Пятница, 21 сентября 2018

Фантастическая радуга, помощники и дачные этюды. Магазин «Карамелька» наградил победителей нашего фотоконкурса

652

Паважаныя чытачы, знаёмім вас з пераможцамі нашага фотаконкурсу “Спыніся, імгненне!” Каля двух дзясяткаў аўтараў даслалі ў нашы групы ў сацыяльных сетках звыш 200 фотаздымкаў. Кожнае фота было па-свойму прыгожым, але лёс пераможцаў вызначылі самі падпісчыкі. Яны атрымалі салодкія падарункі ад магазіна “Карамелька”. 

Пры галасаванні ў нашай групе https://vk.com/publicbudniby вызначыліся два пераможцы. Здымкі “Фантастычная вясёлка” Дзмітрыя  Міхеева і “Памочнікі” Наталлі  Судзенка набралі аднолькавую колькасць галасоў.

Фатографа-аматара Дзмітрыя Міхеева чытачы «раёнкі» павінны ведаць: мы неаднаразова друкавалі яго здымкі  ў газеце, размяшчалі на сваім сайце. У яго аб’ектыў трапляюць многія гарадскія мерапрыемствы, а таксама гульні  хакейнай каманды “Пружанскія  кіты”.  А другая пераможца даслала свае здымкі ўпершыню. Наталля з сям’ёй жыве ў Кабылаўцы. У аб’ектыў трапілі яе старэйшыя дзеткі,  сыны Цімафей і Трафім, якія дапамагаюць бабулі карміць куранят, а вось па прыз яна прыехала з дачушкай – пяцімесячнай Еўдакіяй.

Не так актыўна прайшло галасаванне ў группе https://ok.ru/budni. Але тут безумоўнай пераможцай стала Людміла Котава. Адразу тры яе здымкі сталі лідарамі галасавання.

Здымкі Людмілы Ула-дзіміраўны Котавай настолькі здзівілі нас вялікай колькасцю незвычайных “фотамадэляў”, што мы не маглі не пацікавіцца, як у аб’ектыў трапіла, напрыклад, зайчаня.  Многія фатаграфіі проста нагадваюць паштоўкі – такія прыгожыя на іх кветкавыя кампазіцыі. Адметна, што кветкі аўтар здымкаў вырошчвае сваімі рукамі.

Але аб усім па парадку.

З букета —на кветнік

Перш чым заняцца фатаграфіяй, Людміла Уладзіміраўна захапілася вырошчваннем кветак. На яе дачы ў Слабудцы растуць лілеі, астры, лаванда, рамонкі, анемоны, півоні, ірысы і многія-многія іншыя кветкі. Але асобнае месца займаюць ружы розных колераў і сартоў. Большасць іх выгадавана самастойна. Пасля кожнага свята (а ў выкладчыцы па класе фартэпіяна нагодаў для букетаў заўсёды шмат) Людміла Уладзіміраўна захоўвала тронкі руж. З  20 чаранкоў звычайна прымаецца не больш пяці, але і гэтага аказалася дастаткова, каб дача патанула ў квецені.

Чым прыгажэй станавіўся дачны ўчастак, тым больш хацелася гэтую прыгажосць захаваць на памяць. Так у сямейным фотаальбоме Котавых сталі з’яўляцца здымкі кветак, зробленыя на звычайную «мыльніцу».

Лічбавы фотаапарат (таксама самы звычайны) трапіў у рукі Людмілы Уладзіміраўны прыкладна ў 2010 годзе. З новай тэхнікай з’явіліся і новыя магчымасці. Макраздымка, якую асабліва любіць аўтар, дазволіла не толькі здымаць кветкі ва ўсёй іх красе, але і “лавіць” у аб’ектыў пчол, чмялёў, матылькоў. Аднойчы матылёк апынуўся ў бочцы з вадой — здымак атрымаўся дзівосны! Але вельмі шкада было прыгажуню, якая трапіла ў бяду. Людміла Уладзіміраўна адклала свой «Кэнан», асцярожна дастала матылька і пасадзіла яго сушыцца на кветку. Праз гадзіну “фотамадэль”  пырхнула крылцамі і паляцела.

Каго запрашаюць у «Фотамадэлі»?

Яны самі знаходзяць Людмілу Котаву. Суседскія коцікі і сабачкі, а таксама зайчаня, вужака, вожыкі, буслы, вавёркі… Усе «госці» дачнага ўчастка даюць сябе сфатаграфаваць. Асабліва дзівосныя здымкі атрымаліся з вавёркамі. Каб падлавіць прыгажуню, якая стаіць на задніх лапках, давялося патраціць шмат часу, але ў рэшце рэшт кадр атрымаўся. Не з першай спробы быў зроблены і кадр, дзе шпачыха корміць малых шпачанят.

Шмат выдатных кадраў дорыць сама прырода. Людміла Уладзіміраўна многа ездзіць па наваколлі на веласіпедзе ў любое надвор’е. У яе ёсць асаблівы дар – заўважаць прыгажосць вакол сябе. Магчыма, жывёлы адчуваюць яе дабрыню, таму і не кідаюцца наўцёкі, а часам нават пазіруюць.

Успамін пра лета

Людміла Котава  захоўвае фотаздымкі за многія гады ў архівах свайго камп’ютара. Зімовымі вечарамі ў сям’і  любяць пераглядаць летнія пейзажы і замалёўкі. Любуюцца фотаработамі і сябры ў сацыяльных сетках. А нядаўна дасланыя аўтарам на тэлеканал АНТ фота сталі паказваць  у якасці ілюстрацый.

Кацярына ПАШКЕВІЧ. Фота Сяргея Талашкевіча і з архіваў пераможцаў.

Один комментарий

  • Алекс

    дружим с фотошопом иногда…..это я о радуге……или чем отличается самсунг ит мейзу…..

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *