Четверг, 26 апреля 2018

Медицинское событие года: в июле планируется открытие нового корпуса, где разместится неврологическое отделение на 60 мест

840

Умова паспяховага пазбаўлення ад захворвання — яго своечасовае выяўленне і правільна назначанае лячэнне. Такая няпростая задача стаіць і перад медыцынскімі работнікамі Пружанскай ЦРБ. Таму развіццю і ўдасканаленню медыцынскай дапамогі тут надаюць першачарговую ролю. Увогуле, чым жыве сёння галіна, якія задачы імкнецца выканаць, аб гэтым напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў размаўляем з галоўным урачом цэнтральнай раённай бальніцы В.М.Дараневічам.

— Адной з самых актуальных праблем у Пружанскай ЦРБ вось ужо каторы час застаецца недахоп кадраў. Віктар Міхайлавіч, як на сённяшні дзень вырашаецца гэтае пытанне?

— Укамплектаванасць медыцынскіх устаноў кадрамі і іх прафесіянальная падрыхтоўка маюць важную ролю ў плане паспяховага рашэння задач, якія стаяць перад нашай галіной. Сёння ў сістэме аховы здароўя раёна працуе 146 урачоў і 468 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Укамплектаванасць урачэбнымі кадрамі пакуль складае не ўсе 100%, а 95,9%, сярэднім медперсаналам — 95,2%, што, дарэчы, лепш, чым было яшчэ некалькі гадоў таму.

Каб замацаваць маладых спецыялістаў, пры садзейнічанні райвыканкама ўсіх іх забяспечваем жыллём: за апошні час было выдзелена 12 службовых кватэр, прадастаўлены два месцы ў інтэрнаце, 15 медыкаў ужо маюць уласнае жыллё, 10 чалавек атрымала дах над галавой на ўмовах найму.

Летась на сваё першае рабочае месца ў Пружанскую ЦРБ прыехала 19 урачоў і 19 сярэдніх медработнікаў. А ў бягучым годзе мы чакаем яшчэ адпаведна 12 і 30 такіх спецыялістаў. Зразумела, цалкам праблема з дэфіцытам кадраў не знята. Тым не менш, дзякуючы прыцягненню маладых спецыялістаў, удалося арганізаваць адну ўрачэбную брыгаду «хуткай дапамогі»: чатыры ўрачы працуюць па зменах, а таксама брыгаду «хуткай» у саставе двух фельчараў. Гэта значна палепшыла аператыўнасць і якасць аказання меддапамогі насельніцтву.

— Не сакрэт, што якасць медыцыны непарыўна звязана і з матэрыяльна-тэхнічнай базай…

— Умацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы, бадай, надаецца не меншая ўвага, чым укамлектаванасці кадрамі. Па-першае, пастаянна праводзяцца бягучыя рамонты паліклінічных і стацыянарных аддзяленняў ЦРБ. Варта адзначыць, што мы ўсё робім уласнымі сіламі. Мы нават стварылі будаўнічую брыгаду. Толькі за пяць месяцаў бягучага года на рамонт бухгалтэрыі выдаткавана 7400 рублёў, аддзяленняў ЦРБ — 35000 рублёў, Гарадзечненскага, Сланімцоўскага, Шчарчоўскага ФАПаў — на агульную суму 4100 рублёў. Адрамантаваны харчблокі Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду, Шарашоўскай бальніцы. Пасля рамонту, які каштаваў больш за 23000 рублёў, пры Пружанскай паліклініцы адкрылася аддзяленне дзённага знаходжання на 25 ложкаў.

Акрамя таго, на суму каля 85000 рублёў набыта медыцынскае абсталяванне, у тым ліку, куплены аўтамабіль «хуткай дапамогі», аперацыйная свяцільня, два ларынгаскопы, чатыры мікраскопы і іншае.

— Эфектыўнасць ад гэтых мерапрыемстваў ужо назіраецца?

— Мяркуйце самі: яшчэ гадоў пяць таму сярэдняя працягласць жыцця ў рэгіёне не складала і 70 гадоў. Сёння ж гэтая лічба перавышае 74 гады. Разам з тым, дзякуючы мерапрыемствам, якія праводзяцца, у раёне назіраецца зніжэнне на 1,9% агульнага захворвання насельніцтва.

Увогуле сёння галіна аховы здароўя арыентавана на павышэнне якасці і працягласці жыцця насельніцтва.

— Яно і зразумела. Нашыя хваробы дорага абыходзяцца дзяржаве…

— У залежнасці ад профілю аддзялення кошт ложка-дня вар’іруецца, і за пяць месяцаў 2017 года ў сярэднім ён склаў каля 35,5 рублёў. Самае «дарагое» — рэанімацыйнае аддзяленне, дзе суткі знаходжання пацыента абыходзяцца бюджэту амаль у 237 рублёў. У інфекцыйным аддзяленні, напрыклад, адно ложка-месца каштуе больш 46 рублёў у суткі, у хірургічным — каля 42 рублёў, у траўматалогіі — больш за 40 рублёў. Дарэчы, сярэдні кошт аднаго выезду брыгады «хуткай» таксама нятанны — амаль 45 рублёў.

Але мы актыўна займаемся пазабюджэтнай дзейнасцю. Калі ў канцы мінулага года Пружанскай ЦРБ аказвалася насельніцтву 16 відаў платных паслуг, то сёння іх два дзясяткі, а ў аб’ёме пазабюджэтных даходаў іх доля складае каля 74%.

— Віктар Міхайлавіч, многіх пружанцаў цікавіць: калі  ж усё-такі адчыніць дзверы новы корпус бальніцы, куды пераедзе неўралагічнае аддзяленне?

— Чакаць засталося нядоўга. Самая прыемная падзея гэтага года — доўгачаканая здача ў эксплуатацыю неўралагічнага аддзялення на 60 ложкаў — запланавана на ліпень. Мяркуецца, да таго часу палаты аддзялення ўладкуем неабходнай мэбляй. Яго асаблівасцю павінен стаць кабінет для рэабілітацыі постінсультных хворых.

Там жа плануецца абсталяванне аддзялення пералівання крыві, аналагі якому на Брэстчыне наўрад ці знойдуцца, а таксама рэнтгенкабінета з новым лічбавым апаратам, што, бясспрэчна, павысіць якасць медабслугоўвання. 

— Як кіраўніку, што б Вам, Віктар Міхайлавіч, хацелася б сказаць свайму дастаткова вялікаму калектыву напярэдадні прафесійнага свята?

— Хачу падзякаваць кожнаму, хто вырашыў апрануць белы халат і не пабаяўся даць клятву Гіпакрата. Вылучыць кагосьці асобна не вазьмуся — кожны работнік нашай бальніцы ўносіць важкі ўклад у агульную справу. Хочацца, каб усе чулі толькі словы падзякі  ад сваіх пацыентаў за такую нялёгкую, але вельмі патрэбную працу і каб яна прыносіла толькі задавальненне. Жадаю ўсім медработнікам моцнага здароўя і сямейнага дабрабыту.

Марына Вакульская,     Сяргей Талашкевіч (фота).

Один комментарий

  • жыхар

    наконец-то чтобы попасть в поликлинику, к примеру на одной ноге, не надо будет скакать полкилометра……может хоть калитку откроют. А то сделали из больницы режимное учреждение……нигде такого нет…….

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *