Среда, 20 июня 2018

Выше всех взлетели «орлята» из СШ №3

658

Страявы крок з песнямі, марш-кідкі ў камуфляжнай форме і арыентаванне на мясцовасці, непад’ёмныя рукзакі і бег у процівагазах… 18-20 мая ў вёсцы Руднікі на базе Цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства прайшла традыцыйная раённая ваенізаваная гульня “Арляня-2017”.

За гады існавання яна стала годнай школай мужнасці, выхавання сілы волі, характару і пачуцця абавязку ў шматлікіх юных армейцаў. І глыбока сімвалічна, што цяперашні злёт моладзі прайшоў пасля вялікага свята Перамогі.

Раўняючыся на вопытных членаў маладзёжнага атрада “Беркут”, амаль сотня юнакоў і дзяўчат ва ўзросце ад 15 да 17 гадоў, усяго дзевяць каманд з вучняў 9-11 класаў гарадскіх (акрамя гімназіі), а таксама Параслянскай, Слабадской, Кляпацкай, Магілявецкай і Шарашоўскай сярэдніх школ, змагалася за званне самых рашучых, стойкіх і адважных “арлянят” года.

У трохдзённых спаборніцтвах юнармейцы дэманстравалі строгаму журы пад старшынствам дырэктара ЦДЮТіК С.А. Макарчука добрую шматпрофільную фізічную і культурную падрыхтоўку. Першы дзень быў самым гучным. Конкурсная праграма пачалася з пастраення і здачы рапартаў. Пад пякучым сонцам  страявым крокам атрады “навабранцаў” з песняй праходзілі міма журы, якое ацэньвала форму адзення, дысцыпліну ў страі, перастраенні ў шарэнгах, адданне воінскага прывітання і іншыя важныя моманты страявога палёту “арлянят”.  А пасля сытнага абеду  юнармейцы спаборнічалі ў падцягванні, кіданні гранаты, скачках у даўжыню і кросе. Не было спакою і вечарам! Самыя музыкальныя ўдзельнікі без падтрымкі фанаграм «ваявалі» за лепшыя балы ў конкурсе патрыятычнай песні і «візітнай карткі» атрада. А самыя стойкія салдаты працягвалі фантанаваць энергіяй на святочнай тэматычнай дыскатэцы.

Другі дзень прынёс новыя цяжкасці і новыя ўражанні. Чаго каштавала адна толькі ваенізаваная эстафета?! Яна ўключала ў сябе пераадоленне  складанай паласы перашкод – з двухметровымі платамі і пасткамі, бег у процівагазах па ўмоўна заражанай мясцовасці, ды яшчэ з грузам у руках, пераправу па бервяне і пераадоленне «балота» па «купінах». Самыя трапныя ўдзельнікі праявілі сябе ў стральбе па мішэні з пнеўматычнай вінтоўкі. Астатнія канкурсанты паказалі сваю медыка-санітарную і пажарна-прыкладную падрыхтоўку.

Спаборніцкая атмасфера трымала ўсіх у пастаянным напружанні практычна кругласутачна і прымушала выкарыстоўваць для падрыхтоўкі да чарговага этапу кожную хвіліну. Лягчэй было толькі ў апошні дзень злёту: конкурс плакатаў і віктарына Чырвонага Крыжа запатрабавалі толькі інтэлектуальных намаганняў.  Дарэчы, на працягу ўсёй гульні ацэньваліся і ўменні вучняў у арганізацыі турыстычнага быту. Па кожным відзе спаборніцтваў падводзіліся прамежкавыя вынікі, а канчатковыя былі абвешчаны на ўрачыстым пастраенні. Чацвёртае месца заняла каманда са Слабудкі. Яе адважныя і стойкія юныя салдаты на працягу амаль усіх спаборніцтваў наступалі лідарам на пяткі, і толькі  ваенізаваная эстафета нечакана адкінула слабадчан назад. Тройку прызёраў замкнулі вучні з Параслянскай СШ, самыя трапныя ў раёне “снайперы”. На другім месце апынуліся вучні  СШ № 4.

Ну, а вышэй за ўсіх узляцелі “арляняты” з сярэдняй школы №3, якія і маршыравалі, і спявалі, і бегалі лепш за іншых.

Пераможцам уручаны каштоўныя падарункі і граматы ад арганізатараў спаборніцтваў (аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і райкама БРСМ).

Але ўвогуле варта заўважыць, што тых, хто прайграў, тут не было. Хлопцы і дзяўчаты правялі незабыўныя дні, атрымалі выдатную магчымасць выпрабаваць сябе, знайшлі новых сяброў.

Алена ЗЯЛЕВІЧ,                     Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *