Воскресенье, 21 января 2018

В Пружанах начали шить постельное белье для стран Евросоюза

784

Пружаны становяцца еўрапейскім вытворцам пасцельнай бялізны

Яшчэ адно прадпрыемства пачало набіраць абароты ў Пружанах — таварыства з абмежаванай адказнасцю «Мішлюр».

Гутарка аб яго адкрыцці вялася з канца мінулага года, калі па дапамогу да мясцовай улады звярнуліся заснавальнікі таварыства, сярод якіх былі і прадстаўнікі польскага бізнэсу лёгкай прамысловасці. Наша газета расказвала аб інтарэсе аднаго з буйных вытворцаў адзення і пасцельнай бялізны Рэспублікі Польшча да беларускага рынку з перспектывай выхаду на прасторы краін Мытнага саюза.

Першапачаткова заснаванае разам з беларускімі бізнэсмэнамі ТАА «Мішлюр» арандавала вытворчыя плошчы ў Брэсце. Але аказалася, што значная колькасць работнікаў ездзіць сюды на работу з Пружан. Таму і вырашылі «пераехаць» у наш райцэнтр.

Інвестарам была аказана падтрымка ў выглядзе перадачы ў бязвыплатнае карыстанне плошчаў пад стварэнне новых працоўных месцаў.

Як расказвае адзін з кіраўнікоў прадпрыемства пан Ежы Карбоўскі, за кароткі час дзейнасці цэха ўпэўніліся ў правільнасці выбранай палітыкі. Па-першае, арганізацыя працоўнага працэсу не запатрабавала значных капіталаўкладанняў. Па-другое, пашанцавала з кадрамі. Напрыклад, адну з першых партый бялізны накіравалі на ацэнку ў Польшчу, дзе падобны бізнэс наладжаны і дзейнічае не адно дзесяцігоддзе. І ўзоры атрымалі самую высокую рэзалюцыю. Прадпрыемства адразу атрымала заказ на больш буйную партыю для рэалізацыі на рынках Еўрасаюза.

— Мы выкарыстоўваем тканіну, якую імпартуем з Польшчы,— расказвае кіраўнік пружанскага прадпрыемства.— Вывучылі ўсе прапановы і вырашылі ўсё ж працаваць з імпартнай тканінай. Аказалася, што бязь з Польшчы мае шчыльнасць 150 г/кв.м, а беларускі стандарт не перавышае 117 г/кв.м. Таму якасць уласнай прадукцыі мы гарантуем і ведаем, што яна будзе выдатна канкурыраваць у еўрапейскіх краінах

Зараз частку пасцельнай бялізны, пашытай на прадпрыемстве, пастаўляюць у пружанскія крамы, але пераважная большасць яе пойдзе ў Расію і іншыя краіны ЕАЭС. Паступова асвойвае «Мішлюр» і іншы асартымент. Напрыклад, шыюць мужчынскія кашулі з польскай фланэлі, бавоўны і поліэстэру — пакуль для вывучэння попыту.


Не выключае пан Карбоўскі, што наменклатура вырабаў яшчэ павялічыцца. Тым больш, што тут маюць усе падставы, і эканамічныя, і кадравыя, для пашырэння вытворчасці.


Гэта можна лічыць трэцяй прычынай, па якой польскі бізнэс задаволены пераездам прадпрыемства ў наш райцэнтр. Сёння тут працуе 12 чалавек, але новае абсталяванне дазваляе значна павялічыць персанал і павялічыць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі.

На здымках:
Ежы Карбоўскі дэманструе асартымент; у цэхах кіпіць работа.

Алег СІДАРЭНКА, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *