Среда, 20 июня 2018

В Пружанах провели юбилейный фестиваль «Певчее поле»

790

Сапраўды, менавіта ў такія, святочныя і сонечныя, дні і разумееш па-сапраўднаму грандыёзны размах і галоўнае прызначэнне нашай гарадской плошчы. Якімі чароўнымі колерамі тут расквітнелі ў мінулую нядзелю мастацтва і прыгажосць, гармонія і таленты!  Якое тут было раздолле для ўсіх аматараў беларускай песні, якія сабраліся ў Пружанах, каб перадаць прывітанне праз нябёсы нашаму знакамітаму земляку, фалькларысту і публіцысту, хормайстру і дырыжору – Рыгору Раманавічу Шырме.

Пасля леташняга перапынку, калі, нагадаем, свята харавога мастацтва “Пеўчае поле” прайшло ў нязвыклым для гледачоў фармаце – без журы і канкурэнцыі — юбілейны, 2017-ты, год вярнуў нам конкурс і  хваляванне. Сотні выканаўцаў з трыццаці лепшых акадэмічных і народных харавых аматарскіх калектываў і ансамблей песні з розных устаноў культуры раёна, а таксама госці з іншых рэгіёнаў вобласці змагаліся за званне лепшых у сваіх намінацыях. Над зорным, пятым, пеўчым полем разносілася нават “Рэха пушчы” – менавіта так называецца харавы калектыў з Польшчы, які выступаў па-за конкурснай праграмай. Сёлета споўнілася пяць
гадоў, як было “засеяна” поле песні, за гэты час адкрылася шмат талентаў, з’явіліся нават свае прыхільнікі. Яны і  віталі ўсіх музыкантаў і спевакоў на працягу амаль чатырох гадзін цёплымі і шчырымі апладысментамі. 

Яркая музычная праграма,  насычаная беларускімі песнямі пад чароўныя “жывыя” гукі народных інструментаў, духоўнымі акапэльнымі кантамі і сучаснымі аўтарскімі кампазіцыямі пад мінусоўкі-фанаграмы, прывяла ў поўнае захапленне і кампетэнтнае журы пад старшынствам начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І. Панімаша.

Ганаровая місія адкрываць фестываль выпала народнаму камернаму хору Пружанскага Палаца культуры. Ён пачаў сваю праграму з бліскучага выканання вядомага царкоўнага твора на грэчаскай мове “Кірые, элейсан” (“Госпадзі, памілуй”), чым нагадаў пра тое, што менавіта з рэгенцкага служэння ў пружанскім храме і пачаўся шлях Рыгора Шырмы ў беларускую і сусветную культуру. У сваёй намінацыі хор стаў пераможцам.

Варта адзначыць і цудоўнае выступленне яшчэ аднаго дыпламанта I ступені – народнага хору “Чырвоны гваздзік”, які прадставіў на суд журы мілагучную песню на словы Н.Гілевіча “Сэрца дзядзькі Рыгора”, музыку да якой напісаў… пружанец – вядомы майстар-ліцейшчык  Аляксандр Янушкевіч.

Яркім і запамінальным, шчыра кажучы, як і заўсёды, выглядала выступленне народнага фальклорнага калектыву “Бабіна лета” Аранчыцкага Дома фальклору, спявачка якога Ядвіга Каляда была справядліва прызнана на фестывалі  лепшай салісткай народнай песні.

–  Калі на душы боль, быццам камень хто паклаў, то і песня гучыць сумная, а калі сэрца ад радасці гатова вырвацца з грудзей, то і песня – вясёлая, льецца лёгка, як кажуць, душэўна, – прызнаецца спадарыня Ядвіга.

Так і было: не толькі сум несла яе выкананне, былі і гумар, і жарт, і весялосць. Прызнацца, калі яе слухала, то міжволі ўзгадвала словы Рыгора Шырмы: “Няма кампазітара больш геніяльнага за народ!”.

Да лепшых узораў сучаснага вакальнага мастацтва далучыў пружанцаў і прызнаны вакальны ансамбль “Землякі” Навазасімавіцкага СДК. Пад кіраўніцтвам Сяргея Більшэвіча сваімі цудоўнымі галасамі і выдатнымі “песняроўскімі” касцюмамі яны стварылі сапраўды фурор на свяце песні і абсалютна заслужана сталі першымі ў адной з галоўных і прадстаўнічых намінацый “Калектывы з народнай манерай выканання”.

Кранальна выступіў і ўзорны дзіцячы хор “Вітанак” з ДШМ імя Р.Р.Шырмы (мастацкі кіраўнік – Ірына Буланькова). Здавалася, што крышталёва чыстыя галасы дзяцей прыўнеслі ў распаленую спякотным сонцам прастору плошчы хвалю чыстага і свежага паветра. Асабліва гледачы замілоўваліся пяшчотным выкананнем песні “За рэчкай, за ракой”, якая ў свой час была падслухана ў народа і запісана “дзядзькам Рыгорам”.

Ну, і вядома, добрых слоў заслугоўваюць выканаўцы з Польшчы, з якімі нас звязвае цеснае творчае супрацоўніцтва. Гэта вялікі хор Гайнаўскага Дома культуры “Рэха пушчы”.  Спявалі яны шчыра і з вялікім размахам і запалам. Уся прыгажосць роднага краю – залатыя каласы, рознакаляровыя палявыя кветкі і зелянеючыя лясы – адлюстравалася ў іх строях і ўвогуле ў сцэнічных вобразах.

Пасля такога свята і музычна-забаўляльнай праграмы, якая закрывала фестываль (тут ужо пачала танчыць і спяваць уся плошча!), добра разумееш, што наша святыня, наш гонар – беларуская народная песня – не згіне. Дзякуючы таленавітым беларускім хлопцам і дзяўчатам, пранясецца ад сэрца да сэрца – далёка праз вёскі, праз хаты, праз межы, па пералесках, па жытніх палях — і не страціць свой гаючы водар і гармонію праз стагоддзі.

Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *