Суббота, 26 мая 2018

Под покровом Богородицы. В музее-усадьбе проходит выставка белорусской чудотворной иконы

457

Днямі ў нашым горадзе адбылася знамянальная падзея. У музеі-сядзібе «Пружанскі палацык» урачыста адкрылася выніковая выстава работ міжнароднага варштата мастакоў, прысвечаная беларускай цудатворнай іконе. Не адзін, а адразу два дзясяткі дзіўных выяў Прасвятой Багародзіцы і святых, якія пабывалі ўжо ў Мінску, Гродне і Бельску-Падляскім, асвяцілі сваёю благадаццю і пружанскую зямлю.

Сам з’езд мастакоў адбыўся ў мінулым годзе ў Лагойску і выглядаў, як творчая лабараторыя розных па нацыянальнасці і веравызнанні іканапісцаў  – з Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы – якія пад эгідай вядомай у Еўропе майстэрні «IKONIQUE» рабілі адну важную менавіта для нас, беларусаў, справу. Справу “вяртання” цудатворных ікон, праслаўленых калісьці не ў Грэцыі, не ў Расіі, а на шматпакутнай зямлі Вялікага Княства Літоўскага.

Вастрабрамская, Жыровіцкая, Мар’інагорская, Лагойская, Юровіцкая… – усе гэтыя абразы явілі свае цуды ў вельмі цяжкі для нашай гісторыі перыяд войнаў, здрадаў і паражэнняў. Многія з іх у віхурах жудасных канфліктаў былі згублены, скрадзены і зараз знаходзяцца ў іншаземных музеях ці прыватных калекцыях, і  толькі некаторым пашчасціла застацца ў нашых храмах. І вось намаганнямі іканапісцаў з усходне-славянскага свету гэтая частка нашай гісторыі, культуры і традыцыі нібы адрадзілася ў сучасных спісах…

Своеасаблівы ўклад у беларускую культуру зрабіў і народны камерны хор Пружанскага Палаца культуры, якому выпала ганаровая місія адкрываць выставу. У выкананні спевакоў прагучалі творы вядомага сучаснага беларускага царкоўнага кампазітара – манахіні  Ірыны Дзянісавай. Простыя і натхнёныя ўступныя словы дырэктара музея Юрыя Зялевіча і шчырае выступленне пружанскага благачыннага, настаяцеля Свята-Аляксандра-Неўскага сабора Міхала Носкі задалі тон даверлівай гутаркі з  іканапісцамі – куратарам пленэру Віктарам Доўнарам і яго жонкай Наталляй Лось. Ганаровыя госці распавялі пра доўгі  шлях іх сям’і да іконапісання. Былыя мастакі-рэжысёры тэлестудыі “Беларусьфільм”, якія ладзілі анімацыйныя фільмы, на працягу дзесяці гадоў не мелі дзяцей. І толькі пасля вянчання ў іх нарадзілася трое дзетак. Гэты сямейны цуд так ускалыхнуў мастакоў, што ім захацелася зрабіць для царквы і Бога штосьці  асаблівае. Яны сталі вывучаць асновы іканапісу і вось ужо больш за 25 гадоў пішуць іконы, распісваюць храмы і робяць мазаікі. Для адной толькі Беласточчыны Віктар Доўнар напісаў больш за дзве з паловай тысячы ікон. Сёння разам з бацькам  у іканапіснай майстэрні працуюць і яго сыны.

–  Калі сустракаешся праз вобраз з Тым, хто аддаў за цябе жыццё, то па-іншаму глядзіш на сусвет. Ад гэтых фарбаў, мазкоў, надпісаў, малюнкаў пахне вечнасцю. Дух Святы вее праз іх, як праз адчыненыя вокны. Вось з гэтым настроем мы і працуем, – зазначае мастак.

Цікава, што на выставе шэраг абразоў дакладна  паўтараюць  арыгіналы. А некаторыя, наадварот, напісаны мастакамі па-новаму, праз прызму сучаснага прачытання. Нікога не пакіне абыякавым Жыровіцкая ікона ў полі, стылізаваным пад грушавы цвет, напісаная ў візантыйскім стылі каталіцкім іканапісцам Іаанай Забагло. Своеасаблівым адлюстраваннем німба ў выглядзе сонечных прамянёў вылучаецца і Лагойская ікона Багародзіцы «Знаменне». Здзіўляе сваім рэльефным абрамленнем, выразаным па ляўкасу звычайнай іголкай, і Вастрабрамская ікона. Неверагодна замілоўваюць і, так званыя, «мерныя» іконы, напісаныя ў старажытнарускай традыцыі, якая пазней перайшла і да нас, – на ліпавай дошцы памерам з нованароджанага, якому і прызначаўся гэты вобраз.

У цэлым, беларуская ікона – з’ява самабытная і ўнікальная. У адрозненне ад візантыйскага канону, дзе святыя сур’ёзныя і пагружаныя ў думы, на нашых абразах Багародзіца быццам усміхаецца, нібы сведчыць пра тое, што ўся тэрыторыя Беларусі пад Яе асаблівай ласкай. І чым больш гэтыя іконы мы будзем вывучаць, чым больш размаўляць з імі, тым больш будзем атрымліваць дароў ад Маці Божай. Ва ўсякім выпадку, арганізатары вельмі спадзяюцца, што выстава прыўнясе ў жыццё пружанцаў асаб-лівае святло веры і надзеі.

Спяшайцеся! Наведаць экспазіцыю можна будзе да 9 ліпеня.

Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *