– Ура! Наш Мікалай Мікалаевіч прыйшоў! – вось так, з гарэзлівага дзіцячага смеху, шчырых абдымкаў і непадробнай радасці ад сустрэчы, і пачынаюцца працоўныя будні Мікалая Сахарэвіча, маладога выхавальніка інтэграванай групы дзіцячага садка № 4 г.Пружаны. Ён адзіны ў раёне і адзін з нямногіх у нашай краіне, хто канчаткова развеяў стары міф пра тое, нібыта малых дзяцей выхоўваць – не мужчынская справа.
Дзеці раскідваюць цацкі – ён збірае, яны шумяць – ён супакойвае, яны абедаюць – ён вучыць, як трэба паводзіць сябе за сталом. А потым разам з імі робіць зарадку, зашпільвае сандалікі, завязвае на красоўках шнуркі, папраўляе коскі, панамкі і касыначкі і выводзіць сваіх падапечных забаўляцца на свежае паветра…
«Дзядзька Коля» (у садку прыжыўся і такі зварот!) такі ж, як яго выхаванцы, – шчыры, добры, актыўны, пазітыўны (менавіта так аб ім адгукаюцца калегі), толькі старэйшы за малых больш як на чвэрць стагоддзя.
Ураджэнец Пружан, Мікалай пасля заканчэння сярэдняй школы № 3 паступіў у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы на спецыяльнасць «настаўнік фізічнай культуры», ужо на другім курсе перайшоў на завочнае аддзяленне і з 18 гадоў пачаў працаваць з дзецьмі. Праўда, не з такімі малымі, а са школьнікамі. Але год таму вырашыў паспрабаваць сябе на новай ніве.
– Спачатку мяне некалькі палохала такая зусім юная аўдыторыя, а потым асвоіўся і надзвычай хутка прывык да малых гарэз. Некаторы час дапамагаў нават у ясельнай групе і без цяжкасцей знайшоў агульную мову з самымі маленькімі выхаванцамі. Хочаце, каб дзеці добра сябе паводзілі – удзяляйце ім больш увагі. Малых трэба ўвесь час займаць і ставіцца, як да сваіх дзяцей, – дзеліцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі, якія паспеў набыць за год, выхавальнік.
Сапраўды, гледзячы на тое, як ён спраўляецца з асаблівымі падапечнымі, даверліва размаўляе з імі і пяшчотна бярэ на рукі, разумееш, што ён для іх – сапраўдны сябар.
– Дзеці Мікалая Мікалаевіча вельмі любяць і з нецярпеннем чакаюць яго змену. Задаволены і бацькі, паважаюць калегі, – шчыра адклікаецца аб ім дырэктар установы Галіна Міхайлаўна Аляхновіч. – А задача ў яго не з лёгкіх: ён не проста выхавальнік, а выхавальнік у групе інтэграванага навучання, якая адкрылася ў нас год таму. У ёй аб’яднаны розныя па ўзросце дзеці, ёсць нават хлопчык з асаблівасцямі развіцця, якому патрабуецца надзвычайная ўвага і клопат. На гэтую ролю як нельга лепш падышоў Мікалай Мікалаевіч, якога мне парэкамендавалі дасведчаныя педагогі. Мне, як кіраўніку, з ім вельмі пашанцавала.
Задаволены мужчынам-выхавальнікам і ў аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Яго лічаць перспектыўным спецыялістам.
Зусім нядаўна Мікалай Сахарэвіч прайшоў курсы павышэння кваліфікацыі па працы з дзецьмі ў асаблівых, інтэграваных групах і… дазволіў сваім падапечным цалкам «залезці сабе на галаву». Збоку здаецца, што ведае ён іх ці не лепш за бацькоў. Дзеці шчаслівыя, а гэта самая галоўная ацэнка яго працы.
Алена ЗЯЛЕВІЧ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).
VK_VER_8049