Среда, 26 сентября 2018

Больше 80 солдат Победы мы собрали в виртуальный Бессмертный полк!

576

Больш за 80 фотаздымкаў папоўнілі рэдакцыйны віртуальны фотаальбом “Бессмяротны полк”. Фотаздымкі ў нашы альбомы, створаныя ў сацыяльных сетках, ляцелі з розных куткоў былога СССР, але большасць “байцоў”, зразумела, мае непасрэднае дачыненне да Пружаншчыны. Гэтыя людзі і ў мірны час працавалі на пружанскай зямлі, дапамагалі адраджаць яе пасля вайны, гадавалі дзяцей і сваім прыкладам выхоўвалі ўнукаў.

Для дабаўлення здымка ў галерэю мы выставілі вельмі простыя патрабаванні: указаць імя і прозвішча, гады жыцця. Але многія  людзі проста не маглі не дабавіць некалькі цёплых слоў пра сваіх родных. А вось у іншых выпадках  цяжка было даведацца нават дату нараджэння…

Напрыклад, лабарант Роўбіцкай школы Наталля Шастак даслала фотаздымкі ўраджэнцаў вёсак Роўбіцк, Сухопаль і Чадзель, якія загінулі падчас вайны альбо прапалі без вестак. Многія з іх былі адразу расстраляны як актывісты. Магчыма, некаторыя з іх нават не паспелі пакінуць пасля сябе след – нарадзіць дзяцей. Але гэта выдатна, што памяць пра іх жыве і сёння, дзякуючы неабыякавым землякам.

Няма блізкіх сваякоў і ў былога настаўніка з Гарадзечна, чырвонаармейца Уладзіміра Фёдаравіча Зазулі, але ёсць удзячныя вучні, у сэрцах якіх ён пакінуў светлую памяць. Уладзімір Фёдаравіч быў  узнагароджаны двума баявымі ордэнамі.

Байцы нашага віртуальнага бессмяротнага палка займалі розныя пасады і насілі розныя званні. Адрозніваюцца і іх узнагароды. Вось так пра свайго дзядулю напісаў жыхар горада Геленджык Ігар Бабрук: “Мой дзед  Аляксандр Канстанцінавіч Бабрук, ураджэнец вёскі Шубічы Пружанскага раёна, ваяваў у складзе інжынерна-сапёрнага падраздзялення. З вядомых мне ўзнагарод – кажух з белай аўчыны”.

Грицук Иван Михайлович(1922-1987)

Зінаіда Грыцук з Шарашэва падзялілася здымкамі бацькі, маці, дзядзькі і бабулі. Усе яны набліжалі Перамогу. На жаль, дзядзька Канстанцін Красько загінуў у 1945 годзе.

Лисенков Василий Иванович (1921 — 2009)

Амаль адначасова (з розніцай у нейкія паўгадзіны!) здымак ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Іванавіча Лісянкова быў дабаўлены рознымі людзьмі ў розныя сацыяльныя сеткі. Высветлілася, што гэта дзве яго дачкі з расійскай Балашыхі і беларускай  Ліды, не дамаўляючыся адна з адной, дадалі здымак таты.

У канцы жніўня 1944 года быў прызваны на фронт Пружанскім РВК Павел Ігнатавіч Касцюк, а ўжо ў кастрычніку быў прадстаўлены да ўзнагароды – ордэна Чырвонай Зоркі.

Боханкевич Екатерина Васильевна (1923-2017)

Ёсць у нашым палку і жанчыны. Санітар медыцынскай часці Кацярына Васільеўна Баханкевіч сёлета пайшла з жыцця. Яе подзвіг таксама ў памяці нашчадкаў.

Сяржант Іван Іванавіч Губанаў на фронце быў з 1943-га, за 1944-1945 гады на яго рахунку чатыры подзвігі! “Вылятае на баявое заданне з жаданнем, сваю справу любіць, узбраенне трымае ў выдатным стане, у  баі дапамагае таварышам у адбіванні атак самалётаў праціўніка”, — так пра яго сказана ў загадзе аб узнагароджанні.

Іван Іванавіч Пыхар – удзельнік Сталінградскай  і Курскай бітваў, вызваляў Крым. Служыў у арміі з 1939-га па 1946 год. Камандзір танкавага экіпажа. Пра яго, як і пра некаторых іншых удзельнікаў нашага палка, можна прачытаць у кнізе аб ветэранах Пружанскага раёна “ Успомнім усіх пайменна”.

На жаль, сёння мы яшчэ не гатовы назваць  усе імёны  землякоў, якія змагаліся з акупантамі. Але, галоўнае, каб памяць жыла, каб жахі вайны ніколі не паўтарыліся. Каб памяталі.

Кацярына Пашкевіч.

P.S. Паглядзець нашу галерэю можна тут:  http://www.budni.by/?page_id=159, а таксама ў альбомах нашых груп у сацыяльных сетках.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *