Четверг, 18 января 2018

Роза по имени Вера. К 140-летию последней владелицы Пружанского палацыка Веры Клейнмихель (Заключение)

367

Цвёрдая вера
Крыніца шчырай веры і павагі графіні Веры Уладзіміраўны Кляйнміхель да простага чалавека, які стаяў значна ніжэй за яе на сацыяльнай лесвіцы, хавалася ў яе выключнай набожнасці, прывітай бацькамі, і амаль спартанскім выхаванні, атрыманым ёй.
Удумайцеся толькі! Шкляначка ледзяной гарбаты з вялікім кавалкам цукру лічылася ласункам і прыводзіла графскіх (!) дзяцей у захапленне. Найвялікшай падзеяй для іх было, калі да чаю ў суботу падавалі яшчэ і варэнне, каб не саслабець да нядзельнага прычасця. За гэтым бедным сняданкам выхавальнік чытаў дзецям жыціі святых, святкаванне якіх прыпадала на гэты дзень. А пасля яны ішлі да маці, якая чытала ім уголас Евангелле і Апостал.
Нават і не ведаю, дзе сёння можна сустрэць падобную практыку. Хіба што ў манастырах ды, магчыма, у дынастычных сем’ях светароў…
Не, вядома ж, дзеці крыху сваволілі. Як прызнаецца графіня Вера Кляйнміхель у сваіх успамінах, амаль да замужжа яе любімы занятак быў лазіць па дрэвах…
«А ўжо калі цяжка хварэлі, то цэлы дзень, лежачы, маліліся.
Неяк урач сказаў Маме:
—Рыхтуйце труны для абодвух, Веры і Нікі. Наўрад ці яны працягнуць некалькі дзён.
Але мы на здзіўленне ўрачоў вельмі хутка пайшлі на папраўку. І чым старэйшымі станавіліся, тым мацней і глыбей адчувалі сілу малітвы», – узгадвае графіня.
Пазней, падчас цяжкай хваробы мужа Дзмітрыя Джамбакурыян-Арбеліяні, яна таксама прастаяла ўсю ноч на малітве перад сямейнай рэліквіяй —вялікім крыжам з мошчамі розных святых і часцінкай Дрэва Гасподняга. І калі таму стала лягчэй, яна «папрасіла птушак спяваць Богу падзяку, баючыся ад радасці расплакацца».
Вядома, што Вера Уладзіміраўна любіла ездзіць па манастырах, дзе, як піша, асаблівае ўражанне на яе стваралі спевы манахаў і натоўп багамольцаў, якія ціха шапталі свае малітвы і прасілі прабачэння за свае шматлікія грахі. У 1903 годзе разам з мужам яна пабывала нават у Сарове на ўрачыстасцях з нагоды праслаўлення прападобнага Серафіма Сароўскага і стала сведкай цуду, які адбыўся каля яго мошчаў: сляпая ад нараджэння дзяўчынка пачала бачыць.
Ёсць сведчанне, што ў студзені 1905 года графіня Кляйнміхель разам са светаром Аранчыцкай царквы айцом Мікалаем Пратасевічам хрысціла немаўля Сергія, сына Васіля Сцяпанавіча Лянцэвіча, унтэр-афіцэра Брэсцкага аддзялення Смаленскага жандарскага паліцэйскага ўпраўлення чыгункі, і яго жонкі Алены Ільінічны. Зразумела, узяць у хросныя маці тытулаваную і прыбліжаную да імператарскага двара асобу было для іх вялікім гонарам.

Дары ад Бога
Па сведчанні маці-імператрыцы Марыі Фёдараўны, Вера Кляйнміхель была «чалавекам вялікага розуму». Акрамя гэтага, валодала і мастацкім талентам, выдатна малявала. Любімай яе карцінай, якая выклікала пачуццё глыбокага міру і спакою ў душы, была «Маці Божая з дзіцём», якая спала паміж лапамі сфінкса ў Егіпце.
Акрамя таго, разам са сваім братам Мікалаем (блізняты былі неразлучныя), маючы выдатны слых, вельмі рана пачала спяваць. Ужо з шасці гадоў да імянін дамачадцаў яны дуэтам выконвалі што-небудзь з Глінкі. Пазней пачалі спяваць у царкве і стараліся не прапускаць богаслужэнні.
І абавязкова Вера, яе браты і сястра дарылі падарункі, зробленыя ўласнаручна. Шмат слёз пралівалі, калі раптам усведамлялі, што падарунак не будзе гатовы своечасова. Хлопчыкі выпілоўвалі ручной пілкай тонкія малюнкі на драўляных рамачках і скрыначках, а працавітая Вера вышывала гладдзю ўсякія кофтачкі і сурвэткі.
У яе быў яшчэ адзін дар – асаблівы позірк. Вера Уладзіміраўна быццам наскрозь бачыла чалавека, добра разбіралася ў людзях. Цікава, што пры першым знаёмстве з прынцэсай Эліс Дармштацкай (будучай імператрыцай Аляксандрай Фёдараўнай) фрэйліна Вера адразу ўбачыла ў яе твары нешта трагічнае і з тых часоў жыла з пастаяннай трывогай за лёс царскай сям’і.
Сама фрэйліна славілася асаблівай чароўнасцю і нестандартнай прыгажосцю, але лічыла сябе «вялікай страшылай, а пачуццё закаханасці – найвялікшым сорамам для дзяўчыны».
Аднак падобныя думкі не перашкодзілі ёй двойчы выйсці замуж і быць каханай. Праўда, пра свае захапленні яна піша вельмі сціпла, свядома пазбягаючы слова «каханне».
Ці кахала яна сама?! Цяжка сказаць, ва ўсякім разе, імкнулася быць клапатлівай і адданай жонкай.

Моцны характар
Пакорнасць і лагоднасць маці, якія здзіўлялі Веру нават у дзяцінстве, засталіся для яе вялікім прыкладам на ўсё жыццё. Праўда, у сваёй кнізе графіня прызнаецца, што кіравацца ім было нялёгка:
«Я, верагодна, была вельмі цяжкая для выхавання, таму што заўвагі і пакаранне прымала звысоку, не жадаючы ніколі паказваць свае перажыванні. Мне заўсёды было цяжка гаварыць з Мамай адкрыта, і на яе пытанні я адказвала суха, хоць разумела, што яна задае іх не з цікаўнасці, а ад вялікай любові».Аднак Кацярына Пятроўна, адпраўляючы астатніх сваіх дзяцей да бабулі, менавіта Веру пакідала каля сябе, як самае спакойнае і паслухмянае дзіця, не здагадваючыся, што ў душы тая, аказваецца, была «галоўным бунтаром»…
Праўда, калі гаворка ішла пра абарону яе дарагога брата Нікі, які рос кволым і слабым, тут ужо Вера адкрыта ўступала ў смяротны бой, збіваючы крыўдзіцеляў галавой і кулакамі (адно і другое, па яе прызнанні, у яе было вельмі моцным) да таго часу, пакуль нянька не выводзіла яе з поля бою. Мерай «вышэйшага пакарання» за такое «злачынства» было маўчанне мамы, якая сыходзіла, не пасядзеўшы, як звычайна, у дзіцячым пакоі і нават не перахрысціўшы Веру на ноч.
Свой характар графіня праявіла і ў адносінах са свёкрам, грузінскім князем Іванам Джамбакурыян-Арбеліяні, які спачатку звяртаўся да яе на «вы».
«Вера і ты – іншага не прызнаю», – такая катэгарычная заява на здзіўленне дамачадцаў толькі замацавала яе сяброўства з генералам, нягледзячы на тое, што пасля разводу з яго сынам Дзмітрыем ёй прыйшлося зноў наладжваць асабістае жыццё.
Другі раз Вера Уладзіміраўна выйшла замуж за свайго траюраднага брата, на той час Гродзенскага губернатара, а пазней — Маскоўскага гораданачальніка Вадзіма Мікалаевіча Шабеку. Іх адзіная дачка – таксама Вера – спадчыннікаў не пакінула…

Замест пасляслоўя
У сваіх успамінах, напісаных перад смерцю, Вера Уладзіміраўна прызнаецца, што любіла падоўгу глядзець у начное неба. Яна верыла, што зоркі – гэта душы памерлых, якія сышлі да Бога. І калі бачыла самую вялікую зорку, якая мігацела, то не сумнявалася, што гэта ўсміхаўся тата. Іншая зорачка перадавала блаславенне ад мамы, а з падаючымі зоркамі ёй дасылаў прывітанні дарагі брат Нікі, расстраляны чырвонаармейцамі ў Еўпаторыі ў 1918 годзе. А сёння я, з сумам пазіраючы на зорнае неба, здаецца, бачу ў ім сціплую ўсмешку і рассыпаныя па Млечным Шляху пялёсткі ружы па імені Вера…

*

Вядомы некаторыя акалічнасці смерці брата Веры Мікалая Кляйнміхеля, які ў сваім крымскім маёнтку будаваў планы вызвалення царскай сям‘і са зняволення ў Табольску. Яго расстрэльвалі разам з незнаёмым яму падлеткам. Бачачы, што хлопец дрыжыць, ён узяў яго за руку са словамі: “Не бойся, ты не адзін. Я буду з табой да апошняй хвіліны, а потым усё будзе мірна і радасна”. Хлопец супакоіўся, а граф звярнуўся да паўстаўшых матросаў з прамовай, у якой тлумачыў, чаму гіне Расія. Некаторыя з іх, кранутыя да слёз, прасілі свайго камандзіра яго не забіваць. Але ў адказ пачулі: «Такога мы ўсё роўна не пераробім»… Целы расстраляных былі кінуты ў мора з загадам, калі ўсплывуць, то закапаць іх у пясок на беразе.
На другі дзень начальнік атрада, перадаючы заручальны пярсцёнак і перадсмяротную запіску ўдаве, сказаў: “Ваш муж памёр, як герой, я ніколі такой мужнасці не бачыў і таму выконваю дадзенае мною яму абяцанне, перадаю Вам запіску”.
Калі знайшлі цела Мікалая, то на твары яго была ўсмешка.

*

З пісьмаў Веры Кляйнміхель да маці
***
“Хрыстос з табой, мая дарагая і бясцэнная Мамачка! Пяшчотна абдымаю і цалую твае рукі!”
***“Уяві, што сёння вячэралі сярод руж! А персікі тут якія цудоўныя!”
***
“Гэты ліст прыйдзе да 9-га! Хачу, каб праз яго Ты атрымала ўсе мае гарачыя пажаданні! Балюча мне не быць з табой у гэты дзень і не дарыць табе падарункі”.
***
“Дзякую Табе за дрэўцы, яны дайшлі выдатна, нават лісцікі не завялі. Мы паставілі іх для акліматызацыі ў збанкі на свежае паветра”.

Алена Зялевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *