Воскресенье, 21 января 2018

Шерешевский фельдшер, который на границе спас гражданина Польши: «У меня самая гуманная и нужная профессия»

1 072

Працоўныя будні 21-гадовага фельчара Шарашэўскага аддзялення «хуткай медыцынскай дапамогі» Аляксандра Братчука да гэтага часу праходзілі дастаткова спакойна і размерана. Але экстраны выклік падчас нядзельнага дзяжурства дазволіў маладому спецыялісту па-сапраўднаму праявіць свае прафесійныя якасці. У выніку Аляксандр атрымаў заслужаную павагу калег і стаў героем навінавых праграм і журналісцкіх артыкулаў.

16 ліпеня  шасцідзесяцігадовы грамадзянін Польшчы вырашыў скарыстацца магчымасцю бязвізавага пераходу праз мяжу ў пункце пропуску «Перароў» і пакатацца па Белавежскай пушчы на веласіпедзе. Але турыст не паспеў далёка ад’ехаць, як раптоўна  дрэнна сябе адчуў. Супрацоўнікі пагранічнай службы выклікалі «хуткую дапамогу».

Намеснік галоўнага ўрача Пружанскай ЦРБ В.М.Шаўчэня расказвае:

— Выклік паступіў каля 18.00 гадзін. У 18.17 наша брыгада «хуткай дапамогі» ўжо была на месцы. Да прыезду медыкаў вяртаць да жыцця мужчыну, у якога адбылося спыненне сардэчнай дзейнасці, спрабавалі  пагранічнікі.

Аляксандр Братчук вось што ўспамінае пра гэты выклік :

— Шчыра кажучы, спачатку трошкі і разгубіўся: усё-такі вопыт маю зусім малы, я толькі год працую фельчарам. Тым больш, што выклікі да «цяжкіх» паступаюць не так часта. Асноўныя мае пацыенты — пераважна  пажылыя людзі — выклікаюць медыкаў, як толькі пачынаюць адчуваць недамаганне, пакуль не абвастрыліся праблемы з ціскам ці сэрцам. А тут чалавек страціў прытомнасць, не дыхаў — наступіла клінічная смерць.

Адлік часу ішоў на секунды. Шарашэўскі фельчар прадоўжыў рэанімацыйныя дзеянні супрацоўнікаў пагранічнай службы: рабіў штучную вентыляцыю лёгкіх, непрамы масаж сэрца, увёў унутрывенна патрэбныя лекавыя сродкі.

Разам з польскімі калегамі, якія перасяклі мяжу на рэанімабілі, Аляксандру Братчуку ўдалося аднавіць хвораму сардэчную дзейнасць. І беларускія, і польскія медыкі высока ацанілі граматныя і  своечасовыя дзеянні маладога фельчара, якія дазволілі выратаваць жыццё чалавеку.

Аляксандр нешматслоўны, пра сябе расказвае няшмат:

— Я — ураджэнец Маларыты. Скончыў Слонімскі медыцынскі  каледж толькі ў мінулым годзе. Па размеркаванні трапіў на Пружаншчыну, дзе адміністрацыя ЦРБ адправіла працаваць фельчарам «хуткай» у Шарашэва. Тут мне выдзелілі пакой. У вольны час  чытаю, займаюся самаразвіццём.

Сціплы хлопец вельмі ўсхваляваны такой увагай да яго асобы:

— Я проста рабіў тое, што ўмею, чаму мяне вучылі. Не ведаю яшчэ, ці застануся ў Шарашэве пасля тэрміну адпрацоўкі. Але, ведаеце, за гэты год я не расчараваўся, што пайшоў у медыкі. Наадварот, пераканаўся яшчэ больш: у мяне адна з самых гуманных і патрэбных прафесій на свеце.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *