Понедельник, 22 октября 2018

Па-беларуску. Цэнтральная раённая бібліятэка ў Дзень Незалежнасці зрабіла ўпор на нацыянальную гісторую

493

Не памылюся, калі скажу, што імпрэза, якая прайшла ў раённай бібліятэцы 3 ліпеня, стала адной з самых яркіх, насычаных і запамінальных культурных падзей горада за  апошнія некалькі гадоў. Добра разумеючы, што незалежнае і мірнае існаванне – гэта, сапраўды, амаль самае дарагое, што ёсць у нашай краіне, арганізатары зрабілі ўпор на беларускую нацыянальную гісторыю і літаратуру. У гэты дзень у бібліятэцы і каля яе дзейнічалі некалькі тэматычных пляцовак, на кожнай з якіх гасцей шчыра сустракалі прыгажуні ў нацыянальным убранні.

На дзіцячай пляцоўцы самыя маленькія чытачы маглі азнаёміцца з некалькімі кніжнымі выставамі пад агульнай тэматыкай «Я люблю Беларусь». Былі паказаны навінкі беларускіх выдавецтваў, якія бібліятэка атрымала ў апошні час. Тут жа праходзіў конкурс “Знакамітыя беларусы”, у якім па партрэце або па  фрагменце з твора трэба было распазнаць вядомых беларускіх музыкаў, літаратараў і  палітычных дзеячаў. У конкурсе “Мая Пружаншчына і землякі” патрабавалася адказаць на пытанні краязнаўчай віктарыны, а ў праграме “Наш Купала” можна было праверыць свае літаратурныя веды і згуляць у бяспройгрышную  латарэю.

Пасля ўсіх гэтых інтэлектуальных гульняў можна было адпачыць (і нават сфатаграфавацца!) ва ўмовах сапраўднага салдацкага прывалу: накінуць на плечы  плашч-палатку, прысесці на пянёк каля  вогнішча, узяць у рукі планшэт з тапаграфічнай картай… Адным словам, цалкам акунуцца ў атмасферу “зацішша паміж баямі”. Адпаведны настрой стварала і  караоке-шоу з удзелам  народнага хору ветэранаў “Чырвоны гваздзік” пад кіраўніцтвам Святланы Машкала, у выкананні якога прагучалі вядомыя мелодыі ваенных гадоў. “Цёмная ноч”, “Кацюша”, “Алёша” і іншыя музычныя шэдэўры прыцягнулі ўвагу шматлікіх прахожых.

А ў залах бібліятэкі ўсіх чакаў літаратурны квэст —  інтэрактыўная гульня, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння знакамітага майстра паэтычнага слова Янкі Купалы, падчас якой госці разам з купалаўскімі героямі “пагарталі” старонкі жыцця і мастацкай біяграфіі беларускага песняра. На  абанеменце пытанні задавала  Альжбета з “Паўлінкі”. На лесвіцы разам з гусляром наведвальнікі павінны былі разгадаць крыжаванку, складзеную па матывах твора “Курган”.

На другім паверсе ў фае Гануля Зношчыха, маці галоўнага героя з п’есы “Тутэйшыя”, частавала ўдзельнікаў гульні  стравамі беларускай нацыянальнай кухні, а тыя павінны былі адгадаць іх назвы. Нельга перадаць словамі пах дранікаў і бабкі, мачанкі і верашчакі, наліснікаў і таўканіцы са шкваркамі, які вырываўся нават на вуліцу, бянтэжачы прахожых.

Весела было і ў чытальнай зале, дзе пад  пільным  кіраўніцтвам “тутэйшай” Насты Пабягунскай кожнаму ўдзельніку патрэбна было праспяваць песню, прачытаць верш ці нават станцаваць “Лявоніху”.

Пры правільным адказе на ўсіх зонах квэста гасцям давалі канверт з часткай пазла, які трэба было напрыканцы сабраць і адправіцца па цудоўныя падарункі ад “Паўлінкі” – кнігі і лялькі-мотанкі, якія, як лічыцца здаўна, нясуць у хату мір, святло і дабрабыт.

Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *