У службы экстранага рэагавання можна патэлефанаваць па кароткіх нумарах 101, 102, 103, 104 або па адзіным нумары 112. А яшчэ цяпер можна звярнуцца па дапамогу і праз СМС-паведамленне па мабільным тэлефоне. Такая сусветная практыка ўкараняецца і ў нашай краіне, у першую чаргу, для тых людзей, хто не можа размаўляць па стане здароўя або па іншых прычынах.
Райаддзел па надзвычайных сітуацыях (101)
Як паведамілі нам у службе выратавання, укараненне не мінула іх бокам. Менавіта тут працуе адзіны Цэнтр аператыўнага кіравання, куды паступае інфармацыя аб надзвычайных здарэннях любога характару. Таму ёсць і свой нумар мабільнага тэлефона: +375-33-641-77-66. Аднак прызначаны гэты спосаб сувязі толькі для людзей з праблемамі маўлення. Усім іншым выратавальнікі настойліва рэкамендуюць выклікаць дапамогу галасавым паведамленнем: у размове дыспетчар можа адразу ўдакладніць дадатковую інфармацыю, важную выратавальнікам. Напрыклад, як хутчэй даехаць да месца здарэння, на якім паверсе дома стварылася небяспечная сітуацыя. Ад гэтага залежыць, які разлік і колькі машын будуць накіраваны на дапамогу.
Міліцыя (102)
Акрамя тэлефанаванняў на кароткі нумар 102 або іншыя тэлефоны для ананімных паведамленняў, супрацоўнікі райаддзела ўнутраных спраў павінны рэагаваць і на паведамленні з дапамогай СМС. Для чаго і ўведзены адзіны нумар: +375-29-202-94-98.
Але міліцыянеры просяць не толькі пісаць: «Дапамажыце!», але і не забыцца напісаць адрас, па якім павінна выехаць група рэагавання.
Хуткая медыцынская дапамога (103)
Нумар мабільнага тэлефона для выкліку дапамогі праз СМС ёсць і ў брыгад «хуткай дапамогі». Адпраўляць тэкставае паведамленне можна на нумар: +375-33-392-96-54.
Спецыялісты «хуткай» таксама заклікаюць карыстацца такой магчымасцю толькі ў надзвычайных выпадках, бо медыкам неабходна ўдакладніць прычыну выкліку, каб загадзя падрыхтавацца да аператыўных дзеянняў. І, безумоўна, без указанага адраса машына наўрад ці куды прыедзе.
Газавая служба (104)
Аварыйна-дыспетчарская служба прымае экстраныя паведамленні не толькі па нумары 104, але і на мабільную лінію — +375-33-399-18-03. Тут таксама дзейнічаюць вышэйназваныя правілы: трэба ўказаць адрас, прычыну выкліку і сваё прозвішча. Як паведамляюць спецыялісты газавай службы нашага райцэнтра, такая магчымасць таксама даецца менавіта тым, хто не можа гаварыць па стане здароўя. І просяць не жартаваць з гэтым нумарам.
***
Варта дадаць, што нягледзячы на тое, абанентам якога аператара вы з’яўляецеся, абавязкова трэба набіраць адрас атрымальніка СМС менавіта так, як напісана.