Среда, 28 октября 2020

Миша+Маша=65 лет счастья

727

У вёсцы Плябанцы (ды як, уласна кажучы, у любой іншай) усе пра ўсіх ведаюць. Вось і герояў гэтага артыкула падказалі мясцовыя жыхары. “Напішыце, — кажуць, — пра іх: такія яны добрыя”. Сапраўды, Міхаіл Мікалаевіч і Марыя Міхайлаўна Букрабы –  цікавыя людзі. Шмат гадоў ідуць па жыцці разам, уяўляючы сабой прыклад непарушнай і моцнай, як алмаз, сям’і. 

Ён, да сустрэчы з ёй

Нарадзіўся “пры Польшчы”, у 1928 годзе, у Плябанцах у вялікай сялянскай сям’і  вядомага на ўсю акругу майстра-ганчара.  Да вайны паспеў скончыць чатыры класы польскай школы, а пасля яе – восем гадоў спасцігаў асновы навук у Пружанскай СШ №1.

Атрымаўшы на дваццацігоддзе пашпарт, адправіўся  на тэрміновую службу. Абяцалі, што  на Чарнаморскі флот.  Але да Крыма маладых салдат не давезлі, павярнулі на Данбас, у шахтах якога і давялося ім працаваць на працягу ўсяго тэрміну разам з нямецкімі ваеннапалоннымі і моладдзю, вывезенай з Кёнігсберга і іншых гарадоў Усходняй Прусіі ў 1944 годзе.

У шахтах Міхаілу давялося перажыць завал, падчас якога ледзь не страціў абедзве нагі. Дадому салдат вярнуўся інвалідам. Але  як толькі падлячыўся, адразу падаў заяву ў Гродзенскую школу машыністаў…   

Яна, да сустрэчы з ім

Нарадзілася ў 1931 годзе, як тады казалі, за мяжой, у в.Слабодка Ушацкага раёна Віцебскай вобласці БССР.  Вайну сустрэла дзесяцігадовай дзяўчынкай, паспеўшы скончыць толькі два класы школы. Перажыла вядомую “ўшацкую блакаду” партызанскай зоны і жахі дзіцячага канцлагера. Спальныя будкі з саломай, як для сабак, цяжкія насілкі з пяском і камянямі на будаўніцтве вузкакалейкі і брушны тыф, з-за якога паляглі ў зямлю сотні дзяцей, успамінаюцца да гэтага часу. Таксама памятае Маша цяпло і клопат літоўскай гаспадыні, якая на станцыі Казлова Руда зняла паўжывых дзяцей з вагона цягніка, што ішоў у Германію.

Пазней з песняй “Широка страна моя родная” ў літоўскае паселішча ўвайшлі савецкія атрады. І пасля працяглых допытаў накшталт: «Ці добра да вас ставіліся гэтыя літоўцы?» — дзяцей адправілі на ўсход, на родную Віцебшчыну, дзе нават чатырнаццацігадовых падлеткаў прымушалі працаваць у калгасах за «палачкі»-працадні.

Ненадоўга Маша затрымалася там —  збегла ў Гродзенскую вобласць, дзе ўладкавалася на тарфяны завод. А пазней, нават без усялякіх дакументаў, была прынята ў ФЗВ — фабрычна-заводскае вучылішча. Потым пайшла ў тэхнікум, пасля заканчэння якога камсамолка і актывістка добрасумленна працавала майстрам аддзелачнага ўчастка на абутковай фабрыцы і нават прыняла ўдзел у арганізацыі сельгасарцелі “Камсамолец” у г. Масты, пад Гродна.

Сустрэча на Нёмане

Сустрэліся Міша і Маша на танцах у клубе пры школе машыністаў. «Вунь той святлафор на цябе глядзіць», – жартавалі сяброўкі з высокага  юнака, які вачэй не зводзіў з прыгажуні Марыі.  Не дзіўна! Яе ясныя блакітныя вочы і прыгожыя валасы – каса ніжэй пояса і буйныя  завіткі, што адцянялі  твар, – не пакідалі хлопцаў абыякавымі. Але толькі ў Мішы хапіла смеласці запрасіць яе на танец:

– Давайце знаёміцца! Я Міхаіл Мікалаевіч!

– Ах, якая Ваша Вялікасць! – засмяялася Маша і закружылася ў вальсе з маладым чалавекам. Яны танцавалі ўвесь вечар… І толькі праз гады Марыя Міхайлаўна прызнаецца, што яна адразу вылучыла юнака з натоўпу:

– Я была вельмі прадбачлівая. Кругом столькі  пустазвонаў, а гэты, адразу відаць было, – надзейны. Вясковы хлопец, працавіты, з такім не прападзеш…

Вяселле

Распісаліся ў 1952 годзе.  Яна родам з СССР, ён – з Польшчы. Як жартавалі тады сябры: пажаніліся замежнікі.

Сяброўкі прыгатавалі вядро вінегрэту, а брат маладой прынёс кошык грыбоў. Так сціпла  і адсвяткавалі вяселле. Сукенкі белай не было, ружаватым святочным уборам падзялілася сяброўка.

Першапачаткова маладыя жылі ў інтэрнаце. А потым — у новабудоўлі, у фінскім доміку, дзе маладой перспектыўнай сям’і выдзелілі пакой. Але абжыць яго не паспелі: неўзабаве пасля заканчэння школы машыністаў Міхаіла накіроўваюць у Гомель.  Марыя звальняецца з любімай працы і едзе ўслед за ім – у невядомасць.

Да Чарнобыльскай «зоркі»

Не адзін дзясятак гадоў Міхаіл Мікалаевіч прапрацаваў у лакаматыўным дэпо г. Гомеля, на пасажырскіх цягніках. Пачынаў з памочніка машыніста, а потым  больш за 30 гадоў працаваў галоўным машыністам.  Быў абраны нават дэпутатам гарсавета.

– Я быў знаходлівым і лічыўся ўдачлівым, – успамінае былы машыніст. – Можна сказаць, нейкія рэчы «бачыў наскрозь», заўважаў усе нюансы і, як казалі мае кіраўнікі, «прыцягваў» поспех да справы.  Таму і пасылалі мяне ўсюды,  дзе патрабаваліся рашучыя дзеянні.  Рэйс у Хабараўск – я, у Ніжні Ноўгарад – я, у Кіеў – я. Па ўсім Савецкім Саюзе вандраваў па рэйках!

А Марыя Міхайлаўна гадавала двух сыноў і чакала мужа з далёкіх паездак. І ў такіх цяжкіх бытавых умовах, што не можа перадаць словамі:

– Пэўны час жылі ў маленькім пакойчыку, які абаграваўся печкай-«буржуйкай»: рукам цяпло, а ногі мерзнуць. Без вады.  Едзе муж у камандзіроўку, а ўся форма ў мазуце – не адмыць! З’язджае, я  з галавой накрываюся і плачу: як ён там, на гэтым паравозе? Дапамажы яму, Божа!

Гэта пазней дэпутату выдзелілі малагабарытную кватэру ў «хрушчоўцы»,  стала лягчэй…  Ды  выбухнуў Чарнобыль, і  сям’я  рушыла на малую радзіму Міхаіла.

У Плябанцы Міхаіл Мікалаевіч прыехаў першым,  можна сказаць, у разведку. Уладкаваў дом, абзавёўся  вялікай гаспадаркай. А  Марыя  Міхайлаўна яшчэ трохі папрацавала брыгадзірам  на  трыкатажнай  фабрыцы. Толькі пазней далучылася да мужа.  Давялося  перажыць ёй лёгкія насмешкі аднавяскоўцаў: маўляў, не справіцца гамяльчанцы-гараджанцы з гэтымі  каровамі ды агародамі. А яна справілася. Працавала так, што ўсе здзіўляліся: калі яна спіць?!

Раскрытыя сакрэты

Зараз ужо здзіўляюцца іншаму: як Букрабам удалося пражыць побач 65 гадоў, у чым сакрэт іх моцнай сям’і? Пацікавілася і я.

Першы сакрэт сумеснага «доўгажыхарства» аказаўся ў абсалютнай ахвярнасці.  Усё сваё жыццё Міхаіл і Марыя Букрабы клапаціліся перш за ўсё пра дзяцей, унукаў і праўнукаў і толькі ў апошнюю чаргу —  пра сябе. На жаль, іх малодшы сын да сённяшняга дня не дажыў.  Чатыры ўнукі, дзве ўнучкі і два праўнукі жывуць далёка, у Гомелі, але, нягледзячы на адлегласць, адчуваюць любоў і клопат бабулі з дзядулем.

Па жыццёвых абставінах ім даводзілася часта расставацца адзін з адным. Міхаіл ад’язджаў у далёкія камандзіроўкі,  Марыя, якая  была на працы на вельмі добрым рахунку,  атрымлівала пуцёўкі ў санаторыі, была і ў Балгарыі, і  ў Чэхаславакіі.  Але — гэта другі сакрэт — заўсёды яны захоўвалі вернасць адзін аднаму, пераадольвалі ўсе спакусы, якія з’яўляліся на шляху, і вярталіся дадому. «Сям’я мая – крэпасць мая» – аднадушна заяўляюць сёння плябанцаўскія юбіляры.

І сакрэт трэці — Букрабы ўсе пытанні і праблемы стараліся вырашаць  разам.  Ніколі не хлусілі адзін аднаму і ўсе адносіны будавалі на даверы і глыбокай павазе. У адзін кашалёк складвалі грошы, ніколі іх не дзялілі. 

Але самы галоўны іх сакрэт — нягледзячы ні на якія цяжкасці, заўсёды ўсміхаліся адзін аднаму і лічылі сябе шчаслівымі людзьмі.

Алена ЗЯЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *