Понедельник, 26 октября 2020

Чаму ў нас «цвіце» бяроза?

1 882

Нягледзячы на маразы, на нашай бярозе ўсю зіму зелянеюць маленькія кусцікі. І на суседняй таполі — таксама. Я тлумачу дзецям, што гэта прычапілася да дрэў амяла. А што такое амяла і сама добра не ведаю. Калі вы праз газету раскажаце пра яе, буду вельмі ўдзячна.
Н.Паўлюковіч, в.Калядзічы.

Пра загадкавыя кусцікі амялы, якія зімой зелянеюць на таполях, клёнах, соснах, вербах, бярозах і, здараецца, нават на пладовых дрэвах, расказвае майстар участка «Зелянгас» Марыя КАНДАРЭВІЧ:

АМЯЛА (у перакладзе з лацінскай мовы «белы клей») альбо дубовыя ягады, ці птушыны клей, як яе яшчэ называюць, — гэта сапраўды вечназялёная, кустовая, напалову паразітычная расліна. Чаму паразітычная? Таму што ў адрозненне ад іншых кустоў і траў, якія жывуць на зямлі і чэрпаюць з яе сілу карэннем, амяла жыве за кошт вады, мінеральных рэчываў і сокаў дрэва-гаспадара, да якога ёй удалося прысмактацца.
У распаўсюджанні амялы прымаюць удзел птушкі, найбольш — дразды. Яны любяць харчавацца яе ягадамі. А потым, пералятаючы з галінкі на галінку, пэцкаюць іх клейкім рэчывам, у якім знаходзіцца насенне — зародкі амялы. Гэтыя зародкі прыклейваюцца да кары і праз некаторы час пачынаюць прарастаць, укараняючыся і ў драўніну. Хутка на дрэве вырастаюць зялёныя кусцікі. Яны цвітуць дробнымі зеленавата-жоўтага колеру кветачкамі, з якіх развіваюцца белыя плады — ілжывыя ягады дыяметрам да 1 см.

СА СТАРАЖЫТНАСЦІ з амялой звязана шмат прыкмет і прымхаў. Напрыклад, рымляне лічылі, што амяла садзейнічае зачаццю. Таму многія жанчыны стараліся заўсёды насіць яе з сабой. 4-5 тысяч гадоў да нашай эры ў Рыме цэлае племя было вылечана здабытымі з галінак амялы лекамі ад чумы.
Амяла была сімвалам міру ў Скандынавіі. Ёю ўпрыгожвалі дамы, каб засцерагчыся ад чараў. Калі ворагам выпадала сустрэцца пад дрэвам, на якім расла амяла, то яны былі абавязаны скласці зброю і ў гэты дзень не ваяваць.

Разам з тым, амяла лічылася маланкавай раслінай. Яе прысутнасць заклікана была засцерагчы дом ад грому і маланкі. А ў Англіі да цяперашняга часу існуе звычай цалавацца на Ражство пад дрэвам з амялой. Каб было здароўе і шчасце.
У краінах Еўропы пад дрэвамі з амялой закопвалі скарбы. Расліна служыла прыкметай, па якой потым можна было адшукаць патрэбнае месца. Таму што на адным і тым жа дрэве амяла можа паразітаваць да 40 гадоў.

ЯШЧЭ Авіцэна шырока прымяняў амялу для лячэння запушчаных ран, язваў страўніка, артрытаў, а таксама пры павелічэнні ці ўшчыльненні селязёнкі.
Сучасная медыцына таксама надае вялікае значэнне вывучэнню лекавых уласцівасцей амялы. У Швейцарыі існуе цэлы інстытут, які з 30-х гадоў мінулага стагоддзя даследуе гэтую расліну. Вядома, што амяла спыняе крывацёк, зніжае крывяны ціск, хутка адводзіць мачу, змяншае ўзбу-джальнасць нервовай сістэмы, частату і глыбіню прыступаў эпілепсіі. Амялу прымяняюць пры комплексным лячэнні цукровага дыябету, таму што яна зніжае ўзровень цукру і халестэрыну ў крыві.

Прымаючы ранкам нашча па адной сталовай лыжцы соку амялы, растворанага ў 100 мл  кіпню, можна збавіцца ад запораў, гемаройных крывацёкаў.
Здольнасць амялы звязваць і выводзіць з арганізма солі робіць актуальным яе прыём пры падагры, артрыце, астэахандрозе і мачакаменнай хваробе. Сок амялы дапамагае паспяхова змагацца з пагрозай узнікнення інсульту, інфаркту і паражэння крывяносных сасудаў. Прымяняецца амяла і ў анкалогіі. Напрыклад, у Швейцарыі для лячэння ракавых хворых з поспехам прымяняюць экстрат гэтай расліны.

Людзям, якія пакутуюць ад алергіі, экзэмы, бранхіяльнай астмы, рэўматызму, карысна працяглы час выпіваць па 1-2 чайнай лыжцы соку амялы ў суткі. Можна спалучаць прыём соку і прымочкі і кампрэсы з іх.
Спосаб прымянення: адну чайную лыжку лісця амялы настаяць у шклянцы кіпячонай вады. Альбо 30 г. амялы адварыць у адным літры вады. І тое, і другое прымаць па трэцяй частцы шклянкі тры разы ў дзень.
Збіраюць амялу зімой або ранняй вясной (да сакавіка). Кусцікі зразаюць сучкарэзам, адбіраюць лісцікі і галінкі таўшчынёй не большыя за карандаш, высушваюць і захоўваюць адзін год.
Ганна Хадаровіч.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *