у гаспадарцы Брэсцкага раёна, з‘ехала да мужа. Але праз некаторы час маладая сям’я вярнулася на малую радзіму, атрымала жыллё і работу.
З таго часу непрыкметна праляцела больш за трыццаць гадоў. Ніна Іванаўна так і працягвае займацца аховай працы ў ААТ «Мурава». Увогуле клопатаў у яе хапае. Яна сама праводзіць раніцай медасведчанне вадзіцеляў і механізатараў перад выездам з мехдвара. Важнае месца займае атэстацыя рабочых месцаў. У таварыстве з 2009 года ўведзена сістэма кіравання аховай працы. Ніна Іванаўна адказвае таксама за пажарную і экалагічную бяспеку.
За ўвесь перыяд яе работы сустракалася толькі з двума выпадкамі траўматызму з трагічным зыходам, але, зразумела, падобныя няшчасці памятаюцца больш, чым дні і гады безаварыйнай, стабільнай працы. Па словах Ніны Іванаўны, самы небяспечны час у плане траўматызму — гэта перыяд пасяўной, нарыхтоўкі кармоў, уборкі збожжавых і цукровых буракоў. У тым, што ў ААТ «Мурава» ўсе гэтыя работы праходзяць спакойна, безумоўна, вялікая заслуга інжынера па ахове працы і тэхніцы бяспекі.
Аглядаючыся назад, Ніна Іванаўна лічыць, што пражытыя гады можна лічыць шчаслівымі. І не толькі ў працоўным плане. Разам з мужам выгадавалі сына і дачку. Падрастаюць двое ўнукаў.

— Самыя яркія ўспаміны дзяцінства?
— Дапамога дарослым па гаспадарцы. Вельмі любіла працаваць разам з бабуляй.
— Кім марылі стаць у дзяцінстве?
— У раннім дзяцінстве хацелася стаць настаўніцай.
— Самае галоўнае, чаму Вас у дзяцінстве навучылі бацькі?
— Слухацца дарослых. Паважаць працу на зямлі.
— Якія прадметы больш за ўсё падабаліся ў школе?
— Матэматыка і фізіка.
— Любімая мясціна на зямлі?
— Гэта вёска Мурава, дзе я нарадзілася. Да гэтага часу захавалася бацькоўская хата.
— Самы памятны дзень у жыцці?
— Нараджэнне сына і дачкі.
— На што Вам не шкада патраціць грошы?
— На патрэбы сваіх дзяцей.
— Што больш падабаецца: зіма або лета?
— Вядома ж, лета.
— Сава ці жаўрук?
— Штодзень падымаюся ў 5.30 гадзін, таму лічу, што жаўрук.
— Кніга ці кіно?
— Аддаю перавагу кнізе.
— Любімы занятак у вольны час?
— Праца на агародзе. Кансерваванне з агародніны і садавіны.
— Любімы пісьменнік?
— Леў Талстой.
— Чорны ці белы?
— Аддаю перавагу беламу колеру.
— Дарыць ці атрымліваць падарункі?
— Больш люблю дарыць.
— Любімы від спорту?
— Валейбол.
— Калі б усё давялося пачаць спачатку?
— Паўтарыла б свой жыццёвы шлях.

Мікола Архуцік. Фота Сяргея Талашкевіча. 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *