Понедельник, 24 сентября 2018

Святыни, которые рядом: Свято-Николаевский скит в деревне Вежное

790

Пачаеў, Опціна пустынь, Дзівеева… Гэтыя назвы зараз на слыху. Сюды арганізуюцца шматлікія паломніцкія паездкі. Ці не атрымліваецца так, што ў пошуках духоўнага пажытку мы імкнемся на край свету, не заўважаючы тыя святыні, што знаходзяцца побач?

На самым ускрайку нашага раёна, на хутары Вежнае, у райскай цішы сярод высокіх пушчанскіх дрэў квітнее і развіваецца Свята-Мікалаеўскі скіт Брэсцкага жаночага праваслаўнага манастыра. Мы пагутарылі з яго гаспадыняй-настаяцельніцай ігуменняй Аляксандрай.

–  Матушка, адразу адкрыю сакрэт: гэтай сустрэчы з Вамі я чакала больш за дваццаць гадоў. У канцы  1980-х  Вы працавалі рэгентам там жа, дзе пазней, у 1990-я, і я – у Свята-Аляксандра-Неўскім саборы г. Пружаны. Вашы былыя пеўчыя дагэтуль успамінаюць пра Вас з вялікім цяплом: “наша прыгажуня Зіна”, “а пры Зіне мы спявалі так прыгожа”…  Раскажыце, калі  ласка, крыху пра сябе…

–  Сапраўды, у міру мяне звалі Зіна. Нарадзілася   я і вырасла ў сям’і будучага вясковага светара. Усё дзя-цінства прайшло на клірасе, з гадоў 13-ці я ўжо ўпэўнена чытала апостал і псалтыр. Тады і вызначылася з будучай прафесіяй: адразу пасля атрымання сярэдняй адукацыі я паступіла ў рэгенцкую школу пры Маскоўскай семінарыі. Пасля заканчэння якой, сапраўды, у 1986-88 гадах працавала ў Пружанах на прыходзе. Гэты вопыт зносін з людзьмі ў міру мне потым вельмі спатрэбіўся.

–  Калі і чаму Вы вырашылі прыняць манаскі пострыг? І як бацькі паставіліся да абранага Вамі шляху?

–  Пасля Пружан я яшчэ некалькі гадоў несла паслушэнства ў Патрыяршым Богаяўленскім саборы ў Маскве, а ў 1992 годзе ў Свята-Еўфрасіннеўскай Полацкай абіцелі прыняла манаскі пострыг з імем Аляксандра.

Гэта не было нечаканасцю для маіх родных. Яшчэ ў дзяцінстве, калі мы ездзілі па святых месцах, мяне вельмі вабіла цёмная манаская вопратка. Я ўсё паўтарала: буду манашкай, а тата вельмі строга да маіх дзіцячых заяў ставіўся, хоць шчыра гэтага хацеў. Нават калі я пасталела і канкрэтна вызначылася з выбарам, ён мяне яшчэ вельмі доўга выпрабоўваў, разумеючы, які гэты крыж… Зразумела, трохі паплакала мама.

–  Сапраўды, які ён, не проста манаскі, а ігуменскі крыж, і колькі гадоў Вы яго нясеце? Як гэта, быць духоўнай маці?

–  Намесніцай у Брэсцкім манастыры я стала ў 2001 годзе, гэта значыць, вось ужо 16 гадоў нясу гэтае мітуслівае паслушэнства, якое патрабуе вялікіх клопатаў. У мяне шмат ад-міністрацыйных і гаспадарчых спраў, якія ніхто за мяне не вырашыць. Вядома,  ёсць памочнікі, але ўсё робіцца пад маім кантролем.

Настаяцельскае жыццё – гэта вельмі адказная справа і перад Богам, і перад людзьмі, якія табе давераны. Да кожнага трэба знайсці падыход, распазнаць унутраныя патрэбы і праблемы і  своечасова дапамагчы. Тут патрэбны вопыт асабістага манаскага, духоўнага жыцця. Без яго ты нічым чалавеку не дапаможаш, колькі б кніг ні прачытала.

–  Святыя Айцы кажуць, што прызванне да манаства бывае трох родаў. Першае – непасрэдна ад Бога, другое – праз чалавека і трэцяе – ад смутку…

–  У кожнага свой шлях. Людзі прыходзяць у манастыр вельмі розныя, з розным настроем і вопытам жыцця. Тут павінна быць і любоў матчына, і бацькава строгасць адначасова. Але не варта лічыць, што манастыр – гэта прыстанішча няшчасных людзей, у якіх не склаўся лёс. Асноўнай прычынай сыходу ад міру з’яўляецца толькі любоў да Бога.

Бывае, вядома, што людзі, трапляючы ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі, сапраўды вырашаюць жыць у манастыры. Такая дзяўчына ёсць і ў нас. Круглая сірата. Вельмі  хворая. Ёй толькі 30 гадоў, а пакутуе ад цяжкіх  хвароб. Скіт для яе  – дом родны.

–  Але часцей прыходзяць да Вас, пакінуўшы ў міру родных. Ці ёсць у сясцёр магчымасць мець зносіны з  сем’ямі? Дапускаеце тэлефоны, смартфоны, акаўнты ў сацсетках?

–  Што тычыцца зносін з блізкімі, то гэта зусім не забаронена. Па меры патрэбы кожная сястра можа з’ездзіць дадому. Акрамя таго, ёсць гарадскі тэлефон для агульнага карыстання. Мабільныя тэлефоны дапускаюцца толькі ў сясцёр-намесніц, якім, згодна са сваімі працоўнымі абавязкамі, трэба быць на сувязі са мной. А некалькі чалавек, адказных за сайт і напаўненне царкоўнай лаўкі, зразумела, маюць доступ да інтэрнэту.

–  А колькі ўсяго чалавек жыве ў манастыры? І якія паслушэнствы яны нясуць у скіце? Чым, у цэлым, скіт адроз-ніваецца ад манастыра?

–  Скіт – гэта   своеасаблівы філіял для развіцця манастыра. У Брэсце ў нас такой магчымасці няма, элементарна няма дзе сяліць людзей. Усіх сясцёр у нас 34, і  больш чым палова з іх жыве ў Вежным.

У скіт вынесена ўся  гаспадарчая частка. Тут у нас свая зямля (20 гектараў узялі ў арэнду), свой агарод, сад, вялікі кветнік, свая падсобная гаспадарка і грузавая тэхніка. Трымаем кароў і нават свінак, каб карміць свецкіх рабочых, а іх у нас у манастыры працуе больш за пяцьдзясят чалавек. Людзі з усёй акругі: будаўнікі, трактарысты, нарыхтоўшчыкі дроў (у зімовы перыяд – качагары), электрыкі і сантэхнікі.

Але скіт пры гэтым – не працоўная арцель, а духоўная сям’я. Сёстры спяваюць на клірасе, працуюць у трапезнай, у швейнай і свячной майстэрнях. Самыя таленавітыя, якія прайшлі навучанне ў грэчаскіх майстроў, пішуць абразы. Вось цяпер, дарэчы, завяршаюць цыкл з 12-ці апосталаў у алтар пружанскага Свята-Мікольскага храма. Працы ў нас вельмі шмат…

–  Вам ва ўсёй гэтай мітусні не бывае адзінока? У чым Вы знаходзіце заспакаенне? І якая цнота больш за ўсё перадае сутнасць манаскага жыцця?

–  Мне ніколі не бывае               адзінока. Я ж заўсёды з людзьмі, з маімі духоўнымі дзецьмі, і наша асноўнае дзеянне – гэта пастаянная малітва, без якой не замацуеш падмурак не толькі манаскага, але і свецкага жыцця. Застаецца дадаць да гэтага пакорнасць, паслухмянасць, цярпенне і любоў – вось і неабходны “букет цнотаў”, водар якога раскрываецца толькі ў адносінах з людзьмі…

Вядома, я люблю пабыць адна, пагуляць па лесе, адчуць поўнае  адасабленне, а тут, у Вежным, на свежым паветры ёсць дзе разгуляцца думкам пра вечнасць. Калісьці, яшчэ калі працавала рэгентам, з айцом Іосіфам Балюком мы аднойчы сюды завіталі. І гэты вежненскі куток запаў мне ў душу. Нават жывучы ў Полацку, я ўвесь час яго ўспамінала. І калі праз гады паўстала пытанне, дзе рабіць скіт для Брэсцкага манастыра, і епіскап абраў хутар Вежнае, я была шчаслівая.

–  Сёння, калі пад’язджаеш да вас з аб’язной дарогі, закінуты хутар і не пазнаць! Вакол самотнага храма вырас цэлы манастырскі комплекс…

–  Так, мы адрамантавалі закінутыя домікі сярод лесу, узвялі іканапісную майстэрню і сястрынскі дом. Справа ад дарогі плануем акультурыць тэрыторыю ў чатыры гектары і пабудаваць бага-дзельню (для пажылых сясцёр, састарэлых сваякоў і проста адзінокіх людзей) з дамавой царквой у гонар праведнага Лазара, трапезную і сястрынскія домікі, дзе кожная будзе мець сваю асобную келлю. Гэтая тэрыторыя будзе закрытай для наведвання паломнікаў.

–  Паломнікаў?! І часта яны ў вас бываюць?

    –  Аб’язная дарога – гэта своеасаблівае “залатое кальцо”  Пружаншчыны, і міма нас  цяпер праехаць немагчыма. А паколькі  храм у Вежным з’яўляецца ўнікальным помнікам драўлянага дойлідства XVIII ст., нас рэгулярна наведваюць вялікія групы турыстаў здалёк. Пружанцы, прызнацца, да нас прыязджаюць рэдка. А ў храме ж у нас вельмі шмат святынь. Старажытны абраз “Смаленская  Адзігітрыя”, які абнавіўся ў 2001 годзе, абраз Святога Мікалая Цудатворца з часцінкай яго мошчаў, які быў напісаны ў 2011 годзе на святой гары Афон спецыяльна для скіта. Пазней з Грэцыі прывезлі і спіс з цудатворнага абраза “Усецарыца”, перад якой звычайна моляцца і атрымліваюць ацаленне анкалагічныя хворыя. Ёсць ікона з фрагментам пояса свяціцеля Спірыдона Трыміфунцкага – з вострава Корфу, і ларэц з часціцамі мошчаў               16-ці вельмі вядомых святых: прападобнай Марыі            Егіпецкай, блажэннай Матроны Маскоўскай, свяціцеляў Феафана Затворніка і Лукі Крымскага і многіх іншых.

Славіцца Вежнае і святой крыніцай з гаючай вадой. Па сведчанні аднаго нашага верніка, які прыязджае да нас з Кобрына, дзякуючы ёй ён справіўся з цяжкай хваробай страўніка… Дарэчы, макаўка з крыжам на “даху” святой крыніцы бачная з дарогі і падказвае шлях.

–  Мне здаецца, тут кожны каменьчык у дэкаратыўнай арачцы, кожная кветка, з любоўю выпеставаная сёстрамі, усе гэтыя фігуркі вожыкаў і зайчыкаў пад кустамі самшыта,  лёгкае журчанне ручайка над дэкаратыўным азярцом не могуць не вылечыць чалавека. Тут іншае ўспрыманне жыцця… Матушка, што б Вы пажадалі нам, людзям з іншага свету.

–  Проста любіце Бога і любіце людзей. Жывіце па сумленні. І Гасподзь уратуе кожную душу, якая Яго шукае.

 

Алена ЗЯЛЕВІЧ,                Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *