Суббота, 16 декабря 2017

Радуница — это повод проявить уважение к предкам

552

Традыцыйна пасля Вялікадня людзі  наведваюць могілкі. Памінальны дзень — гэта не толькі падстава ўзгадаць пра памерлых продкаў, але і навесці парадак у месцах пахаванняў.

Калектыў Магілявецкай бальніцы заўсёды з павагай ставіцца да ўшанавання памяці памерлых. Напрыклад, не першы год медперсанал ездзіць да брацкага пахавання ў лясным масіве, паблізу вёскі Барысікі: тут ладзяць мітынгі, на якіх згадваюць ахвяр фашызму, наводзяць парадак. Штогод вялікім гуртом збіраюцца і на Лыскаўскіх могілках, каб прыбраць магілкі  былых  пацыентаў бальніцы, якія знайшлі тут свой апошні прыстанак.

А сёлета зрабілі яшчэ адну добрую справу. Нехта з работнікаў бальніцы звярнуў увагу на старую запушчаную магілку. Угледзеўшыся ў літары, якія  сцёрліся ад часу, прачыталі знаёмае прозвішча: «Краўчанкава Галіна Паўлаўна». Аказваецца, гэтая жанчына была першым галоўным урачом Магілявецкай бальніцы. Тут жа пахаваны і яе муж.

Вырашылі правесці яшчэ адзін суботнік: мужчыны аднавілі кветнічкі, умацавалі старэнькую канструкцыю, падфарбавалі надпіс на помніку, жанчыны прыбралі смецце, вырвалі траву.

Старажылы і сёння ўзгадваюць гэтую жанчыну. Інфармацыя  захавалася і  ў бальнічным архіве, дзе сярод іншых пажаўцелых папер ёсць  яе  аўтабіяграфія.

Галіна Паўлаўна Судзілоўская  (па мужу Краўчанкава) нарадзілася ў 1920 годзе ў горадзе Клімавічы Магілёўскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. У 1937 годзе паспяхова скончыла сярэднюю школу і паступіла ў Беларускі медыцынскі інстытут. Вайна застала ў родных Клімавічах, дзе яна, чацвертакурсніца, праходзіла практыку.

Вось як яна сама расказвала ў аўтабіяграфіі пра сваё жыццё ў ваенны перыяд: «Са жніўня 1941 года працавала ўрачом у 13 арміі, у 649 стралковым палку. У снежні таго ж года мы трапілі ў акружэнне… Застаўшыся адна, адарваўшыся ад сваёй часці, прайсці франтавую паласу не змагла».

Так у сакавіку 1942 года Галіна Паўлаўна вярнулася ў Клімавічы, дзе жыла яе маці. Больш  за год давялося жыць у акупацыі. Пасля вызвалення, у 1944-м яна аднавілася ў інстытуце, у наступным годзе, як дыпламаваны спецыяліст, трапіла на стажыроўку ў Мін-скую псіхіятрычную клініку, затым працавала псіхіятрам у Брэсце, а пазней была накіравана ў якасці галоўнага ўрача ў Магілёўцы, куды ў 1948 годзе якраз і перадыслацыравалі псіханеўралагічную бальніцу.   

Той, хто ўсё яшчэ памятае першага галоўнага ўрача мясцовай псіхіятрычнай бальніцы, зазначае: нягле-дзячы на тое, што ў Галіны Паўлаўны было трое дзяцей, яна ніколі не лічылася з асабістым часам, цалкам аддавалася рабоце, заўсёды адгукалася на просьбы аб дапамозе.

Аказалася, што людзі старэйшага пакалення добра памятаюць усю яе сям’ю. Глеб Анціпавіч Краўчанкаў — франтавік, служыў у Міністэрстве дзяржаўнай бяспекі, у  Магілёўцах працаваў участковым. Мама Галіны Паўлаўны, якая страціла падчас вайны мужа і сына, прыехала ў Магілёўцы ўслед за дачкой — адзінай роднай душой. Настаўніцу матэматыкі Міру Паўлаўну Судзілоўскую і сёння ўзгадваюць у Магілёўцах: яна дадаткова займалася з вучнямі, давала дзецям трывалыя веды. А яшчэ ніколі не здымала чорную хустку, да апошніх  сваіх дзён насіла жалобнае  адзенне.

Цяпер пра гэтых людзей мясцовым жыхарам нагадваюць толькі магілкі, размешчаныя адна каля адной…

Забыццё, абыякавыя адносіны да магілак — сведчанне маральнага стану народа. На жаль, сёння на могілках хапае пахаванняў, якія па розных прычынах прыйшлі ў запусценне. Засмучае, што сярод іх магілкі не толькі тых, у каго не засталося нікога з родных, хто мог бы прыйсці і аддаць даніну павагі продкам.

На здымках: работнікі Магілявецкай бальніцы падчас суботніка на брацкім пахаванні ў Барысіках; месца пахавання першага галоўнага ўрача  Г.П.Краўчанкавай.

Марына Вакульская, Сяргей Талашкевіч (фота).

*

Усяго ў Пружанскім раёне налічваецца 55 могілак. Пераважная большасць — 48 — знаходзіцца на балансе КУВП «Камунальнік». Да канца года камунальнай службе неабходна навесці парадак на дзясятку могілак раёна.

Работы па добраўпарадкаванні пагостаў у раёне ўжо распачаты. На могілках ў Вежным устаноўлена агароджа, у фінансаванні работ удзельнічалі родныя тых, хто там пахаваны. У Гарадзечне заменена агароджа пляцоўкі для рытуальнага смецця.

Асноўны фронт работ будзе ажыццяўляцца ў другім-трэцім кварталах года. На жалезабетонную будзе заменена 120 метраў агароджы на могілках у Лыскава, каля 50 метраў — у Параслянах. Акрамя таго, запланаваны спілаванне дрэў і кустоўя, устаноўка новых кантэйнерных пляцовак для рытуальнага смецця.

*

Вядзецца збор сродкаў на спілаванне дрэў на праваслаўных могілках у Пружанах

Пружанскае КУВП «Камунальнік» паведамляе, што сродкі грамадзян могуць быць пералічаны на р/р 3012000000275 у ЦБУ №122 філіяла №113 ААТ «ААБ Беларусбанк» МФА 150501237 УНП 2000266656 з пазнакай «Добраўпарадкаванне праваслаўных могілак у Пружанах».

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *