Воскресенье, 20 мая 2018

Роза по имени Вера. К 140-летию последней владелицы Пружанского палацыка Веры Клейнмихель

549

12 жніўня споўнілася 140 гадоў з дня нараджэння апошняй уладальніцы Пружанскага палацыка графіні Веры Уладзіміраўны Кляйнміхель.

Калі маці спытала ў яе, што намаляваць у падарунак да імянін, яна адказала:

– Напішы тры карціны з выявай мора, пад назвай «Вера, надзея, любоў». Дзе ціхі гарызонт будзе надзеяй, чырвонае сонца з вялікімі чырвона-залацістымі прамянямі – верай, а туманна-светлыя бліскаўкі на маленькіх грабеньчыках хваляў раскажуць пра каханне…

Шмат гадоў таму ў мяне, пачынаючага экскурсавода Пружанскага палацыка, спыталі: якой яна была, яго апошняя ўладальніца? Але мне, на мой сорам, не было што адказаць.

Я ведала толькі, што яе звалі Вера, што паходзіла яна са знакамітага расійскага дваранскага роду Кляйнміхеляў. Мясцовыя краязнаўцы казалі, што  маёнтак у Пружанах яна нібыта атрымала ў падарунак ад бацькі да свайго васямнаццацігоддзя. Імператарская фрэйліна, якая атрымала шыфр з рук  маці-імператрыцы Марыі Фёдараўны, стомленая сталічнымі клопатамі, перыядычна прыязджала ў Пружаны. Назаўжды пакінула радзіму ў перыяд «белай» эміграцыі, у 1919 годзе. Памерла і пахавана на чужыне, у французскай зямлі…

Вось, шчыра кажучы, і ўсё. Ні дакументаў, акрамя невялікай эмацыянальнай  перапіскі з маці, ні фатаграфій, ні якіх-небудзь самых сціплых успамінаў пра яе ў нас не было.

Напэўна, яшчэ б доўга мая, бурная ад прыроды, фантазія настойліва малявала малапрывабны вобраз распешчанай графіні, калі б не ўмяшаўся выпадак…

Зусім нечакана сустрэлася інфармацыя, што ў 1909 годзе вядомы еўрапейскі селекцыянер Андрэ Шварц, зачараваны імператарскай фрэйлінай, назваў  у гонар яе  новы сорт ружы «Princesse Vera Orbelioni». А праз сто гадоў пасля гэтага, у 2009-м годзе, у Крыме (менавіта там, пад Ялтай, прайшло дзяцінства Веры) выйшла кніга яе ўспамінаў “У цяні царскай кароны”. Адзін экзэмпляр яе быў перададзены палацыку. Вось так, дзякуючы супрацоў-ніцтву з Ялцінскім гісторыка-літаратурным музеем, і ўдалося папоўніць існуючыя ў нашых мясцовых крыніцах мізэрныя звесткі пра апошнюю ўладальніцу Пружанскага палацыка.

Большая частка ўспамінаў Веры Кляйнміхель напісана на схіле гадоў. Аднак яны ахопліваюць часавы прамежак з 1880 па 1919 гады, а памяць аўтара добра захавала падзеі і імёны. На жаль, яна вельмі шмат піша пра сваю дружную сям’ю, і амаль нічога пра сябе. Але калі ўважліва ўчытвацца ў кожнае слова, то можна зразумець, чаму Вера Уладзіміраўна атрымала тытул хай і «кветкавай», але прынцэсы. І справа зусім не ў шляхетным радаводзе, хоць ён, прызнацца, сапраўды ўражвае.

Графскі род

Чатыры пакаленні  Кляйнміхеляў з канца XVIII стагоддзя «верай і праўдай» служылі расійскай імперыі, графскі тытул атрымаў Пётр Андрэевіч Кляйнміхель у 1839 годзе. Дзякуючы яму, Вера не без гонару глядзела на Зімні палац у Санкт-Пецярбургу, бо ведала, што пасля пажару ён, моцна абгарэлы, быў перабудаваны яе дзядулем і з гэтай нагоды занесены на сямейны герб. У сваіх успамінах графіня жартуе, што збіралася падаваць прашэнне, каб на герб занеслі і выяву паравоза, бо Мікалаеўская чыгунка   таксама будавалася пад кіраўніцтвам яе дзеда-графа.

Бацька, Уладзімір Пятровіч, герой руска-турэцкай вайны, камандаваў знакамітым Сямёнаўскім імператарскім палком. Раптоўна памёр, не дажыўшы да 43 гадоў, прахварэўшы тры дні на запаленне лёгкіх. Веры было тады толькі чатыры з паловай гады, але яна запомніла Тату (яна заўсёды піша гэтае слова толькі з вялікай літары) вельмі ласкавым чалавекам, які любіў гуляць з ёй, будаваў домікі з кубікаў ці чытаў кнігі з малюнкамі. Тым не менш, аднойчы (праўда, гэта было першы і апошні раз у жыцці) ён адшлёпаў малую за непаслушэнства, пра што Вера з сорамам успамінала ўсё астатняе жыццё.

Мама, Кацярына Пятроўна, народжаная князёўна Мяшчэрская, унучка гістарыёграфа М.М. Карамзіна, уяўляла сабой не толькі ўзор адданай жонкі, якая захавала вернасць свайму мужу на працягу ўсяго жыцця, але і выхавала сваіх чатырох дзяцей вельмі добрымі людзьмі. Яна пакінула аб сабе добрую памяць і як мецэнатка – заснавальніца ялцінскай абшчыны сясцёр міласэрнасці «Усіх тужлівых Радасць», дзе клапаціліся пра жабракоў і бяздомных. Будучы вядомым садаводам, выпісвала ўсе навінкі з лепшых рускіх садоў, а таксама з-за мяжы, у прыватнасці, у таго ж Андрэ Шварца. Развяла ў сваім крымскім маёнтку Аляіз (Карэіз) вялізную аранжарэю і шмат часу прысвячала вырошчванню руж, якія перыядычна дасылала імператарскай сям’і.

Палацык

Калі паўстала пытанне аб куплі сядзібы ў Белавежскай пушчы (урачы настойліва рэкамендавалі хворай на сухоты Кацярыне Пятроўне дыхаць не толькі марскім, але і гаючым хваёвым паветрам), яе выбар адразу спыніўся на Пружанскім палацыку, вядомым у той час на ўсю Еўропу сваёйунікальнай кветкавай аранжарэяй, элітнымі садамі і вінаграднікамі. Нядзіўна, сядзіба Валенція Швыкоўскага была свайго роду «блізнюком» Карэіза. Мяркуйце самі, быццам пра яе напісана:

«Будынак нашага крымскага дома быў вельмі складанай асіметрычнай кампазіцыі, па фасадзе ўпрыгожаны архітэктурна-дэкаратыўнымі элементамі. Вакол дэкаратыўны парк. На астатняй тэрыторыі персікавыя і чарэшневыя сады, віна-граднікі. Маёнтак славіўся і сваім агародам, а ў аранжарэі раслі цытрусавыя і экзатычныя расліны», – піша графіня Вера, якая атрымала Пружанскі палацык у падарунак ад мамы (а зусім не ад бацькі, як меркавалі краязнаўцы).

Спытаеце, чаму такі гонар выпаў менавіта Веры? Справа ў тым, што пасля смерці бацькі пры

 падзеле яго шматлікіх маёнткаў паміж дзецьмі Вера Уладзіміраўна атрымала параўнальна маленькую сядзібу ў Курскай губерні. І мама, Кацярына Пятроўна, паспрабавала ўхіліць гэтую несправядлівасць, а заадно і выкарыстаць магчымасць падлячыцца.

Як піша Вера Уладзіміраўна, хараство пружанскага дома і парка ацанілі ўсе дамачадцы:

«Тут усё было міла, утульна і прыемна. Мы займаліся перастаноўкай мэблі ва ўсім доме і ўладкаваннем пакояў для гасцей. Міця (першы муж Веры князь Дзмітрый Джамбакурыян-Арбеліяні — Заўв. аўт.) любіў ганяць на дойку кароў, аглядаць коней. А пасля дзённай гарбаты адпраўляліся з ім у шарабанчыку катацца па палях».

Графіня любіла сустракаць у Пружанах Вялікдзень. Звычайна яны гавелі з мужам Шосты і Страсны тыдзень посту, і прычашчаліся на само свята. У адным з лістоў яна паведамляе маме, што Уваскрасенне Хрыстова яны сустракалі з сям’ёй доктара Аўгустына Пацэвіча, а пазней ездзілі з ім паляваць: «У Гадаеме (лясным фальварку ў 40 км ад Пружан) было шмат ласёў, дзікоў і ўсялякай жывёлы, якая забягала з пушчы. Выходзілі і зубры, але ў іх па законе нельга было страляць».

Любоў да жывёл

Вера наогул не страляла ні ў якую жыўнасць, хаця паляванні на той час былі звычайнай забавай. Яна з дзяцінства вылучалася асаблівай любоўю да жывёл. У сваёй кнізе яна часта ўспамінае каня бацькі па мянушцы Арабчык, буланай масці з вараным хвастом. Захапляецца Бібішкай – авечкай, выгадаванай з маленькага ягняці, якая хадзіла за ёй, нібы сабака.

«Быў і яшчэ адзін сябар, той-тэр’ер па мянушцы Жыўчык, які належаў маці, але мяне вельмі любіў, і я любіла яго таксама без памяці. Гэта была адзіная істота, перад якой мне ніколі не было сорамна плакаць. Пазней Мама падарыла мне осліка Мілку. Потым з’явілася яшчэ адна крыніца пастаянных клопатаў, хвалявання і гора: шчыглы і канарэйкі… Праўда, калі стамлялася і ад іх, то сыходзіла ў парк і любавалася, як лебедзь-маці, пасадзіўшы паміж крыламі сваіх малых, плаўна і велічна плавала па сажалцы», – вось так, з вялікай цеплынёй, пералічвае Вера Уладзіміраўна «братоў нашых меншых», якіх лічыла лепшымі лекамі ад свайго парока сэрца (больш пра хваробу нідзе ні слова). Меншай яе любові заслугоўвалі толькі слімакі, што атакавалі  вінаград…

Павага да людзей

Скажаце, што гэта ўсяго толькі панскія забавы і хітрыкі? Гэта не так. Павага і любоў не толькі да асоб свайго саслоўя, але і да простых людзей у Веры былі прывіты з ранняга ўзросту. Графіня ўзгадвае, як яшчэ ў дзяцінстве яна з братамі і сястрой запісвалі ўсе просьбы сялян (адны прасілі дроў, другія — лесу на хату, трэція — коніка…) і перадавалі  маці. Тая чытала няхітрыя дзіцячыя запіскі і адразу дапамагала прасіцелям, чым магла, пры гэтым пагражала пальцам аканому: маўляў, не ўздумайце адкладваць. А потым прыходзілі сялянкі і прыносілі ў падзяку вузельчыкі з яйкамі…

А яшчэ Вера вельмі любіла падчас уборкі ўра-джаю дапамагаць у па-грузцы снапоў. Працавала старанна, баючыся насмешак сялян, каб яны не сказалі, што дачка графіні не ўмее працаваць.

Таму нядзіўна, што, ужо будучы самастойнай гаспадыняй, яна са спакойным сумленнем на доўгі час пакідала палацык і ўсе гаспадарчыя справы давярала весці аканому, садоўніку і іншым дробным служачым. А яны ў адказ аддана ёй служылі…

  (Заканчэнне будзе).

Алена Зялевіч.

На здымках: Вера Уладзіміраўна Кляйнміхель, фота пачатку ХХ стагоддзя, ружа сорту «Princesse Vera Orbelioni», Кацярына Пятроўна Мяшчэрская (Кляйнміхель), фота 1870 года;  Пружанскі палацык,  малюнак Напалеона Орды; Вера з братам Мікалаем, пачатак ХХ стагоддзя.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *