Пятница, 15 декабря 2017

Делают игрушки и сувениры, рекламируют их в интернете и продают посетители отделения дневного нахождения молодых инвалидов

627

20 чалавек, якія маюць інваліднасць 1 і 2 групы, штодня дабіраюцца ў пасёлак Сонечны, каб пад кіраўніцтвам чатырох выхавацеляў на чале з загадчыцай Таццянай Шпарла сваімі рукамі рабіць прыгожых соў, велікодных трусянят, грацыёзных коцікаў, блакноты, паштоўкі, бісерныя дрэвы і многае іншае.

Сёння ў аддзяленні працуе пяць гурткоў, дзе кожны з 20 чалавек знаходзіць сабе занятак па інтарэсах. Адказнай работай займаюцца маладыя мужчыны ў паліграфічнай майстэрні. Тут яны збрашуроўваюць блакноты, падбіраюць да іх стыльныя вокладкі, а таксама робяць унікальныя паштоўкі (такіх вы не знойдзеце больш нідзе!) У швейнай майстэрні, не без дапамогі кіраўніка гуртка Людмілы Анатольеўны Лукашэвіч, ствараюцца сапраўдныя цуды: мяккія цацкі адроз-ніваюцца яркасцю і добрым настроем. Па спецыяльных заказах тут шылі і бялізну, і ручнікі. Заўсёды ёсць жадаючыя пазаймацца ў камп’ютарным класе.

А вось у дадатак да гуртка “Смак”, дзе хлопцы і дзяўчаты асвойваюць няхітрыя рэцэпты, сёлета дабавіцца яшчэ адна майстэрня.  На сродкі ААТ “Пружанскі малочны камбінат” і з дапамогай ААТ “Пружанскі райаграсэрвіс” на дваровай тэрыторыі аддзялення была ўстаноўлена цяпліца. Разам з інструктарам па працатэрапіі Ганнай Пятроўнай Кныш тут ужо прыступілі да работы: глеба падрыхтавана, а амаль на ўсіх падаконніках зелянее расада. У аддзяленні ўпэўнены, што агароднінай для “Смаку” забяспечаць сябе самі.

Вядуць наведвальнікі аддзялення і актыўнае сацыяльнае жыццё. Яны жаданыя госці на ўсіх культурных мерапрыемствах. Неаднаразова  ставілі сцэнкі, удзельнічалі ў праектах, дзе дэманстравалі свае музычныя і танцавальныя таленты. Дапамагае ў гэтым спецыяліст па сацыяльнай рабоце Таццяна Мікалаеўна Лаўрановіч. А набыць унікальныя рэчы, створаныя рукамі маладых інвалідаў, можна практычна на любой гарадской выставе-кірмашы. Калі ж вы не жадаеце чакаць, але імкнецеся ўпрыгожыць свой дом арыгінальным сувенірам, то тэлефануйце па нумары 7-22-23.

 

Кацярына ПАШКЕВІЧ,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *