Воскресенье, 23 сентября 2018

В жизни главное — семья. В Пружанском районе прошел конкурс многодетных семей

1 107

Атмасфера дабрыні і адкрытасці, падобнай на тую, што адчуваецца ў моцнай і дружнай сям’і, лунала ў той дзень у Палацы культуры. І не выпадкова: на конкурсе шматдзетных сем’яў за тытул лепшай змагалася пяць сямейных пар.

Тое, што сям’я – самае галоўнае ў жыцці кожнага чалавека, даказвалі шматдзетныя сем’і Віктара і Святланы Куклаў з Лінова, Аляксея і Соф’і Балендрусёў са Смалян, Яўгенія і Аліны Тунчыкаў з в.Шані, Юрыя і Вольгі Русакоў з Калядзіч, Андрэя і Ірыны Гарусаў з Ружан. Арганізатары мерапрыемства – работнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслу-гоўвання насельніцтва на чале з дырэктарам Н.Г. Педчанка і супрацоўнікі Палаца культуры —дэталёва прадумалі ўсе конкурсы, каб канкурсанты не толькі падзяліліся сакрэтамі свайго шчасця, але і прадэманстравалі гумар і творчасць.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства на яго пачатку звярнуўся намеснік старшыні райвыканкама М.П.Кудравец. Ён назваў іх людзьмі з вялікім сэрцам, бо ўсе бацькі, якія сабраліся ў той дзень на сцэне, выхоўваюць па трое дзяцей.

—У нашым раёне, — зазначыў Мікалай Пятровіч, — налічваецца звыш шасцісот шмат-дзетных сем’яў. І ці будуць паспяховымі дзеці, якія выхоўваюцца ў іх, ці вырастуць дастойнымі грамадзянамі нашай краіны, будзе залежыць ад бацькоў. Дзякуй вам за тое, што ўжо сёння думаеце аб тым, які след пакінеце на гэтай зямлі, — звярнуўся ён да ўдзельнікаў конкурсу.

Кожнае прадстаўленне было цікавым і яркім. Аднак, што б ні расказвалі канкурсанты: як адпачываюць, працуюць, наводзяць парадак у доме і двары — адчувалася галоўнае – любоў, з якой усё гэта робяць. І для ўсіх сем’яў, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, гэта не проста словы…

Свае творчыя здольнасці канкурсанты пачалі дэманстраваць яшчэ падчас знаёмства, калі на суд журы і гледачоў прапанавалі свае візітоўкі. Але, бясспрэчна, галоўным “цудам” усіх сем’яў падчас такога прадстаўлення сталі дзеці. У вершаванай форме, з дапамогай фотаздымкаў і плакатаў яны дзяліліся  сакрэтамі свайго шчасця. Пра дружбу паміж сабой расказвала сям’я Гарусаў з дапамогай дзетак Кірыла, Маргарыты і Ільюшы.  На сваіх “кветачках” – Кацярыне, Ангеліне і Марыне засяродзілі ўвагу бацькі Русакі, калі распавядалі, як тыя дапамагаюць па гаспадарцы. А вось сям’і Балендрусёў, магчыма, і распавядаць нічога не трэба было (хаця іх візітоўка сапраўды атрымалася надзвычай творчай): прысутных адразу пакарыў адным толькі з’яўленнем на сцэне іх малодшы сын Кірыл. Што ж да Святланы Куклы і Аліны Тунчык, якія прадстаўлялі свае сем’і, дык вышэйшы бал можна было ім ставіць ужо толькі за рашучасць выступіць: іх малодшым дзеткам толькі па некалькі месяцаў, але і яны з’яўляліся на сцэне, праўда, выключна толькі ў татаў на руках.

Яркім упрыгожаннем свята стаў конкурс “Нашы таленты”. І аднолькава ўразілі не толькі дзеці, якія спявалі, танцавалі, дэманстравалі артыстычныя здольнасці, але і дарослыя. Гледзячы на сапраўдныя творы мастацтва – вышыванкі, карціны з бісеру, вязаныя рэчы, малюнкі і аплікацыі, прысутныя не пераставалі здзіўляцца: як хапае на ўсё гэта часу ў шмат-дзетных мамаў і татаў. Канкурсанты адзін перад адным уражвалі сваімі здольнасцямі, творчасцю, працавітасцю, прыгожымі адносінамі ў сям’і. Станавілася хораша на душы ад думкі, што такія людзі сваім прыкладам праслаўляюць не толькі наш раён, але і краіну ў цэлым.

У якім бы конкурсе ні ўдзельнічала кожная сям’я, было зразумела: гэта з’яднаная каманда! І не важна, трэба было прарыфмаваць прапанаваныя радкі ці прыгатаваць свой любімы кулінарны шэдэўр. Пра апошні конкурс хацелася б сказаць асобна. Тыя проста “царскія” тарты, якія стварылі ўдзельніцы знарок да конкурсу, былі вартыя асобнай выставы.

Аднак конкурс завяршыўся, вынікі падведзены. Па колькасці набраных ачкоў журы вызначыла пераможцаў – сем’і Балендрусёў, Русакоў і Гарусаў. Ад райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу старшыня прафсаюза І.І.Ярома ўручыў удзельнікам конкурсу грашовыя сертыфікаты. І незалежна ад занятых месцаў усім сем’ям былі падрыхтаваны падарункі ад  спонсараў – прадпрыемства “Данон Пружаны”,  раённай арганізацыі Фонду міру, Пружанскага кансервавага завода.

Упрыгожылі конкурс сваімі выступленнямі ўдзельніцы гуртка сольных спеваў Палаца культуры Дар’я Велісевіч, Анастасія Карповіч, танцоры “Круцёлачак”. А  дапамаглі зрабіць гэтае мерапрыемства больш запамінальным вядучыя Алег Мардань і Таццяна Навінка.

Думаецца, што гэтае цудоўнае свята ўсім прысутным запомніцца надоўга. Яно яскрава паказала, як трэба любіць і берагчы сваю сям’ю, каб зразумець,   што такое шчасце.

Галіна КАЛЯДА,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *