Воскресенье, 20 мая 2018

Фотафакт: буслы на палацыку

361

…А як маё сэрца шчымела ў смузе –
У вырай пачаў ён збірацца,
Стаяў, задумёны, на доўгай назе,
Як флюгер на панскім палацы.
Пятрусь Броўка.

Прайшоў Яблычны Спас… Як кажуць у народзе, “восень хутка прыйдзе да нас”. Нават паветра ўранку і вечарам пачынае пахнуць восенню. Халодны подых яе першымі адчулі на сабе птушкі, таму і пачалі збірацца ў вырай, каб ляцець услед за цяплом. Буслы сталі злятацца ў чародкі, прычым, не толькі на палетках і ўзгорках, а нават у гарадах, паблізу чалавека.

Вось і напрыканцы мінулага тыдня наведвальнікі гарадскога парка і жыхары бліжэйшых вуліц назіралі надзвычай прыгожую з’яву. Увечары палацык і суседнія дрэвы аблюбавалі дзясяткі два гэтых спрадвечна беларускіх птушак. І настаў сапраўдны бусліны час…
Як у казцы, буслы праводзілі дзіўныя невытлумачальныя манёўры. Спачатку на захадзе і ўсходзе яны выставілі сур’ёзную варту: два крылатыя “салдаты” велічна заціхлі на вежы палацыка, яшчэ адзін волат размясціўся на самай вяршыні высокага сухога дрэва і, як флюгер, стаў круціцца навокал. Асноўны састаў буслінага атрада моўчкі акупаваў суседнія лістоўніцы і дубы – птушкі павіслі на галінах як вялізныя ёлачныя цацкі.
А важак, быццам дырыжор гэтага незвычайнага ансамбля, расхінуў у бакі чорна-белыя крылы-клавішы, узляцеў у вышыню і ў адзіноце кружыў і кружыў над палацыкам. Толькі праз некалькі гадзін да яго далучыліся астатнія птушкі і пачалі аблёт буслянят, рыхтуючыся да вялікай дарогі…
Раніцай у небе ад іх не засталося і следу…

Тры бусліныя паданні
Чула такое паданне. Аднойчы Бог сабраў усіх змей і жаб у торбу, аддаў яе чалавеку і загадаў выкінуць у мора ці ў агонь, закапаць у яму ці пакінуць на вяршыні гары. Але чалавек захацеў падгледзець, што менавіта ён нясе. Не паспеў развязаць мяшок, як адтуль з‘яві-ліся мноства змей і жаб і распаўсюдзіліся па зямлі.
Тады Бог сказаў вінаватаму: «Збірай жа, пакуль не збярэш усіх!» І ў пакаранне ператварыў чалавека ў бусла, каб ён ачышчаў зямлю ад гадаў. Ад сораму ў бусла пачырванелі дзюба і ногі.
Па іншым паданні, буслом стаў селянін, пакараны за тое, што араў у святочны дзень. З таго часу бусел заўсёды ходзіць па полі за плугам.
А трэцяя гісторыя тлумачыць, чаму ў буслоў крылы чорнага колеру.
На саламяным даху хаты, дзе жылі бацька, маці і двое немаўлятаў, было гняздо буслоў. Аднойчы здарыўся пажар, і дом загарэўся. Чырвоныя языкі полымя слізгалі па сценах на дах.
Буслы захваляваліся, пачалі крычаць і клікаць гаспадароў дома, але тыя сышлі далёка ад дому і не пачулі крыку буслоў. Тады птушкі, не пабаяўшыся полымя, кінуліся ў дом і вынеслі двух немаўлят з агню.
Менавіта з таго часу кончыкі крылаў у буслоў чорныя, а ногі і дзюба чырвоныя ад апёкаў.
Алена Зялевіч. Фота Сяргея Рабчука.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *