Воскресенье, 25 февраля 2018

Маленькие, но с медалями. Пружанские юные пловцы соревнуются друг с другом и со своими результатами

454

На просьбу коратка ахарактарызаваць гэтую тройцу юных спартсменаў трэнер секцыі «Спартыўнае плаванне» Юрый Юр’евіч Ліпіч, не задумваючыся, адказвае:

– Дык гэта ж тры асілкі! Марк, Мікіта і Кірыл – сапраўдныя дзеці-амфібіі, якім сярод аднагодкаў няма роўных у воднай стыхіі!

І такое параўнанне, напэўна, невыпадковае. 

Марк Кардзіс, вучань  3 класа СШ №4, у вадзе хуткі і ўпэўнены, як тарпеда, нібы лязом, рассякае рукамі ваду і падымае фантан пырскаў у басейне. Ён стаў лепшым у сваёй узроставай катэгорыі ў раённых спаборніцтвах на дыстанцыі 25 і 50 метраў вольным стылем.

Як адзначае трэнер, Марку вельмі пашанцавала ад прыроды: у яго выдатныя фізічныя дадзеныя для плыўца. У саюзе з моцнай воляй і набытымі ўменнямі яны дазваляюць яму без асаблівага напружання перамагаць нават больш тэхнічных таварышаў па камандзе.

Гэты хлопчык вылучаецца таксама асаблівым, настырным  характарам і ўпэўненасцю ў сваіх магчымасцях. Ён адзіны з выхаванцаў Юрыя Ліпіча, які можа дазволіць сабе расслабіцца, сказаць «не хачу»  і рабіць толькі  тое, што ў яго выклікае асаблівую цікавасць, і там, дзе ён сапраўды мае поспех.

– Я хацеў быць першым, і ў мяне гэта атрымалася. А цяпер мае галоўныя «сапернікі» — папярэднія вынікі, горш за якія нельга паказаць, – з усмешкай на твары заяўляе  гэты «іхтыяндр», які куляй выскачыў з басейна.

А на пытанне, каго лічыць сваім ідэалам, на каго гатовы раўняцца, адказвае без запінкі:

– На плыўца Ігара Бокія, які заваяваў шэсць залатых медалёў і адзін бронзавы на Паралімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра, стаў самым тытулаваным спартсменам у свеце і ўвёў нашу зборную ў дваццатку наймацнейшых каманд свету ў медальным за-ліку.

Аказваецца, Марк пільна сачыў за па-дзеямі XV летніх   Паралімпійскіх гульняў і хварэў за  моцных духам беларускіх плыўцоў-інвалідаў, якія кінулі выклік бязлітаснаму лёсу і атрымалі над ім  безумоўную перамогу…

Калі Марка можна параўнаць з Іллёй Мурамцам, то Кірыл Стэпусь, вучань 4 «Б» класа   СШ №3, тады  будзе Дабрыня Мікіціч. Гэтак жа, як  старажытны былінны герой, ён старэйшы за Марка. Усе спартыўныя лаўры ён збірае ў сваёй узроставай катэгорыі, часцей за ўсё, на сваёй кароннай дыстанцыі – 25 метраў.

Праўда, калі выходзіць на старт разам з Маркам,  значна саступае яму ў хуткасці. Але гэта падстава сачыць за правільнай групіроўкай, удасканальваць тэхніку.

–  Мне падабаецца, што я з кожным днём паляпшаю сваю хуткасць. Мару дасягнуць такіх вынікаў, як шматразовы алімпійскі чэмпіён і рэкардсмен свету амерыканец Майкл Фэлпс, – упэўнена заяўляе Кірыл.

У цэлым, гэты хлопчык вельмі тэхнічны: плыве акуратна, грацыёзна, практычна без пырскаў. Нібы «наўтылус» легендарнага капітана Нэма, без страху нырае, хутка плыве пад вадой і ціха ўсплывае. Падчас трэніроўкі вельмі ўважліва слухае трэнера і імкнецца па магчымасці выконваць усе яго каманды.

Таксама ўпэўнена, метадычна і бездакорна выконвае ўсе рэкамендацыі Юрыя Ліпіча і вучань 2 «А» класа  гімназіі Мікіта Іванчык, які заняў 1 месца на дыстанцыі 25 метраў сярод самых маленькіх плыўцоў.

– Гэта асаблівы хлопчык. Самы маўклівы з дзяцей. Што яму ні скажы, усё робіць. У Мікіты таксама ёсць свая перавага перад астатнімі дзецьмі – ён «адчувае» ваду і падсвядома, інстынктыўна групіруецца так, каб стварыць найменшае супраціўленне. Калі ў іншых плыўцоў  часам назіраюцца тэхнічныя наступствы няправільнага першага старту ў ваду, то ён першапачаткова ўсё рабіў правільна. Што немалаважна, Мікіта запамінае больш за паспяховых сапернікаў, адзначае іх тэхнічныя асаблівасці і спрабуе іх пераймаць. Акрамя таго, ён не баіцца спаборнічаць з Маркам — больш моцным плыўцом, а гэта значыць, не баіцца быць другім, – расхвальвае трэнер пружанскага «Алёшу Паповіча».

– Я спаборнічаю не з Маркам, а сам  з сабой, кіруючыся галоўным правілам спартсмена: «Сёння трэба быць лепшым, чым учора». Мне важны асабісты вынік, – пацвярджае словы настаўніка юны спартсмен…

Дзеля справядлівасці Юрый Юр’евіч адзначае, што, зразумела,  першы час пачуццё саперніцтва паміж дзецьмі зашкальвала, усе тры лідары былі засяроджаны на сабе. Але цяпер у іх з‘явіўся  камандны дух: хлопцы пачалі хварэць за групу, хвалявацца за таварышаў па камандзе. І сёння яны з радасцю апладзіруюць і крычаць адзін аднаму: «Ура!». З такім таварыскім падыходам шанцы заваяваць спартыўны Алімп ёсць у кожнага з іх.

Алена Зялевіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *