Четверг, 18 апреля 2024

Самый отдаленный сельсовет района, или Какие проблемы есть в Зеленевичах

1 247

Зеляневіцкі сельсавет — найбольш аддалены ад райцэнтра. Да таго ж, тут склалася не зусім спрыяльная дэмаграфічная сітуацыя. Аб гэтых і іншых праблемах гутарка са старшынёй Зеляневіцкага сельвыканкама В.В.Аўдзейчык.

— Вольга Віктараўна, вёскі сельсавета аддаленыя ад райцэнтра. Ці ўзнікаюць у сувязі з гэтым праблемы?

— Зразумела, падобная аддаленасць уносіць некаторыя складанасці ў нашу работу. Асабліва гэта датычыцца камунальнай і дарожнай службаў. І хоць у нас знаходзяцца філіялы гэтых арганізацый, але рашэнні прымаюцца ў райцэнтры.

Раней жыхарам аддаленых вёсак няпроста было нават дабрацца ў райцэнтр. Але з пабудовай аб’язной дарогі ўздоўж Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» зносіны з райцэнтрам значна палепшыліся.

— На тэрыторыі сельсавета шмат маланаселеных вёсак. Ці не адчуваюць іх жыхары сябе адзінокімі?

— Мы не падзяляем вёскі на буйныя і маланаселеныя. Наадварот, імкнемся часцей наведвацца ў маленькія вёсачкі, каб ведаць праблемы іх жыхароў. Сюды два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Не забываюць жыхароў гэтых вёсак работнікі Зеляневіцкага ФАПа і Лыскаўскай урачэбнай амбулаторыі.

У зімовы час праводзім расчыстку дарог ад снегу, якія вядуць да маланаселеных вёсак.

— Вольга Віктараўна, а якая работа праводзіцца па рэалізацыі Указа Прэзідэнта №100 «Аб мерах па ўдасканальванні ўліку і скарачэнні колькасці пустуючых і старых дамоў у сельскай мясцовасці»?

— Такая работа пастаянна праводзіцца на тэрыторыі сельсавета. Пустуючыя дамы ўлічваюцца ў спецыяльным рэгістры. Уласніку жылога дома (калі ён вядомы) загадзя паведамляем аб уключэнні яго дома ў спецыяльны рэгістр. Пасля атрымання апавяшчэння ён можа накіраваць паведамленне пра свой намер выкарыстоў-ваць дом.

Сёлета правялі паўторнае абследаванне такіх дамоў у вёсках Зеляневічы, Зіновічы і Масявічы. Ужо знесены адзін з іх. У бліжэйшы час будуць знесены яшчэ тры дамы. Дарэчы, работы па зносе пустуючых і старых дамоў выконвае ААТ «Радзіма», за што хочацца падзякаваць яго кіраўніку.

— А што было зроблена ў рамках месячніка па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на тэрыторыі населеных пунктаў?

— У гэтым накірунку праведзена вялікая работа. Асабліва значны аб’ём работ выкананы на Лыскаўскіх могілках, дзе брала ўдзел і мясцовае насельніцтва. Не застаюцца ў баку ад гэтай важнай справы і старасты нашых населеных пунктаў, школы. Так стараста вёскі Шэйпічы Л.К.Місура сабрала грашовыя сродкі на падтрыманне парадку на мясцовых могілках.

— Вольга Віктараўна, Ваш сельсавет мае багатую гісторыка-культурную спадчыну. Гэта таксама накладвае пэўную адказнасць і адначасова дае магчымасць прыцягнуць турыстаў…

— Усё так. На тэрыторыі сельсавета знаходзяцца дзве царквы (Свята-Крыжаўзвіжанская ў Зельзіне і Ражства Багародзіцы ў Лыскаве), Траецкі касцёл таксама ў  Лыскаве. У вёсцы Асошнікі знахо-дзіцца старажытная памятная калона,  тут  ёсць і курганны могільнік. Побач з касцёлам у Лыскаве — магіла польскага паэта Францішка Карпінскага, а непадалёку ад Лыскава — абвалоўка каралеўскага замка XV-XVII стагоддзяў. У Зеляневічах захаваўся старажытны парк, які быў закладзены ў першай палове XIX стагоддзя.

— І ўсё ж, што на сённяшні дзень Вас турбуе больш за ўсё як старшыню сельвыканкама?

— Турбуе дэмаграфічная сітуацыя. Значна зменшылася колькасць вучняў у школах сельсавета. Даводзіцца закрываць некаторыя аб’екты сацыяльнай інфраструктуры.

Мікола АРХУЦІК, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *