Вторник, 27 октября 2020

Агроном Михаил Гавра: «Родители научили любить сельский труд»

862

ААТ «Мурава» спецыялізуецца на вытворчасці насення збожжавых і зернебабовых культур, шматгадовых траў. І з задачай спраўляецца даволі паспяхова. 

Увогуле ўборка збожжавых, зернебабовых, насення траў у элітгасе мае пэўныя асаблівасці. Напрыклад, тут вельмі строга захоўваюць тэхналагічныя тэрміны. Толькі так можна забяспечыць высокую якасць насення як на выхадзе з бункера камбайна, так і пасля дапрацоўкі.

У мінулым годзе, нягледзячы на капрызы надвор’я, сельскія працаўнікі ААТ «Мурава» сабралі добры ўраджай збожжавых, цукровых буракоў, кукурузы. У гэтым вялікая заслуга агранамічнай службы гаспадаркі, якую ўзначальвае М.М.Гаўра.

Нарадзіўся Міхаіл Міхайлавіч у вёсцы Ізбіцы, у  шматдзетнай сям’і, дзе выхоўваліся два хлопчыкі і дзве дзяўчынкі. Маці працавала ў калгасе імя  Калініна паляводам, а бацька — даглядчыкам жывёлы.

З дзіцячых гадоў Міша добра ведаў, што такое сялянская праца на зямлі і на ферме. Таму, відаць, невыпадкова пасля заканчэння Чапялёўскай васьмігодкі паступіў у Пружанскі саўгас-тэхнікум. Выбраў аддзяленне аграноміі, паколькі ў школе заўсёды падабаліся навукі прыродазнаўчага цыкла.

— Атрымаў дыплом — і практычна адразу прыйшла павестка з ваенкамата, — гаворыць Міхаіл Міхайлавіч.

Служыць давялося на Далёкім Усходзе, у горадзе Благавешчанску. На другім беразе шырокага Амура бачны быў кітайскі горад Хэй-Хэ. Ды не прывабілі чужыя далячыні. Пасля дэмабілізацыі малады аграном некаторы час працаваў на абласной праектна-вышукальнай станцыі хімізацыі і ў саўгасе «Мухавец» Брэсцкага раёна. Але малая радзіма цягнула да сябе. Пасля стварэння сям’і Міхаіл Міхайлавіч у 1985 годзе вярнуўся ў калгас імя Калініна, якім у той час кіраваў В.М.Падгурскі. Жонка Ніна Іванаўна заняла пасаду інжынера па ахове працы, а ён узначаліў вытворчы ўчастак.  Потым працаваў аграномам-насенняводам, а апошнія дзесяць гадоў Міхаіл Гаўра — галоўны аграном.

Хутка бяжыць час. Міхаіл Міхайлавіч і Ніна Іванаўна выгадавалі сына і дачку, падрастаюць двое ўнукаў.  Дачка закончыла Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію і працуе бухгалтарам у адной з арганізацый Мінска, а сын пасля заканчэння Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта — урач-рэаніматолаг Пружанскай ЦРБ.

За сваю працоўную дзейнасць Міхаіл Гаўра неаднойчы ўзнагароджваўся граматамі і каштоўнымі падарункамі.

Міхаіл Міхайлавіч шчыра адказвае на пытанні карэспандэнта.

— Пра што марылі ў дзяцінстве?

— Працаваць на зямлі. Таму і лічу сябе шчаслівым чалавекам, бо збылася мая дзіцячая мара.

— Самыя яркія ўспаміны дзяцінства?

— Правядзенне меліярацыйных работ у нашай мясцовасці. На месцы былых балот цяпер раскінуліся палеткі, якія прыносяць карысць людзям.

— Самае галоўнае, чаму Вас у дзяцінстве навучылі бацькі?

— Любіць сялянскую працу, быць сумленным чалавекам у розных абставінах.

— Любімая мясціна на зямлі? Дзе яна знаходзіцца?

— Гэта мая родная вёска Ізбіцы. У нас быў бацькоўскі сад, дзе я вельмі любіў адпачываць і працаваць. Люблю таксама ўрочышча «Чапялёўскае багно».

— Самы памятны дзень у жыцці?

— Гэта нараджэнне дачкі.

— На што Вам не шкада патраціць грошы?

— На маіх дзяцей.

— Якая пара года больш падабаецца, зіма ці лета?

— Вядома, што лета. Гэта той час, калі ўжо бачны вынікі нашай працы.

— Самая любімая сельгаскультура?

— Гэта азімая пшаніца. Заўсёды ўспамінаецца той час, калі маці пякла з пшанічнай мукі пірагі.

— Вы «сава» ці «жаўрук»?

— «Жаўрук», бо даводзіцца падымацца вельмі рана, у 5.30 гадзін раніцы.

— «БМВ» або «Мерседэс»?

— Перавагу  аддаю «БМВ». Але сам езджу цяпер на «Рэно».

— Кніга або кіно?

— Раней была кніга, а цяпер —кіно.

— Любімы занятак у вольны час?

— Рыбалка. Хоць вырвацца на яе даводзіцца вельмі рэдка.

— Што ставіце на першы план у выбары прафесіі: задавальненне ад працы або памер заработнай платы?

— 50 на 50.

— Любімы пісьменнік?

— Васіль Быкаў.

— Любімы від спорту?

— Падабаюцца зімовыя віды: лыжы і біятлон.

— Калі б усё давялося пачаць спачатку?

— Думаю, што паўтарыў бы свой жыццёвы шлях.    

Гутарыў  Мікола Архуцік.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *