Суббота, 16 декабря 2017

Пружанские картингисты открыли сезон

619

Сёння ў секцыі па картынгу, якая вось ужо трэці год дзейнічае пры Пружанскім ДТСААФ, займаецца 15 падлеткаў ва ўзросце ад 10 да 15 гадоў. Перш чым прыступіць да навучання віртуознаму пілатаванню, картынгісты ўсю зіму  асвойвалі тэарэтычныя веды: вывучалі канструкцыю машын, правілы дарожнага руху, меры бяспекі.

Сярод хлопчыкаў, якія займаюцца ў секцыі з дня яе адкрыцця, Сяргей Крук, Міша Мацяш. Дарэчы, адзін з самых відовішчных відаў спорту прываблівае не толькі хлапчукоў: сярод картынгістаў са стажам ёсць і дзяўчынка — Сандра Шыш, якая з’яўляецца прызёркай абласных спаборніцтваў.

Паводле слоў кіраўніка секцыі Валерыя Гарахавіцкага, ад жадаючых запісацца ў секцыю няма адбою. Адзін з чарговых  прэтэндэнтаў на месца ў секцыі — дзесяцігадовы Улад Юзяфовіч. Хлопчык, які праяўляе інтарэс да тэхнікі, па прыкладзе сябра вырашыў сесці за руль карта.

Развіццё тэхнічнага віду спорту ў Пружанах падтрымлівае абласная арганізацыйная структура ДТСААФ. Сёння дзятва мае магчымасць займацца на чатырох картах: дзвюх «Хондах-160» і двух «АКУ-89». Чакаецца, што ў хуткім часе дабавіцца яшчэ адзін — спецыяльная хуткасная «Хонда-270». Фінансавая падтрымка адчуваецца і ў забеспячэнні экіпіроўкай: шлемамі, пальчаткамі, набедранікамі, нашыйнікамі, камбінезонамі.

Пружанскія пілоты, нягледзячы на невялікі стаж заняткаў, ужо маюць пэўныя поспехі: большасць картынгістаў здолелі заявіць пра сябе на абласных спаборніцтвах, заняўшы прызавыя месцы.

Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *