Пятница, 19 января 2018

Заметки из сакВОЯЖа: крылья, ноги… главное — мозг!

319

Не скажу, што экскурсія па страусінай ферме расчаравала. Але яна не адкрыла Амерыку дарослым членам нашай вандроўнай суполкі. І не толькі таму, што на “Страусіным ранча” каля вёскі Казішча ў Кобрынскім раёне ўтрымліваюцца не амерыканскія, а афрыканскія чорныя страусы. Хацелася за тыя, няхай і невялікія, грошы, што каштуе ўваходны білет, атрымаць нешта большае, чым шпацыраванне туды-сюды ўздоўж загонаў і расказ аб методыках вырошчвання і характары страусаў.
Хаця я, як заўсёды, шукаю хмары на ясным небе. Дзецям спадабалася. Толькі і яны былі б рады сфатаграфавацца са страусіным яйкам у руках, праехацца ў возіку, запрэжаным ослікам, які гучна сумаваў у вальеры побач, ці прымерыць каўбойскі капялюш (калі ўжо выкарысталі слова «ранча», то дзе каларыт Дзікага Захаду?).
Крыху напружвалі пастаянныя папярэджанні: са сцежкі не сыходзіць, да страусаў не лезці, пер‘е не падбіраць… З іншага боку, можна зразумець гэтую тэхніку бяспекі: 100-кілаграмовая птушка, калі напалохаецца, здольна ўдарыць нагой у паўтара раза мацней, чым конь капытам, а зверху яшчэ і дзюбнуць ад душы. А палохаецца яна ўсяго, што не можа зразумець. А зразумець яна нічога і не можа, бо яе мазгі важаць менш за вока.
Падобна, нам пашанцавала, што страусы не ўмеюць лятаць. Уявіце сабе такую птушачку ў паветры над галавой. Страшны сон. Хаця бегае яна хутчэй, чым іншыя ляцяць. Так што адразу захацелася звярнуцца да страуса на “вы”. Каб не пакрыўдзіць выпадкова. Праўда, імпэту птушцы хапае ненадоўга: экскурсавод расказвала, што ра-з‘юшаны страус бяжыць за крыўдзіцелем сем секунд, а потым забывае, куды і навошта пабег. Калі не дагоніць, зразумела.
Паступова я забылася пра крытычны падыход да ўбачанага: магутныя птушкі так грацыёзна перабягалі з месца на месца, узмахвалі крыламі, выгіналі доўгія шыі, што варта было проста любавацца імі.
Хацелася зрабіць прыгожыя здымкі. Але як, калі блізка падыходзіць — сабе даражэй? Пайшлі на хітрыкі. Палахлівыя і дурнаватыя, птушкі аказаліся вельмі цікаўнымі. Варта было ўзняць угару рукі, як яны падбягалі да агароджы і імкнуліся асэнсаваць, што бачаць. Магчыма, выцягнутая рука здавалася маладым самцам шыяй чароўнай самачкі. Хто зразумее гэтую мужчынскую логіку?..
Аказалася, што ў мясцовым кафэ можна заказаць стэйкі з бесхалестэрынавага страусінага мяса або яешню з вялізнага яйка, але да кулінарнай экзотыкі нашы страўнікі (а таксама кашалькі) не былі гатовы. Таму паехалі абедаць дадому.

Дарога вяла праз вёску Бяроза (не блытаць з аднайменным райцэнтрам). Праехалі міма драўлянай блакітнай цэркаўкі. І раптам пачулі спевы і ўбачылі, што насустрач проста па шашы ідзе хрэсны ход. Мужчыны з харугвамі — наперадзе, жанчыны з абразамі — ззаду, пад іконай Божай Маці ручайком прабягаюць дзяўчаты…
Зразумела, мы спыніліся, каб не перашкаджаць, выйшлі з машыны. Раптам бацюшка, што ішоў паміж вернікаў, – пажылы, хударлявы, з добрым, прасветленым тварам — махнуў нам рукой і запрасіў ласкава: «Ідзіце сюды, праходзьце пад іконай». Мы прайшлі, зразумела. І адразу нібы нехта цёплай лагоднай рукою сцёр з твару незадаволенасць, з сэрца – крыўды, радасна стала на душы.
Можа, менавіта гэты “момант ісціны” і быў мэтай паездкі, якую за нас вызначыў нехта звыш?
Ірына Сядова. Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *