Пятница, 15 декабря 2017

Увидеть Париж и стать олимпийским чемпионом, или О чем мечтают пружанские фигуристы

1 089

Хутка скончыцца чарговы спартыўны сезон у пружанскіх фігурыстаў. За плячыма ўжо фінал адных з самых галоўных спаборніцтваў юных беларусаў – “Зорачка”.  У фінальных спаборніцтвах Марыя Салдакаева, Мікалай Казлоў і Сафія Рахуба заваявалі сярэбраныя медалі, а Таццяна Мігіц, Ульяна Хадаровіч і Анастасія Тоўпік – бронзавыя. Да таго ж, маленькія ўдзельніцы Вікторыя Дыцэвіч і Мілана Рамашова сталі першымі сярод спартсменак свайго года нараджэння. Займаюцца ўсе яны пад кіраўніцтвам трэнера Вольгі Уважанай.

Мы папрасілі юных фігурыстаў падзяліцца сваімі ўражаннямі ад сезона і расказаць пра свае трэніроўкі і мэты.

Таццяна Мігіц:

— Усе ўзнагароды для мяне вельмі важныя, кожны медаль зароблены працай.

Самымі запамінальнымі спаборніцтвамі сезона для мяне з’яўляюцца спаборніцтвы ў сталіцы Францыі і польскім Гданьску. Па-першае, гарады вельмі прыгожыя, але галоўнае тое, што я ездзіла з лепшай сяброўкай Марыяй Салдакаевай! Дзякуючы спаборніцтвам, мы ўбачылі шмат краін, пабывалі не толькі ў краінах-суседзях Беларусі, але і ў Францыі, а праездам — у Германіі і Бельгіі. Бачылі шмат славутасцяў. Самі па сабе паездкі заўсёды вельмі цікавыя, асабліва калі добрая кампанія!

На трэніроўках  для мяне галоўнае, каб быў баявы настрой!

А мару я стаць майстрам спорту.

Мілана Рамашова:

— Мне 11 і я ўжо сёмы год займаюся фігурным катаннем. Галоўная мая мара – стаць             алімпійскай чэмпіёнкай.

А пакуль я ганаруся сваім першым месцам сярод фігурыстак 2005 года нараджэння і раўняюся на сваіх куміраў – расійскіх спартсменак Алену Радзівонаву і Яўгенію Мядзведзеву.

Мікалай Казлоў:

— Месяц назад мы вярнуліся са спаборніцтваў, што праходзілі ва ўкраінскім горадзе Чарнаўцы. Там я заняў першае месца, але асабліва задаволены, што здолеў выдатна адкатаць сваю праграму: зрабіў  нават тыя элементы, што раней не атрымліваліся.

З гэтага года я вучуся ў СШ №4 і пражываю ў інтэрнаце пры школе, а раней амаль пяць гадоў мы з мамай дабіраліся ў Пружаны з Кобрынскага раёна на “папутках”. Цяпер жа ў  мяне з’явіўся маленькі брацік і ездзіць штодня з мамай стала немагчыма, так што цяпер я пружанец і маю больш часу на трэніроўкі.

Вікторыя Дыцэвіч:

— Самыя цікавыя спаборніцтвы былі ў Парыжы. Падчас іх я пабывала ў Дыснэйлэндзе і падымалася на самую верхнюю пляцоўку Эйфелевай вежы!

Мая мара — удзельнічаць у  Алімпіядзе. Але гэта  мара ўсіх спартсменаў, напэўна.

Пакуль у мяне не зусім атрымліваецца скачок «дупель». Але я за лета паспрабую гэты элемент вывучыць!

Ульяна Хадаровіч:

— Галоўная мая ўзнагарода ў гэтым сезоне – гэта трэцяе месца на фінале рэспубліканскіх спаборніцтваў “Зорачка”.

Мне вельмі падабаецца  тое, чым я займаюся, таму на ўсе трэніроўкі хаджу з задавальненнем. Але найбольш чакаю летняга лагера. Трэніроўкі тут незвычайныя, мы выконваем шмат скачкоў, а не катаем праграму. А яшчэ ў гэты час у мяне жывуць мае сяброўкі з Бярозы Віка і Мілана.

Марыя Салдакаева:

— Самая дарагая ўзнагарода — гэта перамога ў фінале «Зорачкі-2016», для мяне гэта дзіцячая душэўная перамога, таму што раней я і марыць не магла аб тым, каб трапіць у фінал і тым больш выйграць яго!

Трэніроўкі для мяне ўсе цікавыя, але менш за ўсё люблю скакаць, скачкі даюцца мне цяжка  (не разумею, для чаго іх прыдумалі :).

Самыя запамінальныя спаборніцтвы былі за мяжой, — у Францыі і Венгрыі. Вельмі спадабаліся самі краіны, але, вядома ж, не абышлося без прыгод, шмат смешных момантаў было ў Францыі, таксама спраўдзілася мая мара: я ўбачыла  Эйфелеву вежу.

А што тычыцца куміраў, то Аляксей Ягудзін — мая любоў  на ўсё жыццё!

На лёд выходзілі   Кацярына ПАШКЕВІЧ і Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *