Воскресенье, 20 мая 2018

Взаимоуважение, терпение и любовь. Семья Бородовских из Новодворцов отпраздновала железную свадьбу

388

Як пражыць у шлюбе 65 гадоў?
Адказ на гэтае пытанне ведае сям’я Барадоўскіх з вёскі Навадворцы, якая ў ліпені адзначыла «жалезнае» вяселле.

Сцяпан Пятровіч і Сцяпан Пятровіч і  Вольга Антонаўна Барадоўскія — мясцовыя жыхары: яна — з Руднікаў, ён — з Навадворцаў. Пазнаёміліся яны… на канюшні

.— Як толькі ў нас стварылі калгас, я пайшоў туды працаваць конюхам, — успамінае пенсіянер. 

— А я ж таксама пачынала працоўны стаж на канюшні, — уключаецца ў гаворку бабуля. — Калі прыйшла ў калгас, мне было 17 гадоў. Даглядала 35 коней. Цяжка даводзілася: гэта сёння нялёгкую ручную працу замяняе механізаваны працэс. На канюшні малады хлопец, які працаваў у Навадворцаўскай брыгадзе, і запрыкмеціў працавітую дзяўчыну. Нават пазнаёміцца са сціплай работніцай удалося не адразу. Але нарэшце паланіў яе сэрца — і адразу ж прапанаваў узамен свае. Назаўсёды. Такім чынам, летам 1952 года Сцяпан і Вольга ўзялі шлюб. Маладую жонку Сцяпан Барадоўскі прывёз у Навадворцы. Выпрабаваннем для пачуццяў стала служба ў арміі: праз год пасля вяселля галаву сямейства мабілізавалі. Службу ён праходзіў у Карэла-Фінскай ССР.  На той момант у Барадоўскіх ужо нарадзілася Леначка. Праз адпаведны тэрмін пасля салдацкага водпуску ў сям’і з’явілася на свет другое дзіця — дачка Люба. А трэцяя — Аліна — нарадзілася, калі Барадоўскія ўжо абзавяліся ўласным жыллём.

Хату паставілі праз дарогу ад бацькоўскай. Як сапраўдныя сельскія жыхары, усё жыццё шчыравалі — і дома, і на рабоце. Вольга Антонаўна працавала паляводам, цялятніцай. Сцяпан Пятровіч — цялятнікам, жывёлаводам, брыгадзірам, на пенсію пайшоў з пасады загадчыка фермы. Клопатаў заўсёды хапала і дома: трымалі па некалькі свіней, дзве каровы, каня. 

— Ладзіць жыццё было нялёгка, — прызнаюцца пенсіянеры. — Але час быў такі.  Прывыклі заўсёды працаваць, гэтаму з малых гадоў вучылі і дачок. 

А чаму навучыліся самі  муж і жонка за доўгія гады сумеснага жыцця? Галоўнае — клапаціцца адзін пра аднаго.

— Як толькі Вольга дарабіла да пенсіі, адразу ж забараніў ёй працаваць: вырашыў, нарабілася за жыццё, няхай адпачывае, унукаў гадуе, — кажа гаспадар. Сам жа Сцяпан Пятровіч пасля дасягнення пенсіённага ўзросту яшчэ 18 гадоў працаваў. Ды і сёння, нягледзячы на ўзрост, яго будні праходзяць у  сялянскіх клопатах: усё яшчэ бярэ соткі, трымае каня,  дапамагае аднавяскоўцам. Увогуле, сямейная пара зарабіла рэпутацыю не проста працавітых, але і актыўных людзей. Сцяпан Пятровіч  ніколі не ўяўляў сваё жыццё без грамадскіх спраў. Ён заўсёды рады дапамагчы парадай і цяперашнім работнікам гаспадаркі, якія іншы раз звяртаюцца да яго. А яшчэ з’яўляецца старастай вёсак Навадворцы, Замошша і Залессе, у жыхароў якіх карыстаецца аўтарытэтам. 

Барадоўскія сёння па-сапраўднаму багатыя: акрамя трох дачок маюць шасцёра ўнукаў і дзесяць праўнукаў. Родныя не забываюць сваіх пенсіянераў — прыязджаюць у госці, дапамагаюць. Умудроныя вопытам пажылыя людзі ў сваю чаргу дзеляцца з імі жыццёвай мудрасцю. Напрыклад, як разам пражыць 65 гадоў? Па меркаванні Барадоўскіх, трывалы сямейны падмурак можна пабудаваць толькі на такіх — банальных на першы погляд — рэчах, як узаемапавага, цярпенне, мудрасць і, вядома, каханне. Толькі дзякуючы гэтаму, сямейная пара пражыла не проста доўгае, але і шчаслівае сумеснае жыццё. А адносіны, якія прайшлі праз агонь і ваду, загартаваліся мацней, чым жалеза ў  кузні. Нездарма ж гэтая юбілейная дата называецца жалезнай.

Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *