Суббота, 20 января 2018

Александр Чиль: «В Пружанах освоены все методики ультразвукового обследования, которые есть в стране»

634

18 чэрвеня сваё прафесійнае свята адзначаюць людзі, якія авалодалі самай гуманнай на зямлі справай — лячыць і даглядаць  хворых. Мы давяраем ім самае каштоўнае — жыццё і здароўе. Сваё прызванне ў медыцыне ў свой час знайшоў і Аляксандр Чыль, загадчык аддзялення ультрагукавога абследавання Пружанскай ЦРБ.

Сёння, маючы за плячыма немалы вопыт, Аляксандр Веслававіч яшчэ больш перакананы: урач — гэта ўсё-такі яго прызванне. Увогуле медыцына прываблівала яго з дзяцінства. Яшчэ школьнікам ён нават наведваў гурток «Юны медык», цікавіўся анатоміяй. Ды і прыклад было з каго ўзяць: урачамі працавалі цётка і дзядзька.

У 1993 годзе А.В.Чыль стаў дыпламаваным спецыялістам. Па размеркаванні трапіў у Гомельскую абласную спецыялізаваную клінічную бальніцу, але неўзабаве вярнуўся ў родны горад Гродна. У Пружаны прыехаў па запрашэнні сябра-аднакурсніка ды так тут і застаўся.  Некаторы час сумяшчаў работу ў Пружанах і абласной бальніцы, куды яму нават прапанавалі цалкам перавесціся, але ён адмовіўся, пра што, як сам запэўнівае, ні разу не пашкадаваў.

Без перабольшвання, Аляксандр Веслававіч цалкам аддаецца рабоце: пастаянна павышае веды на курсах, прымае ўдзел у рэспубліканскіх семінарах па праблемных пытаннях ультрагукавой дыягностыкі, ездзіць на міжнародныя канферэнцыі з удзелам замежных спецыялістаў. Адным словам, трымае руку на пульсе. Да слова, гадоў дзесяць таму на канферэнцыі, арганізаванай нямецкімі калегамі, падчас  тэсціравання, якое прайшло больш за 200 беларускіх урачоў, паказаў самы лепшы вынік.

— Увогуле мая мэта — вывесці ультрагукавую дыягностыку на ўзровень не горшы, чым у іншых раёнах, — прызнаецца доктар.

І намаганні ўжо маюць плён: у 2014 годзе аддзяленне ультрагукавой дыягностыкі Пружанскай ЦРБ было выдзелена ў асобнае структурнае падраздзяленне. Сёння жыхары раёна могуць зрабіць тут УГД органаў брушной поласці, мочавыдзяляльнай сістэмы, шчытападобнай залозы, сэрца, перыферычных сасудаў, органаў малога тазу ў жанчын, цяжарных. 

— У Пружанах асвоены ўсе методыкі, якія ёсць у краіне. Служба працуе на высокім узроўні: на абласных канферэнцыях пружанскіх дыягностаў заўсёды ставяць у прыклад, — з гонарам зазначае Аляксандр Веслававіч. — Рэзервы для ўдасканалення, вядома, яшчэ ёсць. Вось толькі кадраў і абсталявання не хапае.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *